У Рэчыцы пасажыр да смерці збіў таксіста за забарону піць піва ў салоне
28- 12.12.2022, 21:42
- 27,158
Што пастанавіў суд.
Суд Рэчыцкага раёна вынес прысуд мужчыну, які да смерці збіў таксіста за забарону піць піва ў салоне. Ён атрымаў 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама павінен будзе выплаціць родзічам загінулага кампенсацыю. Пра гэта паведамляе прэсавая служба суда.
У матэрыялах справы гаворыцца, што абвінавачаны «быўшы ў стане алкагольнага ап'янення, дзейнічаючы з хуліганскіх памкненняў, груба парушаючы грамадскі парадак і выказваючы відавочную непавагу да грамадства, наўмысна, беспадстаўна для пацярпелага, дзейнічаючы з асаблівай жорсткасцю, збіў яго рукамі і нагамі па галаве ды іншых частках цела».
Ад атрыманых траўмаў кіроўца таксі памёр у шпіталі.
Выракам суда абвінавачаны быў прызнаны вінаватым у наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання, учыненым з хуліганскіх памкненняў, што прычынілася з неасцярожнасці да смерці пацярпелага. Яму прызначылі пакаранне ў выглядзе 10 гадоў папраўчай калоніі ў варунках узмоцненага рэжыму.
Ён таксама павінен будзе выплаціць грашовую кампенсацыю маральнай шкоды родзічам загінулага на суму 38 тысяч рублёў.
Прысуд у законнае дзеянне не ўвайшоў, можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.
Як паведамлялі рэгіянальныя СМІ, інцыдэнт адбыўся ўночы з 21 на 22 жніўня гэтага года. 52-гадовы кіроўца таксі забараніў 23-гадоваму пасажыру і дзвюм ягоным сяброўкам піць піва ў салоне легкавіка. Раз'юшаны пасажыр збіў кіроўцу. Адзначалася, што маладзён быў даўней неаднаразова суджаны, у тым ліку за прычыненне цялесных пашкоджанняў.