5 лiпеня 2022, aўторак, 18:22
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Сталі вядомыя падрабязнасці трагедыі ў Ратамцы, дзе сям'я патрапіла пад цягнік

5
Сталі вядомыя падрабязнасці трагедыі ў Ратамцы, дзе сям'я патрапіла пад цягнік

Жанчына была цяжарная.

У панядзелак блізу 22-й у Менскім раёне адбылася трагедыя: на прыпынку "Ратамка" цягнік "Менск – Віцебск" збіў сям'ю – бацькоў і гадавалага малога. Усе яны загінулі. Паводле словаў жыхароў аграгарадка, у той вечар сям'я планавала дабрацца ў Менск, а адтуль – у Пінск, піша zerkalo.io.

Мясцовыя жыхары расказваюць, што сям'я жыла ў трохпавярхоўцы на вуліцы Рачной. У іх сваяка ў хаце была сацыяльная "аднапакаёўка", і прыкладна год таму маладыя бацькі з малым сюды пераехалі.

Суседзі кажуць, сям'я жыла вельмі сціпла, "можна сказаць, нават бедна". Мужчыну было 32 гады, ягонай жонцы – 22, дзіця – гадавалае. Жонка была цяжарная, "жывот быў моцна заўважны".

– Сказаць пра іх шмат я не магу, яны людзі не таварыскія. Дзяўчына выходзіла на вуліцу нячаста. Не заўважала, каб яна з кімсьці з матуляў асабліва віталася, – дзеліцца назіраннямі адна з мясцовых жыхарак, якая жыве побач. – Звычайна, калі сустракалі яе на вуліцы, яна ішла з мужам і вазочкам.

Мужчына, прадаўжае суразмоўца, працаваў ці ў Менску, ці ў Маладзечне.

– Казалі, быццам бы быў дворнікам, – расказвае суразмоўца.

Паводле ейных словаў, у панядзелак у раёне 20.30 сям'я з рэчамі накіравалася ў бок электрычкі.

– Да прыпынку ад нас недалёка: хвілінаў 20 пешшу, але рэчаў у іх было шмат, таму ў двары іх падабрала машына. Не ведаю, хтосьці іх падвёз ці гэта быў Uber, – прадаўжае яна.

З той інфармацыі, якая ёсць у суседзяў, маладыя людзі пасварыліся з дзядзькам і збіраліся ў Пінск.

– Недзе там у мужчыны ёсць домік, – расказвае суразмоўца. – Прыкладна на пачатку дзясятай яны вярнуліся, можа, нешта забыліся, а потым зноў спяшаліся ў бок прыпынку.

У 21.54 з Ратамкі ідзе электрычка на Менск. Магчыма, мяркуюць мясцовыя жыхары, на яе пара і спяшалася, каб дабрацца да Менска, а адтуль у Пінск.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».