«Паглядзела на жанчыну-вахцёрку — і мяне перасмыкнула»
- Вера Влуч, «Салідарнасць»
- 30.08.2026, 6:15
- 1,690
Пра незвычайныя камбэкі на бацькоўскім сходзе ў беларускай школе.
Прыйшла да сына ў школу на бацькоўскі сход перад пачаткам новага навучальнага года. Звычайна сюды так проста не зайдзеш: на ўваходзе стаіць турнікет. Вучні праходзяць строга па вучнёўскіх білетах. У дні бацькоўскіх сходаў прайсці можна, але неабходна напісаць прозвішча і распісацца ў журнале ў вахцёркі.
У гэты раз дазволілі прайсці і не адзначацца. Я здзівілася. Паглядзела на жанчыну-вахцёрку… і… мяне перасмыкнула. На ёй была форма, вельмі падобная да міліцэйскай. У папярэднія наведванні школы я гэтай формы на вахцёрах не заўважала.
Справа ў тым, што людзі ў форме пераследуюць мяне ўжо даўно. Спачатку гэта былі супрацоўнікі з шматлікіх кабінетаў усім вядомага будынка на праспекце Незалежнасці ў Мінску.
Пасля доўгіх допытаў яны накіравалі мяне да сваіх калег у форме ў «амерыканку».
Людзі ў форме з «амерыканкі» перавезлі мяне ў СІЗА на Валадарцы — зноў жа да людзей у форме, але ўжо іншага «рангу».
Потым былі людзі ў форме з канвою, які суправаджаў мяне ў суд, прычым неаднаразова. Менавіта гэтыя людзі ў форме казалі мне, што будуць страляць на паражэнне ў выпадку ўцёкаў.
Абвінавачвалі і судзілі мяне таксама людзі ў форме, прычым гэта былі жанчыны.
Наступныя людзі ў форме перавозілі мяне ў «сталыпінскім вагоне» ў калонію, з-за іх я ледзь не задухнулася.
У калоніі мяне зноў сустрэлі людзі ў форме, павесілі на мяне жоўтую бірку, прымушалі прызнаць віну і ўсяляк перавыхоўвалі.
Пасля цалкам адбытога тэрміну людзі ў форме нават і не думалі пакідаць мяне ў спакоі. На працягу працяглага перыяду «на волі» штотыдзень я павінна была прыходзіць да людзей у форме, каб быць прафілактычна ўлічанай, удзельнічаць у грамадска-карысных працах, пагашаць судзімасць.
Пры гэтым у перапынках паміж сустрэчамі ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі людзі ў форме пастаянна «наведвалі» мяне дома, часта рабілі гэта ўначы.
Але нават пасля пагашэння судзімасці ад людзей у форме не схаваешся, бо яны ўнеслі мяне ў «спіс экстрэмістаў» і могуць нагадаць пра сябе, калі ім захочацца. Пазваніць у любы час, прыйсці дадому без папярэджання, правесці вобшук, не дазволіць выехаць за мяжу, выклікаць на «гутарку» і гэтак далей.
І вось наступны камбэк. Класная кіраўніца сярод іншых арганізацыйных аб'яў паведаміла, што па патрабаванні дырэктара ўсе бацькі павінны падпісаць паперу аб тым, што яны азнаёмленыя з навовядзеннем у школе. Ідзе гаворка пра пастанову, якая дазваляе агляд рэчаў вучняў пры ўваходзе ў школу без прысутнасці бацькоў.
Як і большасць бацькоў, я была ў курсе навовядзення. Абурацца чым бы там ні было на бацькоўскіх сходах у школе я не адважваюся: не хачу нашкодзіць сыну і пабаюся чарговай сустрэчы з людзьмі ў форме.
Некаторыя бацькі дэманстратыўна закочвалі вочы. Але выказацца супраць ніхто не адважыўся: усе пакорліва падпісалі паперу.
Я ўявіла свайго сына, які ведае, як абазначыць свае межы, цяжка прачынаецца раніцай і ўжо даўно называе школу «шаражкай». Ён прыходзіць у школу, людзі ў форме лезуць у яго заплечнік, роюцца ў ягоных рэчах, фактычна ўварваюцца ў яго асабістую прастору.
Я ведаю, што такое агляд. Ведаю, як гэта прыніжальна. Голы шмон, які даводзілася праходзіць кожны раз пасля этапу з адной турмы ў іншую, часта сніцца ўначы.
Што я павінна сказаць сыну? Не хвалюйся, будзь спакойны, не абурайся, проста пакажы, што ў цябе ў заплечніку. Інакш… можна апынуцца… у турме…
Але цяпер паміж школай і турмой амаль няма адрозненняў. І ў турме, і ў школе нас сустракаюць людзі ў форме і ладзяць шмон.
Дарэчы, на сходзе класная, між іншым, паведаміла бацькам: «Калі вы выязджаеце з дзіцем за мяжу, або дзіця выязджае ў суправаджэнні іншых дарослых, вы абавязаны (!) паведаміць пра гэта дырэктару школы».
Падобна, мы ўсе, і дарослыя, і дзеці, — зняволеныя. Мы ў турме.
Вера Влуч, «Салідарнасць»