27 красавiка 2024, Субота, 0:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы здолелі вырасціць зеляніну ў месяцовым грунце

6
Навукоўцы здолелі вырасціць зеляніну ў месяцовым грунце

Гэта можа быць карысна не толькі для астранаўтаў.

Навукоўцы ўпершыню вырасцілі зеляніну ў месяцовым грунце. Удалы эксперымент з'яўляецца важным крокам да таго, каб зрабіць доўгатэрміновае знаходжанне на Месяцы магчымым для чалавека і ў аддаленай будучыні развязаць праблему дэфіцыту харчавання на Зямлі, паведамляе ВВС.

Даследчыкі ўзялі ўзоры пылу, сабранага падчас місій «Апалон» у 1969-1972 гадах, і пасадзілі ў яго насенне крэс-салата. На іх вялікае здзіўленне, насенне прарасло ўжо праз два дні.

«Не магу перадаць, наколькі мы былі здзіўленыя», - сказала Ганна-Ліза Пол, прафесарка Універсітэта Фларыды, суаўтарка даследавання.

Расліны ў месяцовым узоры і звычайнай глебе выглядалі аднолькава прыкладна да шостага дня. Пасля гэтага з'явіліся адрозненні. Расліны ў месяцовай глебе пачалі адчуваць стрэс, павольней развіваліся і ў канчатковым выніку адставалі ў росце ад сваіх зямных субратаў.

Але навукоўцы гавораць, што гэта ўсё адно прарыў, які мае прыкладное значэнне.

«Гэта даследаванне мае вызначальнае значэнне для доўгатэрміновых мэт НАСА, бо нам трэба будзе выкарыстоўваць рэсурсы, знойдзеныя на Месяцы і Марсе, для асваення крыніц ежы для будучых астранаўтаў, якія будуць жыць і працаваць у далёкім космасе», - сказаў кіраўнік НАСА Біл Нэльсан.

Тое, што насенне ў месяцовым грунце расце павольней, - важнае адкрыццё не толькі з пункту гледжання даследавання космасу, кажа Нэльсан.

«НАСА працуе над укараненнем сельскагаспадарчых інавацый, якія могуць дапамагчы нам зразумець, як расліны пераадольваюць стрэсавыя ўмовы ў раёнах з дэфіцытам сілкавання тут, на Зямлі» – тлумачыць кіраўнік НАСА.

Адна з праблем для даследнікаў палягае ў тым, што колькасць месяцовага грунту на Зямлі вельмі абмежаваная. За трохгадовы перыяд, з 1969 года, астранаўты НАСА прывезлі з месяцовай паверхні 382 кг месяцовых парод - галькі, пяску, пылу, а таксама кернаў - проб грунту, атрыманых шляхам свідравання.

Каманда навукоўцаў з Універсітэта Фларыды атрымала для эксперыменту ўсяго 1 г глебы на адну расліну з узораў, якія дзясяцігоддзямі захоўваліся пад замком.

НАСА плануе пілатаваны палёт на Месяц на 2025 год. Калі ўсё пройдзе паспяхова, гэта будзе першая высадка чалавека на Месяц з 1972 года.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках