27 красавiка 2024, Субота, 4:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Bloomberg: Сі Цзіньпін мог папрасіць Пуціна не ўрывацца ва Украіну падчас Алімпіяды ў Пекіне

13
Bloomberg: Сі Цзіньпін мог папрасіць Пуціна не ўрывацца ва Украіну падчас Алімпіяды ў Пекіне

Кітай не хоча быць уцягнутым у дыпламатычнае супрацьстаянне праз паўночную суседку.

Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін мог папрасіць Уладзіміра Пуціна не ўрывацца ва Украіну падчас зімовай Алімпіяды ў Пекіне, паведамляе Bloomberg са спасылкай на дыпламата ў Пекіне.

Пачатак ваенных дзеянняў падчас Алімпіяды можа ўцягнуць Кітай у дыпламатычнае супрацьстаянне, зазначае агенцтва.

Bloomberg піша, што «апошняе, што трэба Сі Цзіньпіну» – каб Пуцін засланіў Алімпійскія гульні развязваннем крызісу ў Еўропе. Агенцтва адзначае, што кітайскі лідар імкнецца ўмацаваць свой аўтарытэт унутры краіны напярэдадні магчымага трэцяга тэрміну на пасадзе старшыні КНР.

Міністэрства замежных справаў Кітая падкрэсліла важнасць захавання традыцыйнай рэзалюцыі ААН аб перамір'і, якое павінна пачацца за тыдзень да Алімпійскіх гульняў і скончыцца праз тыдзень пасля Паралімпійскіх гульняў.

Алімпіяда ў Пекіне пачнецца 4 лютага і скончыцца 20 лютага, Паралімпіяда пройдзе з 4 да 13 сакавіка. Такім чынам, традыцыйнае перамір'е павінна доўжыцца з 28 студзеня да 20 сакавіка. Bloomberg са спасылкай на ваенных аналітыкаў піша, што да моманту заканчэння перамір'я ва Украіне пачнецца адліга, якая павінна перашкодзіць хуткаму расейскаму ўварванню.

Два суразмоўцы агенцтва, знаёмыя з нядаўнімі заходнімі ацэнкамі, сцвярджаюць, што Расея замест поўнамаштабных ваенных дзеянняў можа пачаць «абмежаванае» ўварванне ў сярэдзіне лютага, якое будзе суправаджацца кібератакамі і спробамі дэстабілізаваць сітуацыю ва Украіне.

Bloomberg таксама адзначае, што Масква не пачне ўварванне да атрымання адказаў на прапановы гарантый бяспекі. Пасля сустрэчы Дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена з міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым прадстаўнікі абодвух бакоў паведамілі, што Вашынгтон плануе даць адказ на наступным тыдні.

Старшыня КНР Сі Цзіньпін запрасіў Пуціна на Алімпіяду ў Пекіне, расейскі прэзідэнт паведамляў, што плануе наведаць цырымонію адкрыцця, якая адбудзецца 4 лютага.

Паводле звестак заходніх СМІ, Расея перакінула да мяжы з Украінай больш за 100 тысячаў вайскоўцаў, у Белым доме сцвярджалі, што Масква ў любы момант можа выкарыстоўваць правакацыю для апраўдання пачатку ваенных дзеянняў.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках