3 снежня 2022, Субота, 22:10
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Bild: Ударам па авіябазе «Сакі» разбураны міф Крамля пра «непрыступнасць» Крыма

3
Bild: Ударам па авіябазе «Сакі» разбураны міф Крамля пра «непрыступнасць» Крыма

Украіна здольная нацэліцца на любы пункт паўвострава і не толькі.

Са знішчэннем расейскай ваеннай авіятэхнікі на аэрадроме «Сакі» каля Навафёдараўкі развянчаны і міф кіраўніка РФ Уладзіміра Пуціна пра непрыступнасць акупаванага ў 2014 годзе Крыма. Стала відавочна, што Украіна здольная нацэліцца на любы пункт паўвострава і нанесці ўдар па ваенных аб'ектах ворага на любой захопленай сваёй тэрыторыі.

Пра гэта піша Bild.

Адзначым, што ўкраінскія ўлады і ваеннае камандаванне афіцыйна не пацвердзілі, што УСУ могуць мець дачыненне да выбухаў 9 жніўня. Тым не менш выданне паказвае на прэцэдэнтнасць такога выпадку, падкрэсліваючы чарговую паразу для Крамля.

«"Авіяцыйная тэхніка на аэрадроме не пашкоджаная", – такая была неймаверная заява расейскай арміі з нагоды нападу на ваенную базу ВПС РФ у аўторак. Але спадарожнікавыя здымкі, зробленыя ўвечары ў сераду, паказваюць, што гэта не так», – гаворыцца ў матэрыяле.

Журналісты нагадалі, што сама меней 11 расейскіх самалётаў былі часткова ці цалкам знішчаныя, уключаючы баявыя бамбавікі Су-24 і знішчальнікі Су-30. А ад шматлікіх будынкаў, складоў боепрыпасаў і нават асабістых аўтамабіляў і кватэраў салдатаў арміі РФ «застаўся толькі металалом або яны ляжаць у руінах».

Акрамя таго, выразна бачныя як мінімум тры ўдарныя кратары дыяметрам 20 метраў ад ужытай зброі, што таксама робіць прадметам для жартаў расейскую версію «няшчаснага выпадку з боепрыпасамі» на аэрадроме. Па трох іншых пазіцыях, аддаленых ад гэтых кратараў, таксама былі нанесеныя дакладныя ўдары. Такім чынам, мяркуюць расследавальнікі, было сама меней шэсць выбухаў у розных месцах базы.

«Ясна, што не толькі расейскія ваенна-паветраныя сілы пацярпелі найбуйнейшую паразу, але і пуцінскі рэжым пацярпеў самую цяжкую паразу на прапагандысцкім фронце. Дзясяткі тысячаў расейцаў бачылі магутныя выбухі на ваенным аэрадроме "Сакі", здымалі на відэа дым, а потым беглі назад у Расею. Ведаючы, што іх уласны ўрад не можа ні абараніць іх, ні расказаць ім праўду пра іх уразлівасць на акупаваных тэрыторыях Украіны», – падкрэслілі ў Bild.

Там дадалі, што нават расейцы, якія пераехалі ў Крым з 2014 года, цяпер павінны зразумець, што яны прынялі вельмі небяспечную пастанову, а Украіна ніколі не адмовіцца ад сваёй тэрыторыі. Атаку выданне называе «папераджальным стрэлам» у прамым сэнсе гэтага слова па Крымскім мосце, які асабіста адкрыў расейскі дыктатар Пуцін у 2018 годзе.

На думку аналітыкаў, з псіхалагічнага гледзішча гэтая атака павінна стаць маяком не толькі для расейскага ці прарасейскага насельніцтва Крыма, але і для 50 тыс. вайскоўцаў РФ, дыслакаваных на паўвостраве. Пасля «плескачоў» яны павінны разумець, што іх сістэма СПА не можа параўнацца з новай заходняй зброяй Украіны.

«Застаецца пытанне, як Масква адрэагуе на напад. Расейскую грамадскасць прадаўжаюць ашукваць, пераконваючы, што ніякага нападу не было і што ўсё ў парадку. Апусцелыя з серады пляжы ў Крыме і коркі, якія расцягнуліся на кіламетры ў бок РФ, гавораць адваротнае. Але калі праўда ўсё ж пройдзе цэнзуру і трапіць у расСМІ, хутчэй за ўсё, будуць чуваць заклікі да адплаты. Бо ўжо пасля нападу на “Сакі” стала ясна, што РФ не толькі не можа перамагчы ў гэтай вайне, але і што Украіна будзе наносіць агрэсару ўсё цяжэйшыя страты, якія, верагодна, створаць разбуральнае ўздзеянне ў ваенным і псіхалагічным плане на да гэтага часу закрытае пуцінскае грамадства», – падсумавалі ў Bild.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».