У Львове закончыліся перамовы Зяленскага, Эрдагана і Гутэрыша
9- 18.08.2022, 18:26
- 15,566

Што абмяркоўвалі.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абмеркаваў з турэцкім лідарам Раджэпам Таіпам Эрдаганам, які прыбыў з візітам у Львоў, расейскі ядзерны шантаж і крадзеж збожжа Расеяй.
Пра гэта паведамляе прэс-служба прэзідэнта Украіны.
Зяленскі падзякаваў Эрдагану за паездку ва Украіну і назваў візіт турэцкага лідара «важкім мэсэджам падтрымкі з боку такой магутнай краіны, як Турцыя».
Лідары абмеркавалі ўвесь комплекс двухбаковых стасункаў і пагадзіліся, што далейшае пашырэнне супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ўзмоцніць абодва бакі. Таксама прэзідэнты закранулі пытанні абароннага ўзаемадзеяння, абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва ў гэтым кірунку.
Таксама Зяленскі і Эрдаган казалі аб маштабным выкраданні Расеяй збожжа на часова акупаванай тэрыторыі Украіны.
«Было сказана, што акупанты прысвоілі амаль 0,5 млн тон збожжа. Лідары пагадзіліся, што ўсялякі гандаль крадзеным недапушчальны», - паведамляе прэс-служба прэзідэнта Украіны.
Прэзідэнты абмеркавалі сітуацыю вакол Запарожскай АЭС і ядзерны шантаж з боку РФ, дзеянні якой пагражаюць катастрофай Украіне і ўсяму свету. Зяленскі зноў паўтарыў, што Расея павінна вывесці свае войскі са станцыі неадкладна.