19 траўня 2024, Нядзеля, 20:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пакуль цана паліва ў Еўропе б'е рэкорды, пад Пецярбургам штодзень спальваюць газ на $10 мільёнаў

6
Пакуль цана паліва ў Еўропе б'е рэкорды, пад Пецярбургам штодзень спальваюць газ на $10 мільёнаў

Санкцыі ЕЗ скарацілі колькасць месцаў, куды расейцы могуць прадаць свой газ.

Пакуль у Еўропе імкліва расце цана энэрганосьбітаў, Расея спальвае вялізную колькасць прыроднага газу. Вывучыўшы спадарожнікавыя здымкі, аналітычная кампанія Rystad Energy зрабіла выснову, што расейскі завод для вырабу звадкаванага прыроднага газу каля мяжы з Фінляндыяй, штодзень спальвае паліва прыкладна на 10 млн даляраў. Як мяркуюць эксперты, даўней гэты газ экспартаваўся ў Нямеччыну, перадае ВВС.

Аналіз Rystad Energy паказвае, што на новым заводзе для вырабу звадкаванага прыроднага газу (СПГ) "Газпром СПГ Партавая", размешчаным на паўночны захад ад Санкт-Пецярбурга, штодня спальваецца на паходнях блізу 4,34 мільёна кубамэтраў газу.

Першымі падпаленыя паходні заўважылі гэтым летам жыхары прымежнага абшару Фінляндыі.

Завод размешчаны недалёка ад кампрэсарнай станцыі на пачатку газаправода "Паўночны струмень-1", якім газ па дне мора дастаўляецца ў Нямеччыну.

Пастаўкі праз гэты трубаправод былі спыненыя з сярэдзіны ліпеня. Расейцы тлумачаць гэта тэхнічнымі праблемамі, але Нямеччына заяўляе, што гэта спрэс палітычны крок, зроблены ў адказ на заходнія санкцыі дзеля ўварвання Расеі ва Украіну.

Аднак яшчэ ў чэрвені назіральнікі адзначылі значнае павелічэнне вылучэння заводам цяпла - як мяркуецца, праз спальванне газу.

Гэткі спосаб пазбаўляцца ад "лішняга" газу - звычайная з'ява на перапрацоўчых заводах. Зазвычай гэта робіцца з тэхнічных прычын або з меркаванняў бяспекі. Аднак маштабы спальвання на "Партавой" сталіся для экспертаў нечаканасцю.

- Я ніколі не бачыла такіх маштабаў факельнага спальвання на заводзе для вырабу ЗПГ, - кажа доктарка Джэсіка Макарці, экспертка ў спадарожнікавых звестках з Універсітэта Маямі ў Агаё. - У чэрвені мы назіралі велізарны ўсплёск, які не знік і застаецца на тым жа анамальна высокім узроўні.

Мігель Бэргер, амбасадар Нямеччыны ў Вялікай Брытаніі, сказаў, што намаганні Еўропы для скарачэння залежнасці ад расейскага газу робяць моцны ўплыў на расейскую эканоміку. "Яны не маюць іншых месцаў, куды яны могуць прадаць свой газ, таму ім даводзіцца яго спальваць", - выказаў меркаванне ён.

Марк Дэвіс – генеральны дырэктар Capterio, кампаніі, якая займаецца пошукам спосабаў унікнуць спальвання лішняга газу. Ён сцвярджае, што гіганцкая паходня пад Пецярбургам з'явілася не выпадкова і, мабыць, пастанова паліць газ была прынятая з аперацыйных прычын. «Часта аператары ўсяляк спрабуюць унікнуць спынення вытворчасці, асцерагаючыся, што яе старт можа быць тэхнічна складаным або дарагім. Напэўна, у гэтым выпадку менавіта так і адбылося», - сказаў ён.

Іншыя эксперты ўважаюць, што рэч у тэхнічных праблемах, якія ўзнікаюць пры рабоце з вялікімі аб'ёмамі газу, які ішоў праз газаправод "Паўночны струмень-1". "Газпром", магчыма, мерыўся выкарыстоўваць гэты газ для вырабу ЗПГ на новым заводзе, але, як мяркуецца, у кампаніі ўзніклі праблемы з яго апрацоўкай, і цяпер самы бяспечны варыянт - спальваць яго.

Гэта таксама можа быць вынікам гандлёвых санкцый, уведзеных Еўропай супраць Расеі ў адказ на ўварванне ва Украіну. «Такога кшталту доўгатэрміновае факельнае спальванне можа азначаць, што ім не стае нейкага абсталявання, - мяркуе Эса Вакілайнэн, прафесар энэргетыкі з Універсітэта LUT у Фінляндыі. - Праз гандлёвыя санкцыі Расея не можа вырабляць высакаякасныя клапаны, неабходныя для перапрацоўкі нафты і газу. Магчыма, нейкія клапаны зламаліся, і яны не могуць іх замяніць».

Са слоў навукоўцаў, кожны дзень спальвання газу павялічвае выдаткі - і экалагічныя наступствы. «Хоць дакладныя прычыны факельнага спальвання невядомыя, аб'ёмы, выкіды і месцазнаходжанне газавай паходні з'яўляюцца бачным напамінам аб тым, што Расея дамінуе на энэргетычных рынках Еўропы, – кажа Сіндры Кнутсан, аналітык Rystad Energy. - Больш яснага сігналу і быць не можа: Расея, калі захоча, можа знізіць цану энэрганосьбітаў за адзін дзень. Гарыць газ, які ў іншым выпадку пайшоў бы праз «Паўночны струмень-1» або альтэрнатыўны трубаправод».

Спачатку цана энэрганосьбітаў ва ўсім свеце моцна вырасла пасля скасавання карантынных абмежаванняў, уведзеных падчас пандэміі каранавіруса. Раптам усім спатрэбілася вялікая колькасць энэргіі, што паставіла прадаўцоў у беспрэцэдэнтна цяжкае становішча.

Цэны зноў узняліся ў лютым гэтага года, пасля ўварвання Расеі ва Украіну. Еўрапейскія ўрады пачалі шукаць спосабы знізіць залежнасць ад Расеі, якая даўней пастаўляла 40% выкарыстоўванага ў ЕЗ газу.

Еўропа адмаўляецца ад нафты і газу з Расеі. Не адразу, але план і грошы ўжо ёсць

У выніку вырасла цана газу, які пастаўляецца з альтэрнатыўных крыніц. Пэўныя краіны ЕЗ, такія як Нямеччына і Гішпанія, ужо ўводзяць захады, накіраваныя на ашчаду паліва.

Навукоўцаў таксама турбуе ўздзеянне газавай паходні на навакольнае асяроддзе.

Пры гэтым эксперты нагадваюць, што спальваць газ на паходнях нашмат лепш, чым проста выкідваць у атмасферу мэтан - ключавы кампанент прыроднага газу і магутны чыннік у пацяпленні клімату. Расея даволі часта звяртаецца да такога метаду ўтылізацыі: паводле Сусветнага банка, краіна займае першае месца ў свеце ў аб'ёме спальвання газу ў паходнях.

Але акрамя таго, што паходня ў "Партавой" штодзень выкідвае ў атмасфэру блізу 9 тысяч тон CO2, з ім звязаныя і іншыя сур'ёзныя праблемы, у тым ліку вялікія аб'ёмы сажы, якая з'яўляецца пры спальванні газу.

«Адмысловая небяспека факельнага спальвання газу ў арктычных абшарах у тым, што выкід сажы ідзе ў паўночным кірунку. Там яна асядае на снезе ды лёдзе і значна паскарае раставанне, - кажа прафесар Мэцью Джонсан з Карлтонскага ўніверсітэта ў Канадзе. – Паводле звестак пэўных шырока цытаваных прац, факельнае спальванне ўжо стала асноўнай крыніцай ападання сажы ў Арктыцы. Таму ўсякае павелічэнне маштабаў факельнага спальвання ў гэтым рэгіёне надта непажаданае».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках