27 красавiка 2024, Субота, 1:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жонка Алеся Бяляцкага сустрэлася з мужам і расказала пра ягоную рэакцыю на Нобэлеўскую прэмію міру

Жонка Алеся Бяляцкага сустрэлася з мужам і расказала пра ягоную рэакцыю на Нобэлеўскую прэмію міру

Гэтая ўзнагарода дае надзею ўсім палітвязням.

Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі знаходзіцца ў СІЗА-1 ужо сямнаццаць месяцаў. Там жа праваабаронца даведаўся, што ён стаў лаўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру. Але на цырымонію ўручэння ён патрапіць не зможа - крымінальная справа супраць яго і іншых «вясноўцаў» накіраваная ў суд. У Беларусі Нобэлеўскаму лаўрэату пагражае ад 7 да 12 гадоў пазбаўлення волі за праваабарончую дзейнасць. Наталля Пінчук, жонка Алеся Бяляцкага, распавяла «Вясне», як яна ўспрыняла навіну пра прэмію і як — сам Алесь, падзялілася меркаваннем, ці паўплывае прэмія на ягоную сітуацыю і як зараз пачуваецца Алесь.

«Не было ніякіх чаканняў»

7 кастрычніка 2022 года стала вядома, што палітвязень старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, украінскі «Цэнтр Грамадзянскіх Свабод» і расейская праваабарончая арганізацыя «Мемарыял» сталі лаўрэатамі Нобэлеўскай прэміі міру. Наталля кажа, што зараз гэта было зусім нечакана, бо праваабаронцу вылучалі на прэмію ўжо пяць разоў:

«Гэта была ашаламляльная навіна, але пры ўсіх супярэчлівых пачуццях - прыемная і радасная. Цяпер, у адрозненне ад папярэдніх разоў вылучэння Алеся на прэмію ў ранейшыя гады, не было ніякіх чаканняў, паколькі пра яго намінаванне ніхто не ведаў і не казаў.

Калі ў папярэдні раз Алесь быў у зняволенні [2011-2014 гады], то да яго і іншых палітвязняў таго часу была пільная ўвага ў свеце, але цяпер такой увагі не адчувалася. Я тлумачыла гэта тым, што за кратамі зараз утрымліваецца незлічоная колькасць людзей, і ўвагу трэба размяркоўваць паміж імі ўсімі. І гэта зацішша сфармавала ў мяне думку, што пра Алеся ўвогуле забыліся, а пра прэмію такога ўзроўню нават і думак не было. Мы зараз жывём у змрочныя часы, у якія людзі закінутыя ў турмы і павінны выжываць, як могуць, таму і разлічваць на нешта большае не даводзілася».

«Гэта ўзнагарода для тых беларусаў, у якіх ёсць спадзяванні на свабоду і волю»

Наталля перакананая, што пастанова Нобэлеўскага камітэта стала падтрымкай для многіх беларусаў і беларусак, якія працягваюць барацьбу за свабоду:

«Я думаю, што гэта ўзнагарода для тых беларусаў, якія паказалі сябе сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны, якія маюць надзеі на свабоду і волю. Гэтая прэмія - арыенцір для іх. Я думаю, што беларусы ўспрынялі гэтую навіну радасна і з надзеяй».

«За адно-два «лішнія» словы ліст можа быць проста выкінуты цэнзарам у смецце»

Пасля навіны аб атрыманні прэміі за два месяцы з СІЗА-1 прыходзілі лісты ад Алеся, але сярод іх не было ніводнага, дзе ён неяк выказваўся б пра прэмію:

«На спатканні відаць было, што для яго гэта таксама была вельмі нечаканая, але радасная навіна, і ён дагэтуль не можа ачомацца. Ён моцна ўражаны гэтай навіной».

Падрабязнай інфармацыі аб тым, у якіх умовах утрымліваецца Алесь Бяляцкі, таксама няма. У канцы жніўня праваабаронцам стала вядома, што старшыню Праваабарончага цэнтру ўтрымліваюць у так званым «спецкарыдоры» - паўпадвальным памяшканні з дрэннымі ўмовамі.

«Вядома толькі, што ён зараз утрымліваецца там жа, дзе і раней. Больш нічога невядома. Наколькі я зразумела за гэты час, яму ўвогуле забараняюць распавядаць пра ўмовы ўтрымання, пра тое, як ідзе следства, выказвацца пра сучасную палітычную сітуацыю і іншае. Ад іншых палітвязняў пра гэта часам можна даведацца. Яго ж лісты ачышчаныя ад усяго, паколькі, умоўна, за адно-два «лішнія» словы ліст можа быць проста выкінуты цэнзарам у сметніцу. Але нават і пры гэтым не ўсе лісты выпускаюць на волю. Такое ўражанне, што проста выкідваюць ці цотныя, ці няцотныя».

«Умовы ўтрымання ў нашых турмах прыводзяць да пагаршэння здароўя ўсіх, хто там знаходзіцца»

Наталля адзначае, што Алесь выглядае спакойным, але ўсё адно выказвае хваляванне і ўстурбаванасць за ягонае здароўе:

«Ён трымаецца, але ўсё адно бачна, што здароўе пагаршаецца. Гэта вялікая праблема не толькі для Алеся, але і для ўсіх вязняў. Даводзіцца канстатаваць, што ўмовы ўтрымання ў нашых турмах прыводзяць да пагаршэння здароўя ўсіх, хто там знаходзіцца. Ці выводзяць зняволеных на свежае паветра, ці адбываецца гэта рэгулярна, цяжка сказаць. Я толькі адзін раз за ўвесь час пра гэта прачытала ў ягоным лісце.

Алесь рэдка паказвае, што нешта здараецца дрэннае. Таму яго аповед пра сябе даволі кароткі і не заўсёды канкрэтны. І мне ўсю інфармацыю даводзілася здабываць праз ускосныя пытанні да яго. Гэта было першае спатканне за паўтара гады. Я рада была яго бачыць, мы радыя былі бачыць адзін аднаго».

«Гэта павінна даваць надзею тым, хто ўтрымліваецца ў турмах»

28 лістапада стала вядома, што Генеральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу супраць Алеся Бяляцкага, ягонага намесніка Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміра Лабковіча. Гэта стала вядома з прэс-рэлізу Генеральнай пракуратуры. На жаль, падобныя прэс-рэлізы з'яўляюцца адзінай крыніцай інфармацыі аб ходзе «справы Вясны» для родных і калег зняволеных праваабаронцаў. Дата суда пакуль невядомая.

«Цяжка сказаць, будзе адкрытым ці закрытым гэты суд. Паколькі сітуацыя непрадказальная, як паказвае досвед іншых палітвязняў»

Са слоў Наталлі, калі прысуджэнне прэміі наўпрост не зменіць сітуацыю Алеся Бяляцкага і іншых палітвязняў праваабаронцаў, то яна стане вялікай надзеяй і падтрымкай для ўсіх палітычных зняволеных Беларусі:

«Ці паўплывае нейкім чынам прысуджэнне прэміі на сітуацыю з Алесем, сказаць цяжка. Як бачыце, заканчэнне справы адбылося ўжо пасля ўсіх гэтых падзей. Улады даюць знак, што нічога не мяняецца. Спадзявацца на штосьці станоўчае не даводзіцца. Адзінае, што важна ў гэтай прэміі, - што Беларусь гучыць. Гэтая прэмія - знак таго, што пра беларусаў не забыліся, і гэта істотна важна. Гэта павінна ў нейкай ступені даваць надзею тым, хто трымаецца ў турмах».

Нагадаем, раніцай 14 ліпеня 2021 года да Алеся Бяляцкага, Уладзіміра Лабковіча, Валянціна Стэфановіча і іншых «вясноўцаў» з ператрусамі прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў. Неўзабаве праваабаронцам выставілі абвінавачанні паводле ч. 2 арт. 243 КК і змясцілі пад варту. Праз год абвінавачанні змянілі на больш жорсткія. Цяпер іх абвінавачваюць у кантрабандзе (незаконным перамяшчэнні праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага звязу ў буйным памеры гатовых грашовых сродкаў арганізаванай групай) паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, паводе ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Справу накіравалі ў суд, але дата разгляду пакуль не прызначаная. Праваабаронцам «Вясны» пагражае ад 7 да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Падтрымайце палітвязняў «вясноўцаў» можна на адрасе: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках