Навукоўцы: Спартоўцам трэба заклейваць рот скотчам
10- 3.10.2023, 18:45
- 14,420
Да гэтага выкруту ўжо звяртаюцца тэнісістка Свёнтэк і футбаліст Холан.
Правільнае дыханне ў ходзе выканання фізічных практыкаванняў вельмі важнае – каб цалкам перабудаваць арганізм на насавое дыханне, некаторыя спартоўцы і звычайныя людзі выкарыстоўваюць скотч або пластыр, заклейваючы рот і выключаючы магчымасць паступлення паветра такім шляхам. Высветлілася, што выключна насавое дыханне дапамагае ўнікнуць пераахаладжэння, прадухіляе траплянне інфекцый у арганізм, а таксама паляпшае паказнікі хуткасці і цягавітасці. Пра гэта паведамляе TimesNewsUK.
Рэч у тым, што калянасавыя пазухі працуюць як дэпо аксіду азоту. Гэтае злучэнне павялічвае ўтрыманне кіслароду ў крыві, што дазваляе палепшыць цягавітасць і хуткасць падчас заняткаў спортам. Калі дыхаць праз рот – арганізм не атрымае патрэбнай колькасці аксіду азоту, і гэта прывядзе да хутчэйшай стомы.
Даследаванне навукоўцаў з універсітэта Каларада паказала, што бегуны, якія падчас трэніровак на бегавой дарожцы заклейвалі рот скотчам, праз паўгода паказалі лепшыя вынікі, чым тыя, хто насіў заціскі для носа і дыхаў ротам.
Гэтым метадам карыстаюцца і дзейныя спартоўцы. Напрыклад, нарвежскі футбаліст Эрлінг Холан заклейвае рот пластырам падчас сну. Польская тэнісістка Іга Свёнтэк часам выкарыстоўвае клейкую стужку, каб выключыць дыханне ротам падчас трэніровак.
Акрамя таго, спецыяліст у лёгачнай фізіятэрапіі Робін Макнэліс адзначыў, што падчас насавога дыхання паветра выграваецца да аптымальнай тэмпературы і ачышчаецца ад бактэрый, пылку і забруджвальных рэчываў. Гэта дапамагае зрабіць практыкаванні на адкрытым паветры больш бяспечнымі.