5 лютага 2023, Нядзеля, 3:14
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску судзяць высокапастаўленага супрацоўніка СК

5
У Менску судзяць высокапастаўленага супрацоўніка СК
АНДРЭЙ КАЖЭЎНІКАЎ

Ён быў абвінаваўцам на судзе над апазіцыянерамі 11 гадоў таму.

У судзе Маскоўскага раёна Менска 16 жніўня распачаты разгляд крымінальнай справы аб карупцыі, адным з фігурантаў якой з'яўляецца Андрэй Кажэўнікаў. Гэта вядомы следчы, які займаў высокую пасаду ў Следчым камітэце, паведамляе «Наша Ніва».

Паводле звестак выдання Кажэўнікаў быў начальнікам працэсуальнага кантролю ва ўправе СК Менска, гэта значыць кантраляваў дзейнасць усяго следства ў сталіцы.

На сайце Вярхоўнага суда ў электронным раскладзе судоў змешчаная інфармацыя аб судовым пасяджэнні, прызначаным на 16 жніўня. Там значыцца, што ў справе праходзяць Андрэй Кажэўнікаў і Дзмітрый Піскун, абвінавачанні ім выстаўленыя паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч.2 і 3 арт.431 "Даванне хабару", ч.3 і 4 арт.209 "Махлярства", ч.2 арт.203 "Парушэнне таямніцы перапіскі, тэлефонных перамоў ды іншых паведамленняў", ч.3 арт.424 "Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі", ч.3 арт.430 "Атрыманне хабару". Суддзёй у справе выступае Лідзія Цяліца.

Паводле інфармацыі «НН», другі фігурант Зміцер Піскун – бізнэсовец. Выданне даведалася са сваіх крыніц, што Кажэўнікава абвінавачваюць у датычнасці да разгалінаванай гісторыі давання хабару на суму 30 тысяч даляраў. Яму пагражае сур'ёзны тэрмін зняволення, бо пакаранне ў такім выпадку мае вызначацца шляхам частковага або поўнага складання тэрмінаў усіх артыкулаў.

«Ён меў высокую пасаду, гэта паказальная лупцоўка, пагражае яму як мінімум пяць год, а калі яшчэ быў не тых поглядаў, то гамон, я б ставіў на 12 гадоў калоніі», - цытуе «НН» сваю крыніцу са Следчага камітэта.

Пры гэтым яшчэ 11 гадоў таму, у 2011 годзе, Андрэй Кажэўнікаў, працуючы ў пракуратуры Фрунзенскага раёна Менска, выступаў дзяржаўным абвінаваўцам на судзе над апазіцыйнымі палітыкамі, якіх абвінавачвалі ў арганізацыі акцыі пратэсту - "Плошчы" 2010 года. Лідэраў і актывістаў апазіцыі тады падзялілі на некалькі спраў і судзілі групамі.

У гэтым выпадку ў справе праходзілі лідэры "Гавары праўду" - экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў, палітычны тэхнолаг Аляксандр Фядута (цяпер яго судзяць у справе аб "змове з мэтай захопу ўлады"), Андрэй Дзмітрыеў, Сяргей Вазняк, а таксама лідэр БХД Віталь Рымашэўскі і актывістка "Маладога фронту" Наста Палажанка (цяпер яна жонка Змітра Дашкевіча і разам з ім зноў асуджаная за пратэсты).

Кажэўнікаў тады запытаў усім прысуды, не звязаныя з пазбаўленнем волі: Някляеву – тры гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады, Дзмітрыеву – тры гады ўмоўна, Фядуту, Рымашэўскаму, Вазняку – па два гады ўмоўна, Палажанцы – 1,5 гады ўмоўна. У выніку прысуды былі нават крыху мякчэйшыя: Някляеў атрымаў два гады з адтэрміноўкай замест трох, Палажанка — год умоўна, астатнія — па два гады ўмоўна.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».