Праз паводку глыбіня затаплення ў Гомельскай вобласці перавышае 2 метры, і гэта не мяжа
4- 2.05.2022, 16:22
- 17,902
Яшчэ адна бяда прыйшла з РФ.
Гомельская вобласць працягвае пакутаваць ад паводкі. Паводле звестак на 2 траўня, за мінулыя дні ўзровень вады ў рацэ Сож ля горада Гомель павысіўся на 12 сантыметраў і складае 569 см. Глыбіня затаплення пойменных зямель — ад 21 да 239 см, паведамляе Таварыства ратавання на водах Гомельскай вобласці са спасылкай на звесткі Белгідрамета.

У той жа час, паводле звестак у дзённай зводцы МНС, выяўлены падтапленні ў Гомельскім, Добрушскім раёнах і ў самым абласным цэнтры (падтопленыя 22 падворкі, 3 гаспадарчыя пабудовы, 1 участак дарогі). Адзначаецца, што эвакуацыя жыхароў падтопленых падворкаў пакуль не патрабуецца, піша «Флагшток».

Паводка прынесла шмат праблем. Акрамя таго, што затоплены палі і агароды, праз чаго пакуль немагчыма пачаць веснавыя палявыя работы, вада прыйшла ў многія дамы ў Добрушы: псуецца бытавая тэхніка, мэбля, падлогі. А па некаторых вуліцах у райцэнтры даводзіцца перамяшчацца на лодках.

Тым часам у Гомелі поўнасцю сышоў пад ваду гарадскі пляж. Традыцыйна падтопленыя вуліцы Палявая і Лугавая, баяцца падтапленняў і ў гомельскім мікрараёне «Манастырак».
Чакаецца, што пік разводдзя ўжо вось-вось наступіць, але ўзровень вады яшчэ крыху паднімецца, а затым пачне спадаць.
Цяперашнюю паводку можна назваць анамальнай. Звычайна на Палессі больш за ўсё разлівалася Прыпяць - у тым ліку праз прытокі, якія прыносяць ваду з Украіны. Аднак сёлета бяда прыйшла з Расеі: паводле інфармацыі гідролагаў, прычынай затапленняў стала другая паводка — на ўсход Беларусі прыйшлі воды з вярхоўя расейскіх рэк, гэта супала з праліўнымі дажджамі, якія не спыняліся на працягу месяца. Норма ападкаў была перавышаная ўтрая, паведамляў тэлеканал СТВ.
Вялікая вада з Расеі затапіла менавіта Гомельскую вобласць - там, дзе нядаўна стаялі (і часткова працягваюць заставацца) расейскія войскі, атакуючы Украіну.
Дарэчы, яшчэ мацней ад паводкі пакутавала суседняя Бранская вобласць РФ - там павышэнне ўзроўню вады ў рэках прывяло да затаплення больш за 700 прысядзібных участкаў і 56 жылых дамоў, а таксама шасці ўчасткаў аўтадарог.


