Беларускі гандбаліст Каралёк пяройдзе ў найлепшы клуб свету
3- 26.12.2022, 21:26
- 6,604
Ён падтрымаў беларускі народ і выступіў супраць вайны.
Паводле інфармацыі «Белсата», 26-гадовы лінейны Арцём Каралёк, які падтрымаў беларускі народ і выступіў супраць вайны, улетку пяройдзе ў найлепшы клуб свету ў гандболе - гішпанскую Барсэлону. Кантракт пакуль не падпісалі, але папярэдніх дамоўленасцяў ужо дасягнулі.
Арцём Каралёк выступае ў польскім клубе Łomża Vive ужо пяць гадоў і здабыў з гэтай камандай усё, што можна было: Лігу чэмпіёнаў, чэмпіянат і Кубак Польшчы. І хоць Каралёк мае кантракт да 2025 года, ён хоча змяніць асяроддзе. Цяпер для гэтага найлепшы час. У польскага клуба могуць пачацца фінансавыя праблемы: са студзеня 2023 года Кельце траціць фундатарства з кампаніяй Van Pur, уладальнікам піваварнага брэнда Łomża. Кантракт, укладзены ўлетку 2020-га на 4 гады, скасаваны з ініцыятывы фундатара. Цяпер чэмпіёну Польшчы трэба шукаць грошы на другую палову гэтага сэзона і на наступны.
У Barcelona Каралёк мае змяніць француза Людовіка Фабрэгаса, які ўлетку ідзе ў вугорскі Veszprém.
«Я ўважаю гэта за абсалютную норму. У спорце заўсёды так: сёння я тут, а заўтра ўжо ў іншым месцы. Мы ўсе прафесіяналы і жадаем найлепшага сабе і сваім сем'ям. Barcelona, Kiel, Veszprém - найлепшыя каманды свету, усе хочуць перайсці ў гэтыя клубы. Ніхто не можа адабраць у гульца мару перайсці ў вялікі клуб», - так пераход Каролька ў Barcelona пракаментаваў галоўны трэнер Талант Дуйшабаеў у інтэрв'ю.
Арцём Каралёк яшчэ ў жніўні 2020 года выступіў супраць гвалту карнікаў і называў тое, што адбываецца ў Беларусі, ненармальным і супрацьзаконным. У сваіх сацыяльных сетках выкладаў здымкі з бел-чырвона-белым сцягам і Пагоняй, падтрымаў Алену Леўчанку і выставіў сваю гульнявую футболку на аўкцыён, грошы за якую перадаў Беларускаму фонду спартовай салідарнасці. А пазней выказаўся супраць вайны.

Нагадаем, што на пачатку гэтага сезона Łomża Vive пакінуў яшчэ адзін беларус, які падтрымліваў беларускі народ: Уладзіслаў Кулеш цяпер выступае за нямецкі Burgdorf.
Каралёк стане другім беларусам, які будзе выступаць у Barcelona. З 2009 да 2015 год за каталонскі клуб выступала зорка нашага гандбола Сяргей Рутэнка. У свой час напаўсярэдні быў нават самым дарагім гульцом клуба. Гульнявую кар'еру Рутэнка скончыў у 2016-м і заняўся продажам угнаенняў, а ў 2020-м публічна падтрымліваў карнікаў, падпісаў праўладны ліст. Таксама ўвесь час Рутэнка быў на баку Расеі. Цяпер ён узначальвае Беларускую федэрацыю тэніса.
Пасля нападу Расеі на Украіну каманды Беларусі і Расеі, а таксама клубы з іх краін атрымалі забарону і не могуць выступаць у афіцыйных міжнародных спаборніцтвах. У выніку гэтыя дзве краіны ствараюць супольныя і ладзяць таварыскія гульні, як гэта будзе 5-6 студзеня, калі Расея і Беларусь згуляюць у Маскве.
Пры гэтым Каралёк далей гуляе за каманду Беларусі. У інтэрв'ю zerkalo.io ён адзначыў:
«Я гуляю не за ўладу, а рэпрэзэнтую краіну, беларусаў, партнёраў з каманды, сябе. Калі выходжу на пляцоўку, то думаю пра бацькоў, сваю дзяўчыну, заўзятараў, якія глядзяць на мяне ў гэты момант і хвалююцца».
Пераехаць у еўрапейскі клуб, каб не страціць кар'еру, - адзіны шанец для беларускага гандбаліста. Адразу тры беларусы выступаюць у групавым этапе Лігі чэмпіёнаў. Акрамя Каралька, гэта Мікіта Вайлупаў, які ўлетку перайшоў з «Мяшкова» (Берасце) ў вугорскі Veszprém, і лінейны Вячаслаў Бохан, які таксама ўлетку змяніў менскі СКА на бухарэсцкае «Дынама».