21 траўня 2024, aўторак, 0:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ТСН: Расейскія чыноўнікі і алігархі гінуць цэлымі сем'ямі пры дзіўных абставінах

7
ТСН: Расейскія чыноўнікі і алігархі гінуць цэлымі сем'ямі пры дзіўных абставінах

Усе загінулыя расейцы былі звязаныя з нафтавым бізнэсам.

У свеце сталі адбывацца «зачысткі» расейцаў, звязаных з нафтавым бізнэсам, паведамляе ТСН.

За апошнія месяцы пры дзіўных абставінах памерла некалькі высокапастаўленых службовых асоб, некаторыя з іх былі забітыя разам з сем'ямі.

Аляксандр Цюлякоў

61-гадовага мужчыну знайшлі мёртвым 25 лютага на вуліцы Рубінавай у элітным пасёлку Ленінскім Ленінградскай вобласці, у гаражы-прыбудове да яго дома. Цюлякоў працаваў намеснікам генеральнага дырэктара Адзінага разліковага цэнтра «Газпрома» (казначэйства кампаніі) у карпаратыўнай бяспецы. Знайшла мужчыну яго сужыцелька. Пасля расследавання заявілі, што гэта было самагубства. Тэрыторыя гэтага пасёлка ўважаецца за вотчыну топ-мэнэджмэнту «Газпрома».

Леанід Шульман

Але Цюлякоў не адзіны, хто памёр у гэтым пасёлку, бо 30 студзеня ў Ленінскім таксама быў знойдзены мёртвым 60-гадовы Леанід Шульман - кіраўнік транспартнай службы «Газпром Інвест».

Мужчыну знайшлі ў ванным пакоі яго ўласнага дома. На борціку ванны была пасмяротная запіска, у якой загінулы скардзіўся на невыносныя болі ў зламанай назе. На момант смерці Шульман насіў «апарат Ілізарава», бо падчас навагодніх канікулаў зламаў нагу ў тым жа элітным пасёлку Ленінскім.

Уладзіслаў Аваеў

Забойства, звязанае з яшчэ адным працаўніком карпарацыі «Газпром», адбылося ў Маскве 18 красавіка. 51-гадовага віцэ-прэзідэнта «Газпромбанка» Уладзіслава Аваева знайшлі ў яго кватэры на ўніверсітэцкім праспекце на паўднёвым захадзе Масквы. Апроч самога Уладзіслава ў кватэры таксама былі знойдзеныя мёртвымі яго жонка Алена і 13-гадовая дачка Марыя. У руках Аваева быў пісталет, а кватэра была закрытая знутры, таму прыярытэтнай версіяй следства стала тое, што Аваеў сам застрэліў жонку і дачку, а пасля скончыў жыццё самагубствам, а прычынай назвалі рэўнасць, нібы жанчына была цяжарная ад кіроўцы.

Міхаіл Уотфард

Расейскі алігарх украінскага паходжання Міхаіл Уотфард быў знойдзены завіленым у гаражы свайго шыкоўнага маёнтка Вентворт у брытанскім графстве Сурэй. Паліцыя назвала смерць «невытлумачальнай», але схілілася да таго, што 66-гадовы мільярдэр наклаў на сябе рукі.

Навіны аб яго смерці з'явіліся ў той дзень, калі прэм'ер Борыс Джонсан заявіў, што ён апублікуе поўны санкцыйны спіс людзей, звязаных з рэжымам Пуціна.

Сапраўднае імя алігарха - Міхаіл Таўсташэя. Ён нарадзіўся ў 1955 годзе ва Украіне. Паводле інфармацыі заходніх СМІ, прадпрымальнік атрымаў багацце на нафце і газе. Ён змяніў сваё прозвішча, калі пераехаў у Брытанію на пачатку 2000-х. Тамака ён атрымаў брытанскае падданства і заняўся нерухомасцю.

Сяргей Пратасеня

21 красавіка мёртвым знайшлі топ-мэнэджара кампаніі «Новатэк» Сяргея Пратасеню ў яго віле, у горадзе Льорэт-дэ-Мары, Гішпанія. Таксама на тэрыторыі дома былі знойдзеныя целы яго жонкі Наталлі і іх 18-гадовай дачкі. У Гішпанію сям'я прыляцела на велікодныя святы.

На целах жонкі і дачкі былі нажавыя раненні, а самога Пратасеню задушылі. Варта адзначыць, што «Новатэк» – кампанія, якая займаецца здабычай прыроднага газу, другая ў Расеі ў аб'ёмах здабычы. У 2021 годзе заняла 8-е месца ў рэйтынгу найбуйнейшых прыватных кампаній Расеі паводле версіі Forbes.

Аляксандр Субоцін

Былы топ-мэнэджар расейскага нафтавага гіганта «Лукойл», мільярдэр Аляксандр Субоцін, памёр у горадзе маскоўскай вобласці Мыцішчах падчас сеансу з парай шаманаў Магуа. З дапамогай нетрадыцыйнага сеансу, які праходзіў у звычайнай прыватнай хаце, мільярдэр спрабаваў вылечыцца ад пахмелля. Падчас адной з працэдур выкарыстоўваўся яд жабы: шаманы рабілі на скуры кліента надрэз, капалі туды яд жабы, і пасля ванітаў пацыенту нібыта павінна станавіцца лепш. Таксама яны выклікалі духаў, прыносілі ў ахвяру жывёл і купалі «заблуканых» у пеўневай крыві. У свой апошні сеанс Субоцін прыйшоў да Магуа і нібы ведаў пару ўжо даўно, магчыма, гэта быў яго не першы сеанс у іх. Пасля таго, як яму стала дрэнна, шаманы не выклікалі «хуткую», а далі хвораму карвалол і паклалі мільярдэра спаць у склепе, дзе сярод акультных рэчаў Аляксандр і сканаў.

Юрый Воранаў

У ліпені ў элітным катэджным пасёлку Марскія тэрасы ля Фінскай затокі знайшлі цела 61-гадовага Воранава - гендырэктара транспартнай кампаніі «Астра Шыпінг», якая ў тым ліку працавала на арктычных падрадах «Газпрома». Мужчына ляжаў у басейне з прастрэленай галавой, а побач - траўматычны пісталет. На дне экспэрты таксама знайшлі некалькі выкарыстаных гільзаў. Паводле папярэдніх звестак судмедэкспэртызы, стрэл зрабілі ва ўпор. Прыблізны час смерці Воранава - з паўночы да 5:00. Са слоў жонкі бізнэсоўца, ён адправіўся ў Ленінградскую вобласць яшчэ 1 ліпеня, а перад ад'ездам у яго адбыўся канфлікт з дзелавымі партнёрамі праз страту грошай.

Равіль Маганаў

Старшыня рады дырэктараў расейскай нафтавай кампаніі «Лукойл» Равіль Маганаў выпаў з акна Цэнтральнай клінічнай лякарні ў Маскве і памёр.

Цела 68-гадовага Маганава, які працаваў у кампаніі з моманту яе заснавання ў 1993 годзе, выявіў персанал лякарні. Інцыдэнт адбыўся блізу 07:00 паводле Масквы. СМІ паведамілі, што разглядаецца версія самагубства. Равіль Маганаў знаходзіўся ў аддзяленні тэрапіі з праблемамі сэрца, у яго дыягнаставалі дэпрэсію.

Кампанія «Лукойл» вымушаная была пацвердзіць гібель Маганава, але паведаміла, што топ-мэнэджар памёр «пасля цяжкай хваробы».

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках