27 красавiка 2024, Субота, 2:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Нямеччыне невядомыя з дронаў спрабавалі віжаваць за трэнінгамі ўкраінскіх вайскоўцаў

11
У Нямеччыне невядомыя з дронаў спрабавалі віжаваць за трэнінгамі ўкраінскіх вайскоўцаў

Каля палігона бундэсвера было зафіксавана не менш як 12 дронаў.

У Нямеччыне за вайсковым палігонам Вільдфлекен (Wildflecken), на якім трэнуюць украінскіх вайскоўцаў, спрабавалі віжаваць пры дапамозе дронаў. Пра гэта паведамляе ў нядзелю, 2 кастрычніка, выданне Business Insider (пераклад - dw.com).

Паводле яго звестак, дроны былі заўважаныя ўночы 1 кастрычніка. Гэтую інфармацыю пацвердзіла міністэрства абароны ў адказ на запыт партала. У міністэрстве паведамілі, што пасля выяўлення беспілотнікаў паблізу ад палігона, на мяжы федэральных зямель Баварыя і Гесэн, праводзілася паліцыйная аперацыя. «Паліцыя была неадкладна паінфармаваная, пасля чаго яна распачала следчыя захады. Яны працягваюцца», - адзначылі ў Мінабароны Нямеччыны.

Як паведамляе Business Insider са спасылкай на крыніцы, ля палігона было зафіксавана не менш за 12 дронаў. «На пытанне аб тым, хто стаіць за гэтымі дзеяннямі, у міністэрстве не адказалі. Аднак у кулуарах кажуць, што іх магла праводзіць Расея», - піша выданне.

Украінскіх вайскоўцаў навучаюць выкарыстанню гаўбіц і панцырнай тэхнікі

На тэрыторыі палігона бундэсвера Вільдфлекен украінскія вайскоўцы праходзяць навучанне на панцырных транспарцёрах Dingo, гаворыцца ў публікацыі Business Insider. Нямеччына паабяцала даць Кіеву 50 такіх машын.

Нямеччына таксама навучае ўкраінскіх вайскоўцаў абыходжанню з самаходнымі артылерыйскімі ўстаноўкамі PzH 2000. Як паведамляла міністэрства абароны краіны, падрыхтоўка праводзіцца на адным з найбольш сучасных артылерыйскіх комплексаў у зямлі Райнланд-Пфальц. На палігоне бундэсвера ў зямлі Шлезвіг-Гальштайн украінскія жаўнеры праходзяць навучанне выкарыстанню зенітных самаходных установак (ЗСУ) Gepard.

У жніўні штотыднёвік Der Spiegel паведаміў, што расейскія спецыяльныя службы віжавалі ў Нямеччыне за працэсам навучання ўкраінскіх вайскоўцаў карыстанню заходнімі сістэмамі ўзбраенняў. Паводле нямецкай службы вайсковай контрвыведкі MAD, расейскія агенты сачылі за падрыхтоўкай украінцаў паблізу места Ідар-Обэрштайна ў федэральнай зямлі Райнланд-Пфальц, а таксама каля места Графэнвэра ў Баварыі.

Паводле звестак выдання назіранне за дарогамі, якія вялі да абодвух вайсковых аб'ектаў, вялося з аўтамабіляў. Акрамя таго, над навучальнымі цэнтрамі некалькі разоў праляталі невялікія беспілотныя лятальныя апараты, якія здымалі падрыхтоўку ўкраінскіх жаўнераў.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках