19 траўня 2024, Нядзеля, 20:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барэль: Косава і Сербія дасягнулі пагаднення

5
Барэль: Косава і Сербія дасягнулі пагаднення

Яны дамовіліся пра вольны рух грамадзян праз мяжу.

Улады Сербіі і Косава дасягнулі пагаднення аб урэгуляванні канфлікту вакол руху грамадзян праз мяжу. «Мы маем угоду», - напісаў увечары ў суботу, 27 жніўня, у Twitter вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль, паведамляе dw.com.

Паводле ягоных слоў, у часе перамоў пры спрыянні ЕЗ Сербія пагадзілася скасаваць дакументы для ўезду ўладальнікаў косаўскіх пасведчанняў асобы, а ўлады Косава выказалі ахвоту не ўводзіць такія дакументы для грамадзян Сербіі.

- Косаўскія сербы, як і ўсе астатнія грамадзяне, змогуць вольна падарожнічаць паміж Косавам і Сербіяй, выкарыстоўваючы свае пасведчанні асобы, - зазначыў Барэль і дадаў, што ЕЗ атрымаў адпаведныя гарантыі ад прэм'ер-міністра Косава Альбіна Курці.

Кіраўнік дыпламатыі ЕЗ назваў гэтую ўмову еўрапейскім развязаннем і павіншаваў лідэраў Сербіі ды Косава з урэгуляваннем канфлікту.

Канфлікт Сербіі ды Косава

Канфлікт паміж Сербіяй і Косавам чарговы раз абвастрыўся ў канцы ліпеня, калі Прышціна наважыла ўвесці часовыя дакументы, якія маюць атрымліваць пры ўездзе грамадзяне Сербіі, а таксама перарэгістраваць аўтамабілі ды замяніць нумарныя аўтамабільныя знакі, выдадзеныя ў Сербіі сербам, якія жывуць на поўначы Косава. На знак пратэсту косаўскія сербы паставілі барыкады, пасля чаго ўлады ў Прышціне адклалі ўвядзенне новых правілаў да 1 верасня. Перамовы прэзідэнта Сербіі Аляксандра Вучыча і прэм'ер-міністра Косава Альбіна Курці пры пасярэдніцтве ЕЗ у сярэдзіне жніўня закончыліся безвынікова.

У 2008 годзе Рэспубліка Косава ў аднастароннім парадку абвясціла незалежнасць ад Сербіі. Яе прызналі шмат якія еўрапейскія дзяржавы, у тым ліку Нямеччына, а таксама ЗША. Бялград уважае Косава за сваю аўтаномную правінцыю і незалежнасць Прышціны не прызнае.

Сербія імкнецца да ўступлення ў ЕЗ і ў сувязі з гэтым абавязалася нармалізаваць стасункі з Косавам. З 2013 года Бялград і Прышціна спрабуюць урэгуляваць дачыненні пры пасярэдніцтве ЕЗ. Уступленне Косава ў ААН блакуе Расея.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках