6 кастрычнiка 2022, Чацвер, 14:38
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Апошні брусок з Джэнгі

24
Апошні брусок з Джэнгі

Маладыя беларусы не хочуць быць настаўнікамі, лекарамі-тэрапеўтамі, аграномамі і заатэхнікамі пры гэтым рэжыме.

Цягам апошніх трох гадоў уступная кампанія ў Беларусі не ведае, як выкруціцца з-за адтоку студэнтаў. Маладыя беларусы не хочуць быць настаўнікамі, лекарамі-тэрапеўтамі, аграномамі і заатэхнікамі пры рэжыме Лукашэнкі. Адсутнасць цікавасці да спецыяльнасцяў у ВНУ выкліканая ў першую чаргу поўнай адсутнасцю перспектываў у будучыні. Адпаведна дэфіцыт абітурыентаў праз некалькі гадоў створыць дэфіцыт кваліфікаваных спецыялістаў.

Дэградацыя сістэмы адукацыі Беларусі – гэта вынік пралікаў у рэгуляванні рынку працы. Нізкія заробкі на значных вакансіях прымушаюць персанал перакваліфікавацца і з'язджаць, а абітурыенты, назіраючы за гэтым, выбіраюць больш універсальныя спецыяльнасці і пажадана недзе за мяжой. Ужо ў 2020 годзе беларускія студэнты імкнуліся з'язджаць на навучанне ў Польшчу. Паводле вынікаў уступнай кампаніі таго года, 15 адсоткаў абітурыентаў паступілі ў польскія ВНУ. Пратэсты, якія прадоўжыліся восенню 2020 года, павялічылі гэты лік яшчэ больш. Рэпрэсаваныя і адлічаныя студэнты з'язджалі і годна паступалі ва ўніверсітэты Літвы і Польшчы. Падобныя тэндэнцыі прадоўжыліся і ў 2021 годзе.

Сёлета абвал давялося прызнаць нават лукашыстам у прыёмных камісіях. Праблема ў тым, што ВНУ хочуць мець як мага больш бюджэтнага фінансавання і абвяшчаюць вялізны набор, які прыкметна перавышае магчымасці іх запаўнення. Якасць і канкурэнцыя ў гэтым выпадку адыходзяць на другі план. Груба кажучы – набіраюць усіх, каб запоўніць універсітэты. На некаторыя спецыяльнасці нават уступныя іспыты проста скасавалі. Напрыклад, на настаўніка фізкультуры выпускнікоў спартова-педагагічных класаў школаў ужо сёлета прымалі без экзаменаў і ЦТ. А для ВНУ Міністэрства абароны і зусім дастаткова наведваць ваенны гурток у школе, каб быць па-за конкурсам.

Цалкам лагічна, што незапатрабаваныя тыя прафесіі, асвоіўшы якія, спецыялісты не змогуць атрымліваць годны заробак. Гэта настаўнікі, лекары-тэрапеўты і супрацоўнікі аграрнага сектара. Нават ва ўніверсітэтах заробкі спецыялістаў шакуюць. Выкладнікі ВНУ звычайна зарабляюць ад 390 Br да 691 Br на рукі, на момант пачатку працы. Праз 5 гадоў працы заробак складае ад 448 Br да 808 Br на месяц за 40-гадзінны працоўны тыдзень.

Яшчэ адна праблема – абавязковая адпрацоўка, якая на некаторых спецыяльнасцях, пры заключэнні кантракта з ВНУ можа прадоўжыцца 5 гадоў. Тыя, хто вучыўся ва ўніверсітэце, памятаюць, што стрэс пры размеркаванні значна страшнейшы за іспыты, дыпломныя і курсавыя працы. Асабліва моцна перажываюць за гэта студэнты-медыкі, якія чулі пра ўмовы працы і жыцця ў якой-небудзь беларускай глыбінцы. На жаль, праз карупцыю на дзяржаўным узроўні многія высакакласныя спецыялісты, якія не маюць сувязяў, вымушаныя былі пераязджаць з горада ў вёскі і поўнасцю мяняць свой сучасны лад жыцця на сярэднявечны.

Такім чынам ствараецца прорва, на аднаўленне якой спатрэбяцца гады працы. Віна ў гэтым ляжыць выключна на лукашыстах, якія за дзясяткі гадоў абвыклі імітаваць парадак у сістэме, якая з кожным годам паскараецца ў сваім разбурэнні. Уся сістэма дыктатуры ў Беларусі нагадвае гульню Джэнга, дзе лукашысты са сваёй жа сістэмы дастаюць брускі. Аднак бясконца ў яе гуляць не атрымаецца. У пэўны момант любы з брускоў можа стаць апошнім.

Арцём Чэрнікаў, спецыяльна для Telegram-канала «Баста!»