8 траўня 2024, Серада, 18:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці сапраўды чалавек мае есці тры разы на дзень?

23
Ці сапраўды чалавек мае есці тры разы на дзень?

Вось што гаворыць аб гэтым сучасная навука.

Цяпер даследнікі актыўна вывучаюць перарывістае галаданне – схему, паводле якой чалавек есць толькі ў прамежку васьмі гадзін на дзень. Ёсць падставы меркаваць, што схема харчавання, пры якой чалавек больш за палову дня праводзіць без ежы, дае магчымасць адпачыць нашай стрававальнай сістэме, піша ВВС.

Але калі такая практыка сапраўды карысная для здароўя, колькі ж разоў на дзень трэба харчавацца ў ідэале?

Некаторыя эксперты мяркуюць, што лепш есці толькі раз на дзень. Гэта тая схема харчавання, якой чалавецтва пільнавалася на працягу тысячагоддзяў. Напрыклад, старажытныя рымляне спажывалі ежу толькі раз на дзень, у сярэдзіне дня.

Цяпер мы сілкуемся часцей, але, магчыма, гэта больш злучана не з ідэальнымі патрабаваннямі нашага арганізма, а з даступнасцю ежы. Мы маем лядоўні ды крамы - старажытныя рымляне такога не мелі.

І, вядома, вы не будзеце пакутаваць ад голаду, калі пяройдзеце на такую схему, бо пачуццё голаду - гэта толькі псіхалагічнае адчуванне, звязанае з тым, што надышоў звыклы час ядзення.

Але такі варыянт харчавання дакладна не пасуе людзям з дыябетам. Больш за тое, калі ёсць толькі раз на дзень, гэта можа спрыяць скачкам узроўню глюкозы ў крыві. Высокі ўзровень глюкозы ў крыві, звязаны з адсутнасцю ежы - чыннік рызыкі цукровага дыябету другога тыпу.

Вось чаму лепш усё ж такі есці два або тры разы на дзень, прычым большую частку калорый варта спажываць не ўвечары, а ўдзень. Навукоўцы звязваюць звычку занадта шмат есці проці ночы з развіццём кардыяметабалічных хвароб - такіх, напрыклад, як дыябет або хваробы сэрца.

Але есці занадта рана раніцай таксама не варта, лепш даць стрававальнай сістэме крыху больш часу, каб адпачыць. Больш за тое, як толькі мы прачынаемся, у нашым арганізме ўсё яшчэ занадта высокі ўзровень мелатаніну, і калі спажываць тым часам ежу, мы атрымаем сапраўды высокі ўзровень глюкозы ў крыві. Таму, паводле некаторых даследаванняў, лепш за ўсё гадзіну або дзве пасля абуджэння пазаймацца чымсьці, і толькі пасля гэтага снедаць.

Такім чынам, вось што мы маем: лепш за ўсё есці два альбо тры разы на дзень, даваць стрававальнай сістэме дастаткова часу, каб адпачыць уночы, не есці занадта рана раніцай і занадта позна ўвечары.

Але якія б змены ў рэжыме Вы ні рабілі, самае важнае - гэта сталасць, бо наша цела абвыкае да рэжыму харчавання. Арганізм збірае інфармацыю аб тым, якую ежу і калі мы ўжываем, і прыстасоўваецца да такога рытму.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках