БЧ увядзе новы графік руху цягнікоў
1- 13.10.2023, 21:11
- 2,612
З 10 снежня.
Беларуская чыгунка з 10 снежня ўводзіць новы графік руху цягнікоў на 2023–2024 гады. Сфармаваны ён «на падставе маніторынгу попыту на перавозкі і кірункі пераважных пасажыраплыняў», паведамілі ў БЧ. Курсіраваць будуць 383 пары пасажырскіх цягнікоў.
Са снежня па маршруце Віцебск – Менск – Віцебск будзе прызначаны новы цягнік міжрэгіянальных ліній. Ён будзе хадзіць у пятніцы і нядзелі, а таксама ў перадсвяточныя і святочныя дні.
«Маршрут цягніка міжрэгіянальных ліній № 635 Менск – Пінск будзе прадоўжаны да станцыі Брэст-Цэнтральны з прыпынкамі ў раённых цэнтрах Іванава (станцыя Янаў-Палескі), Драгічын, Кобрын і Жабінка», – расказалі ў БЧ.
Расейскі кірунак
На прамых цягніках, а таксама без перасадак можна будзе даехаць у расейскія Маскву, Санкт-Пецярбург, Калінінград, Адлер, Анапу, Мінеральныя Воды, Самару, Мурманск і Архангельск (праз Маскву, Яраслаўль і Волагду).
«Таксама ў летні перыяд 2024 года павялічаная перыядычнасць курсіравання цягнікоў да Адлера, Анапы і Калінінграда», – паведамілі ў БЧ.
Са снежня 2023 года будуць курсіраваць бесперасадачныя вагоны Менск – Мінеральныя Воды з перыядычнасцю праз дзень і Менск – Архангельск (праз Смаленск, Маскву, Яраслаўль, Волагду) з перыядычнасцю адзін раз на тыдзень. Цягнік № 68/67 Смаленск – Санкт-Пецярбург будзе ехаць з прыпынкам на станцыі Віцебск праз дзень.