26 красавiка 2024, Пятніца, 23:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зянон Пазняк: Беларускае войска павінна пераходзіць на бок украінцаў

104
Зянон Пазняк: Беларускае войска павінна пераходзіць на бок украінцаў
ЗЯНОН ПАЗНЯК

Палітык таксама заклікаў арыштоўваць расейскіх афіцэраў.

Лідар КХП-БНФ Зянон Пазняк мяркуе, што цяпер адбываецца акупацыя Беларусі са згоды сатрапа. Што рабіць беларусам, каб не стаць часткай новай Расейскай Імперыі? Ці атакуе Пуцін Украіну і як паводзіць сябе беларусам, калі гэта адбудзецца?

- Расейскія войскі вылецелі з Казахстана. У той жа час Лукашэнка запрасіў расейцаў на беларускую зямлю. Тэхніка ўжо прыязджае. Навошта Лукашэнку гэтыя вучэнні з расейцамі? Гэта, хутчэй, асабістыя інтарэсы, «рэферэндум» ці звязана з планамі Пуціна агрэсіі і прэсінгу на Украіну?

- Адбываецца акупацыя Беларусі. Такім жа чынам, як акупавалі Прыбалтыку. Нават паводле іх законаў, якіх яны не выконваюць, не прапісаны такія вучэнні. Яны адбываюцца раз на два гады.

- Гэта незапланаваныя.

- Што значыць непланаваныя? Захацелі - зрабілі.

- Зразумела, але вучэнні "Захад" робяць раз на чатыры гады і яны толькі што былі ўвосень і зараз зноў.

- Так, толькі што былі, гэта адно. Другое. Перакінута вялікая колькасць тэхнікі і войска. Больш за 13 тысяч з двух бакоў не павінна быць. А тут ужо дзясяткі тысяч з тэхнікай, якую перавозяць з Далёкага Усходу. Займаюць пазіцыі вакол украінскай мяжы, нават не на палігонах. У Рэчыцы няма палігона, а там войска стаіць. Ліда, Гародня - канцэнтрацыя танкаў. Адбываецца такая ціхая акупацыя са згоды сатрапа. Лукашэнка прымае незаконныя пастановы, бо робіць тое, што хоча. Гэта не ягоныя пастановы, яго прымусілі гэта зрабіць. Ён вымушаны гэта зрабіць, бо цалкам залежым ад Расеі і Пуціна.

- Крэмль увесь час так дзейнічае, каб усе ламалі галаву і не разумелі, што адбываецца. Прыязджае шэф ЦРУ ў Маскву, каб зразумець, што адбываецца. Яны разумеюць, што гэта ўсё сур'ёзна, папярэджваюць Зяленскага. Але такое ўражанне, што ў Кіеве не ўсе разумеюць сур'ёзнасці, Уладзімір Зяленскі не разумее сур'ёзнасці намераў Пуціна.

- Калі сініца сказала, што спаліць мора, то яна павінна альбо спаліць мора, альбо схавацца. Тут пытанне: ён будзе паліць мора ці схаваецца? Ён паставіў сябе ў становішча, што павінен неяк дзейнічаць. Разумна рыхтавацца да самага небяспечнага. Можа здарыцца правакацыя і адбыцца поўнамаштабная вайна. Нават калі на гэта не разлічваў Пуцін. Беларусам трэба разумець, што ідзе акупацыя краіны. Ніхто не мае права без нашай згоды ўводзіць войскі, танкі, тэхніку. Усё гэтае войска размясцілася вакол украінскай мяжы і пад Горадняй. Лукашэнка - здраднік, чалавек, які здрадзіў нацыянальным інтарэсам. Гэта не мяняе сітуацыі, што адбываецца акупацыя.

Як сябе ў гэтай сітуацыі паводзіць? Наша войска, калі пачнецца канфлікт, не павінна страляць па ўкраінцах. Павінны стварыць салдацкія камітэты. Цэлымі батальёнамі трэба пераходзіць на бок украінцаў. Гэта вайна за нашае выжыванне, існаванне нацыі. Не можа беларус страляць ва ўкраінца, бо так захацелі два вар'яты. Найгоршы варыянт, калі яны гэта пачнуць, мы павінны рыхтавацца да партызанскай барацьбы, барацьбы з акупантамі. Толькі барацьба дасць нам магчымасць выстаяць і абараніць нашу краіну. У 90-х гадах у Беларусі было беларускае вызвольнае войска. Правяло некалькі акцый і спыніла, бо тады не было сэнсу. Цяпер трэба, каб гэта аднавілася.

- Большасць з тых, хто мог бы гэта зрабіць, - за мяжой альбо за кратамі. Ці ёсць у беларускім грамадстве сілы і рэзерв на тое, каб узброена супраціўляцца не рэжыму Лукашэнкі, а войску Пуціна?

- Я перакананы, што беларусы не хочуць ваяваць супраць Украіны.

- Гэта не наша вайна.

- Гэта самы блізкі да нас народ. Мы былі разам, гэта дзікасць. Для кожнага беларуса, нават для ябацькі гэта будзе ненармальнасць. Такі настрой, калі беларусаў пагоняць... Я думаю, яны на гэтым страцяць. Трэба быць гатовым да вельмі жорсткай пазіцыі, да абароны дзяржавы узброеным шляхам, партызанскім метадам. У нас няма магчымасці супрацьстаяць расейскаму войску адкрыта, у нас няма войска. Нашае войска павінна пераходзіць на бок украінцаў альбо арыштоўваць расейскіх афіцэраў, якіх прызначыў Лукашэнка, і ўступаць у барацьбу за сваю краіну супраць акупантаў, - сказаў Зянон Пазняк.

Напісаць каментар 104

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках