26 красавiка 2024, Пятніца, 23:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Tagesspiegel: Расея страціла «Паўночныя струмені» назаўжды

32
Tagesspiegel: Расея страціла «Паўночныя струмені» назаўжды

Выбухі адбыліся перад самым адкрыццём новага газаправоду з Нарвегіі ў Польшчу.

Службы бяспекі Нямеччыны мяркуюць, што ў выніку інцыдэнтаў, якія многія ў заходніх краінах ўважаюць за дыверсію, трубы газаправодаў "Паўночны струмень – 1" і "Паўночны струмень – 2" назаўжды застануцца непрыдатнымі для выкарыстання. Пра гэта піша нямецкая газета Tagesspiegel са спасылкай на крыніцы ва ўрадавых колах.

Папярэднія высновы экспертаў падобныя: як мінімум гэтай зімой пастаўкі газу ў ЕЗ аднавіць не атрымаецца, і вельмі верагодна, што інфраструктура коштам амаль 17 млрд еўра больш не будзе выкарыстоўвацца.

Калі трубы хутка не адрамантаваць, у трубаправоды патрапіць шмат салёнай вады, якая выкліча карозію, паведамілі Tagesspiegel нямецкія чыноўнікі. Між тым міністр абароны Даніі Мортэн Бадскаў заявіў, што пачаць расследаванне найбліжэйшым часам не атрымаецца. З улікам прагнозаў датычна падзення ціску трубах і колькасці газу, які застаецца, "сыдзе адзін-два тыдні на тое, каб у зоне, дзе адбыліся інцыдэнты, стала бяспечна", паведаміла словы міністра ў сераду агенцтва EFE.

Аператар трубаправодаў Nord Stream заявіў, што пакуль немагчыма вызначыць тэрміны аднаўлення разбуранай газавай інфраструктуры.

Выцечкі на дзвюх нітках "Паўночнага струменю – 1" і на "Паўночным струменю – 2" адбыліся паблізу тэрытарыяльных водаў Даніі каля вострава Борнхальм.

Кожны з трубаправодаў "Паўночнага струменю" праходзіць па дне Балтыйскага мора і працягнуўся больш чым на 1200 км. Сталёвыя трубы таўшчынёй 4 см пакрытыя 12-сантыметровым пластом бетону. На будаўніцтва першага "струменю", паводле звестак Nord Stream, сышло 2,4 млн т сталі, "што прыкладна ў 242 разы больш, чым для Эйфелевай вежы". Уведзены ў эксплуатацыю ў лістападзе 2011 г. ён павінен быў прапрацаваць мінімум 50 гадоў.

Агульная сума інвестыцый у першы "Струмень" склала 7,4 млрд еўраў, у другі – 9,5 млрд еўра.

Што магло адбыцца.

Сейсмічныя станцыі ў Швэцыі і Даніі зарэгістравалі моцныя падводныя выбухі менавіта ў тых месцах, дзе былі знойдзеныя выцечкі з трубаў "Паўночных струменяў". Праз складанасць атакі эксперты і чыноўнікі мяркуюць, што яна магла быць ажыццёўленая толькі сіламі нейкай дзяржавы, піша Tagesspiegel.

У аўторак з'явіліся здагадкі, што за дыверсіямі можа стаяць Расея. Выбухі адбыліся перад самым адкрыццём новага газаправода з Нарвегіі ў Польшчу, які таксама праходзіць каля Борнхальма.

У Нямеччыне ацэнкай сітуацыі займаецца Федэральная выведная служба, яна, сярод іншага, аналізуе спадарожнікавыя здымкі магчымых рухаў караблёў напярэдадні выбухаў. Адна з версій складаецца ў закладцы выбухоўкі вадалазамі, паведамляе Tagesspiegel.

Б'ёрн Лунд са Швэдскай нацыянальнай сеткі сейсмічных лабараторый, сказаў дзяржаўнай тэлекампаніі SVT, для такіх моцных выбухаў спатрэбілася не менш як 100 кг у тратылавым эквіваленце. Хоць у Расеі самая вялікая колькасць шпіёнскіх падлодак у свеце, іх выкарыстанне для гэтай дыверсіі ўяўляецца непраўдападобным, напісаў у Twitter незалежны ваенны аналітык, эксперт у падлодках Эйч-Ай Сатан. Найбольш верагодным варыянтам яму здаецца выкарыстанне Расеяй вадалазаў ці падводных дронаў. Сатан, аднак, агаворваецца, што не паказвае на вінаватага, толькі адказвае на пытанні пра магчымую датычнасць Расеі.

Ці можна паправіць газаправоды

"Паўночны струмень – 2" так і не запрацаваў праз пачатак вайны ва Украіне. Пастаўкі ж па "Паўночным струменю – 1" спыніліся ў канцы жніўня, паколькі "Газпрам" адмовіўся забіраць адрамантаваную Siemens турбіну. Але газ у трубах знаходзіўся, бо гэта неабходна паводле тэхналагічных нормаў.

«Магчымасць таго, што "Паўночны струмень – 1" запрацуе да канца года, упала з 1% да нуля, – мяркуе Джэймс Хакстэп, аналітык S&P Global Platts. – Але ёсць і сумневы датычна паставак газу, якія застаюцца праз Украіну [у Еўропу], ці могуць і яны скараціцца пазней сёлета».

"Газпрам" у аўторак жа прыгразіў спыніць і гэтыя пастаўкі.

Эксперты Eurasia Group мяркуюць, што аднавіць працу "струменяў" ужо не атрымаецца:

"Шматлікія падводныя выцечкі азначаюць, што ні адзін з трубаправодаў, хутчэй за ўсё, не будзе пастаўляць газ у ЕЗ блізкай зімой, незалежна ад палітычнай сітуацыі, звязанай з вайной ва Украіне. У залежнасці ад маштабу шкоды выцечкі могуць азначаць нават канчатковае зачыненне абодвух трубаправодаў.

Калі марская вада трапіла ў трубаправод і з гэтым не пачаць нешта рабіць у найбліжэйшы час, карозія, якая распаўсюдзілася па ўсёй даўжыні, можа перашкодзіць аднаўленню працы трубаправодаў", піша незалежны эксперт у энэргетыцы Сяргей Вакуленка.

Ён вывучыў матэрыялы аб патэнцыйных аварыях на "Паўночных струменях", ухваленыя еўрапейскімі рэгулятарамі, і адзначае: "Відаць, у гэтых трубаправодах адсечныя клапаны ёсць толькі на берагавых станцыях". Калі гэта так, то выдаленне марской вады з трох 1200-кіламетровых трубаў будзе няпростай задачай. "Магчыма, марская вада да гэтага моманту не паспее пашкодзіць унутранае палімернае пакрыццё, хоць, баюся, рэсертыфікацыя трубаправоду пасля такога няштатнага рэжыму існавання таксама будзе няпростай", – робіць выснову Вакуленка.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках