26 красавiка 2024, Пятніца, 23:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як дзеці беларускіх чыноўнікаў падтрымалі пратэсты

8
Як дзеці беларускіх чыноўнікаў падтрымалі пратэсты
Фота: onliner.by

Сваякі-пратэстоўцы змянілі жыццё наменклатуры Лукашэнкі.

Улетку 2020-га «палітычны» раскол здарыўся нават у сем'ях некаторых набліжаных да Лукашэнкі: іхнія дзеці ці жонкі падтрымалі беларусаў, якія пратэставалі супраць несправядлівасці, а не рэжым. «Позірк» даведаўся, што цяпер з гэтымі вядомымі прыхільнікамі Лукашэнкі і як сваякі-пратэстоўцы змянілі іх жыццё.

Сын Уладзіміра Макея звольніўся з МЗС і раскрытыкаваў яго

Пра сыход Віталя Макея з Міністэрства замежных справаў стала вядома ў верасні 2020-га. Да прэзідэнцкіх выбараў ён тры гады працаваў у цэнтральным апараце знешнепалітычнай установы, займаючы пасаду намесніка кіраўніка ўправы эканамічнага супрацоўніцтва і ўстойлівага развіцця ў галоўнай управе шматбаковай дыпламатыі.

Макей-малодшы пакінуў дзяржслужбу на хвалі масавых «пратэставых» звальненняў дыпламатаў, але ягоны кейс стаў асаблівым. Пра нязгоду з генеральнай лініяй заявіў не хто-небудзь, а сын аднаго з самых адданых рэжыму чыноўнікаў – кіраўніка МЗС Уладзіміра Макея.

Пазіцый міністра сынавы дэмарш, зрэшты, не пахіснуў. Макей-старэйшы прадоўжыў служыць Лукашэнку верай і праўдай, нягледзячы на тое, што неўзабаве ў Беларусі не засталося ні «ўстойлівага развіцця», ні «шматбаковай дыпламатыі». Пра ўзаемаадносіны з сынам ён пазней скажа: «Гэта мае асабістыя праблемы, з якімі я павінен жыць».

Віталь Макей свой сыход з-пад бацькоўскага падпарадкавання спачатку не каментаваў, але не вытрымаў праз паўгода. Адгукнуўшыся ў сацсетках на чарговы адыёзны прэс-рэліз установы, ён напісаў пост, як «сумна назіраць шэраг публічных заяваў МЗС за апошні час» і як «наўмысна хамаваты імпэт ніколі не заменіць аргументацыю і стыль, наадварот, яшчэ мацней падкрэсліць пасрэднасць».

Зняўшы чыноўніцкі гальштук, сын міністра не апынуўся на ростанях. Ён знайшоў сябе ў ІТ – у ролі кансультанта кампаніі IBA Group.

Сын генпракурора падтрымаў затрыманых за «палітыку» калег – цяпер ягоны бацька не генпракурор і не ў Беларусі

Дзмітрыю Канюку сыходзіць з дзяржслужбы не давялося, затое ў верасні 2020 года звольнілі ягонага бацьку – генеральнага пракурора Аляксандра Канюка. Прычынаў адстаўкі напэўна было некалькі – і адной з іх цалкам магла стаць дзейнасць сына.

Сын – айцішнік, з досведам працы продакт-мэнэджара ў апальнай кампаніі PandaDoc. Якраз у верасні два гады таму ў менскім офісе арганізацыі былі праведзеныя ператрусы, якія скончыліся затрыманнем мэнэджараў. Пасля выбараў кампанія стварыла праект для збору грошай для сілавікоў, якія надумалі звольніцца. Гэта і абумовіла яе лёс.

Канюк-малодшы тады падтрымаў арыштаваных калег у сацсетках, дзе не хаваў і сваёй грамадзянскай пазіцыі. Сёння ён прадаўжае працаваць у ІТ, будучы CEO праекту Improv Jam.

Канюк-старэйшы застаўся на службе Лукашэнкі, але ў Менску вы яго не сустрэнеце. Экс-пракурора выправілі амбасадарам у Арменію.

Сыны кіраўніка Віцебскага гарвыканкама ўдзельнічалі ў пратэстах – бацьку звольнілі

Два гады таму браты Вадзімір (імя гучыць менавіта так) і Філіп Заранкіны ўдзельнічалі ў пратэстах, былі затрыманыя і правялі на дваіх 23 дні ў ізалятарах. Тыпавая гісторыя для паслявыбарчай Беларусі, калі б не адна акалічнасць. СМІ даволі хутка пазналі ў хлопцах сыноў старшыні Віцебскага гарвыканкама Вадзіма Заранкіна, і гэтая гісторыя зайграла фарбамі.

У 2020 годзе старэйшы з братоў Вадзімір быў супрацоўнікам амбасады ЗША ў Беларусі. Малодшы Філіп працаваў у IT. Аднаго з Заранкіных на Акрэсціна канваіры называлі «мэрам». Абодва прызнаваліся, што, нягледзячы на адрозненне ў палітычных поглядах, захоўваюць з бацькам добрыя роднасныя стасуні.

На такія стасункі, зразумела, улада не магла заплюшчыць вочы. Летась у студзені Заранкін-старэйшы быў звольнены з пасады кіраўніка Віцебску. У крэсле кіраўніка горада ён правёў роўна год.

Да выбараў кар'ера старэйшага Заранкіна ішла ўгору, яго адзначалі ўзнагародамі. У спякотным жніўні 2020-га ўдзельнічаў у мітынгах за Лукашэнку. Нічога з пералічанага не дапамагло Вадзіму Заранкіну застацца ў іерархіі рэжыму на колькі-небудзь бачным месцы. Хутчэй наадварот: у красавіку 2021-га яго паставілі загадваць віцебскім аб'яднаннем хімчыстак «Лотас». Там экс-мэр да сёння і працуе.

Пра цяперашняе жыццё ягоных сыноў інфармацыі ў публічным доступе няма. Падчас пратэстаў хлопцы былі заўважныя ў медыях, а запісы Філіпа ў «Фэйсбуку» цытавалі журналісты. Праз два гады іх цяжка знайсці ў сацсетках, а перш актыўная ФБ-старонка малодшага з братоў недаступная.

Амбасада ЗША ў Беларусі, дзе працаваў Вадзімір, прыпыніла працу 28 лютага гэтага года, праз чатыры дні пасля нападу Расеі на Украіну.

Сын Румаса падняў БЧБ-сцяг на футболе – бацька да гэтага часу шукае працу

У траўні летась адзін з сыноў былога прэм'ер-міністра, былога кіраўніка Банка развіцця і былога старшыні Беларускай федэрацыі футболу Сяргея Румаса пабываў на фінале футбольнай Лігі чэмпіёнаў, у якім сустракаліся ангельскія «Чэлсі» і «Манчэстэр Сіці». І не проста пабываў, а патрапіў у кадр са сцягам беларускага фан-клуба лонданскай каманды. Палотнішча аформленае «паводле схемы БЧБ», што імгненна зрабіла здымак знакамітым у медыя.

Валерый Румас растлумачыў, што сцягу шмат гадоў і на ім «проста арнамент», але «вы ж усё разумееце» – нічога чырвона-зялёнага побач з арнаментам няма.

У гэтым выпадку пра сямейную драму на палітычнай глебе гаворкі не ішло. Яшчэ ў жніўні 2020-га сам Сяргей Румас разам з жонкай сфатаграфаваўся на фоне пратэстаў у цэнтры Менска, і той перфоманс нарабіў нямала шуму. «Выгляд з даху Банка Развіцця захоплівае не менш, чым атмасфера ўнізе», – напісала жонка адстаўленага за два месяцы да выбараў прэм'ера Жана Румас.

Міма не прайшоў сам Лукашэнка: «…Ёсць і іншыя, якіх мы своечасова разгледзелі і адправілі каго на адпачынак, каму проста прапанавалі займацца бізнэсам. Яны таксама не адкрыта, але недзе посцяць».

З тых часоў Румас-старэйшы стала працы не мае. Ён надоўга пакідаў Беларусь – з'язджаў то ў Кіеў, то ў Лондан, меў нязначную банкаўскую занятасць у Маскве. Адзін час хадзілі чуткі пра затрыманне Румаса, але яны не пацвердзіліся.

Месяц таму з’явілася інфармацыя, што экс-прэм'ер вярнуўся ў Беларусь і шукае працу.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках