27 красавiка 2024, Субота, 4:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы расшыфравалі старажытны клінапіс на таямнічай мове

2
Навукоўцы расшыфравалі старажытны клінапіс на таямнічай мове

Тэксты былі напісаныя амаль 4000 гадоў таму.

Эксперты-лінгвісты Манфрэд Крэбернік і Эндру Р. Джордж здолелі расшыфраваць старажытныя тэксты на гліняных таблічках, знойдзеных раней археолагамі на тэрыторыі Ірака. Як высветлілася, надпісы былі зробленыя на ханаанскай мове, якая да гэтага часу ўважалася за згубленую.

Як паведамляе Live Science, спецыялісты ўжо параўноўваюць адкрыццё з расшыфроўкай знакамітага егіпецкага «Разецкага каменя». Рэч у тым, што праца лінгвістаў, у сутнасці, ажыўляе ханаанскую мову, якая ўважалася за даўно страчаную.

Ключ да расшыфроўкі навукоўцы знайшлі пры працы з дзвюма старажытнымі глінянымі таблічкамі з Ірака, знойдзенымі блізу 30 гадоў таму. Навукоўцы пачалі вывучаць іх яшчэ ў 2016 годзе. Паступова яны прыйшлі да высновы, што тэксты змяшчаюць некаторыя элементы акадскай мовы, якая, у сваю чаргу, нейкія элементы запазычыла ў амарэйскай мовы.

Лінгвісты вызначылі, што тэксты былі напісаныя амаль 4000 гадоў таму на практычна невядомай навуцы мове амарэйцаў. Гэты народ быў родам з Ханаана – гістарычнай вобласці, на тэрыторыі якой у наш час размешчаныя Сірыя, Ізраіль і Іарданія. Мяркуецца, што пазней амарэйцы заснавалі ўласнае царства ў Месапатаміі.

Навукоўцы звярнулі ўвагу на тое, што ў старажытным клінапісе фразы на амарэйскай мове былі адразу ж перакладзеныя на акадскую мову, якая сучасным навукоўцам вядомая. Таму лінгвісты і правялі паралель з «Разецкім каменем», бо на адным ягоным баку быў нанесены надпіс на невядомай тады старажытнаегіпецкай мове, а побач размяшчаўся пераклад на старажытнагрэцкую мову.

Словам, выкарыстоўваючы вядомыя акадскія фразы, даследнікі здолелі расшыфраваць даўно страчаную амарэйскую мову. Аналізуючы граматыку гэтай таямнічай мовы, лінгвісты таксама вызначылі, што яна належыць да заходнесеміцкай сям'і моваў, у якую таксама ўваходзяць іўрыт і арамейская мова. Апошняя калісьці была шырока распаўсюджаная ў рэгіёне, але цяпер на ёй размаўляюць толькі ў некалькіх супольнасцях на Блізкім Усходзе.

Што тычыцца саміх тэкстаў, то навукоўцы мяркуюць, што яны былі выкананыя вавілонскім пісарам або ягоным вучнем, які гаварыў на акадскай мове, прычым самі тэксты, паводле іх вызначэння, больш падобныя на нейкае «імправізаванае практыкаванне, спароджанае інтэлектуальнай цікаўнасцю». Ёрам Коэн, ад'юнкт-прафесар асірыялогіі ў Тэль-Авіўскім універсітэце ў Ізраілі, таксама выказаў меркаванне, што гэтыя старажытныя таблічкі былі дапаможнікам для старажытных носьбітаў акадскай мовы, якім тэрмінова трэба было вывучыць амарэйскую мову. То-бок гэта быў найстаражытнейшы слоўнік.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках