3 сакавiка 2024, Нядзеля, 10:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Гэта самая дрэнная навіна для Лукашэнкі

5
Андрэй Саннікаў: Гэта самая дрэнная навіна для Лукашэнкі
АНДРЭЙ САННІКАЎ

Захад ужо не вернецца да стасункаў з беларускім дыктатарам.

Лідар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэй Саннікаў прыняў удзел у найбуйнейшым сусветным форуме аб бяспецы ў Галіфаксе (Канада).

Чым быў адметны форум у гэтым годзе? Ці ўздымалася тэма Беларусі? Ці працягне Захад падтрымліваць Украіну? Пра гэта палітык распавёў сайту Charter97.org:

- Форум у Галіфаксе, на мой погляд, самы цікавы, насычаны і дынамічны з падобнага кшталту форумаў. Ён дастаткова кампактны колькасцю ўдзельнікаў і прадстаўнічы паводле іх узроўню.

Сёлета можна адзначыць два яго адрозненні. Першае — гэта быў 15 юбілейны форум, таму арганізатары арганізавалі конкурс для маладых людзей пятнаццаці гадоў з розных краін. Разыгрываліся тры месцы для ўдзелу ў форуме.

Перамаглі тры пятнаццацігадовыя маладыя чалавекі, якія паказалі добрыя веды ў міжнародных пытаннях. Яны паўдзельнічалі ў форуме, задавалі пытанні сусветным лідарам. Іх вельмі цёпла прымалі.

Другое ж, галоўнае адрозненне, было ў тым, што ўвесь форум праходзіў пад знакам перамогі Украіны. Кожная сесія называлася: "Перамога ва Украіне", а далей - што гэта дасць. Пачынаючы з самага першага пленарнага пасяджэння, якое называлася "Зноў зрабіць свет бяспечным". Расшыфроўвалася, што для гэтага патрэбна перамога Украіны. І іншыя пленарныя сесіі называлі перамогу ва Украіне - прыкладам для Ізраіля, прасоўваннем новых тэхналогій, паляпшэннем сітуацыі ў Ціхаакіянскім рэгіёне, умацаваннем бяспекі ў свеце. Зададзеная тэма была вельмі магутнай. Вялікая колькасць украінцаў, якія прысутнічалі на форуме, высока гэта ацаніла, як і астатнія ўдзельнікі.

- Ці гучала тэма Беларусі?

- Ведаеце, трэба адыходзіць ад лінейнага ўспрымання. Тэма Беларусі - гэта не толькі назва краіны. Назва, вядома ж, гучала, але тэма – гэта нешта шырэйшае. Магу са шкадаваннем адзначыць, што тэма Беларусі дамінуе сёння ва ўсіх пытаннях, якія датычацца канфліктных сітуацый, паслаблення міжнароднай бяспекі. Чаму са шкадаваннем? Таму што мы шмат разоў казалі пра тое, наколькі важная Беларусь для нашага рэгіёна, для бяспекі ў свеце. Дыктатар Лукашэнкі - гэта не проста парушэнне правоў чалавека, а выклік міжнароднай бяспецы.

Нежаданне чуць дэмакратычныя сілы Беларусі прывяло да таго, што мы сёння вымушаны вяртацца вось да гэтых нявывучаных урокаў, многія з якіх датычацца нашай краіны.

Нам ёсць што расказаць. Я гэта і рабіў як адзіны ўдзельнік ад Беларусі, сустракаючыся з удзельнікамі форума. Ёсць што прапанаваць для развязання тых складаных праблем, якіх сёння назапасілася вельмі вялікая колькасць.

Калі вярнуцца да канкрэтнай назвы краіны, дык нікому не трэба было тлумачыць сітуацыю ў Беларусі. Адразу ж, калі называеш сябе, суразмоўцы пераходзяць да абмеркавання таго, што можна зрабіць, каб сітуацыя ў нас развязалася і як гэта дапаможа міжнароднай бяспецы.

— У сябе ў “Фэйсбуку” вы размясцілі фота з удавой сенатара Джона Макейна Сіндзі Х. Макейн і напісалі, што ёсць “дрэнныя навіны для Лукашэнкі”. Ці шмат кепскіх навінаў для Лукашэнкі вы прывезлі з Галіфакса?

ВЫКАНАЎЧЫ ДЫРЭКТАР ВПП ААН СІНДЗІ МАКЕЙН

- Скажу, што я не сустрэў нідзе ні ў аднаго з суразмоўцаў хоць нейкае жаданне паспрабаваць апраўдаць Лукашэнку, знайсці магчымасць супрацоўнічаць з дыктатарам, як гэта было раней. Не, размова ішла аб санкцыях. Пра тое, што гэта рэжым вырадкаў, якія нябачаную колькасць людзей сёння забіваюць у беларускіх турмах. З якімі трэба скончыць як мага хутчэй, як і з рэжымам Пуціна.

Дрэнных навін для Лукашэнкі шмат, таму што ён зараз спрабуе надзімацца, маўляў, “усё, што я буду рабіць, яны праглынуць”, “вернуцца да стасункаў са мной”. Не вернуцца, і гэта самая дрэнная навіна для яго і добрая для нас.

З выканаўчай дырэктаркай харчовай праграмы ААН Сіндзі Х. Макейн мы казалі пра тое, наколькі рэалістычныя ўсе спробы генеральнага сакратара ААН Гутэрыша, які ўсё больш сябе кампраметуе (да прыкладу - у сітуацыі з нападам ХАМАС на мірных жыхароў Ізраіля), вывесці Лукашэнку з-пад санкцый.

Сіндзі запэўніла, што яна вельмі добра ведае пра падобныя размовы, але ніякага працягу яны мець не будуць.

- З кім яшчэ вам удалося сустрэцца?

- З многімі. Цяпер у Канады новы міністр абароны Біл Блэр. Форум жа традыцыйна праходзіць пад патранажам міністэрства абароны гэтай краіны. Я пазнаёміўся з ім, мы абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі. Ён яшчэ раз пацвердзіў, як я і казаў, што яны цудоўна разумеюць, хто такі Лукашэнка. Канада актыўна ўдзельнічае ў нарошчванні патэнцыялу NАТО ў Еўропе, у тым ліку - і ў суседніх з Беларуссю краінах.

ВЫКАНАЎЧЫ ДЫРЭКТАР ВПП ААН СІНДЗІ МАКЕЙН

Размова была пра тое, наколькі можа быць небяспечны гэты дыктатар і другі вар'ят з Крамля. Яны добра разумеюць і небяспеку, звязаную з магчымым размяшчэннем ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі.

На форуме быў былы прэм'ер-міністр Ізраіля, генерал Эхуд Барак, які вельмі прафесійна і падрабязна расказаў пра тое, што напраўду адбываецца ў сектары Газа і ў Ізраілі. Як чалавек, які непасрэдна сутыкаўся з усім гэтым, ведае ўсе пратаколы, ён казаў, што прапагандысцкая хлусня сёння проста зашкальвае. У Ізраіля ёсць вызначаныя правілы паводзін падчас баявых дзеянняў супраць тэрарыстаў.

ПРЭЗІДЭНТ ФОРУМА ПІТЭР ВАН ПРААГ І БЫЛЫ ПРЭМ'ЕР ІЗРАІЛЯ ЭХУД БАРАК

Першае правіла абвяшчае, што цывільнае насельніцтва, напрыклад - у сектары Газа, папярэджваюць загадзя аб падрыхтоўцы аперацыі. Іх просяць сысці з жылых кварталаў, дзе размясціўся ХАМАС.

Гэта ж ён казаў і пра шпіталь Аль-Шыфа, які якраз у гэтыя дні штурмавалі. Ізраільскія вайскоўцы і лекары шпіталя цудоўна ўзаемна інфармаваныя, што можа і будзе адбывацца.

Эхуд Барак вельмі дэталёва, што было карысна, тлумачыў, наколькі Ізраіль выконвае ім жа ўсталяваныя правілы, хоць сам ён з'яўляецца рэзкім крытыкам цяпер дзейнага прэм'ера Ізраілю Біньяміна Нетаньяху.

Найперш ён крытыкуе яго за адсутнасць дапамогі Украіне. Эхуд Барак казаў некалькі разоў, што адна з найбуйных памылак цяперашняга ўрада ў тым, што яны не адразу палітычна і практычна вызначыліся з дапамогай Украіне.

На форуме прысутнічала вялікая колькасць дэлегатаў Сусветнага кангрэса свабоды, у кіраўніцтва якога я ўваходжу. Былі яго прэзідэнт Масіх Алінеджад, віцэ-прэзідэнт Гары Каспараў. Прысутнічаў генералітэт краін NАТО, кіраўніцтва Альянсу, з якімі я таксама сустракаўся. Мы абмяркоўвалі сітуацыю з пункту гледжання бяспекі ў рэгіёне, прасоўвання Украіны ў NАТО, магчымай падрыхтоўцы Расеі да чарговай агрэсіі ў дачыненні да Еўропы.

ПРЭЗІДЭНТ СУСВЕТНАГА КАНГРЭСУ СВАБОДЫ МАСІХ АЛІНЕДЖАД

Гэты форум быў, мабыць, самым карысным у плане "праверкі гадзіннікаў", што сёння абмяркоўваюць у свеце ў галіне бяспекі. Ён даў яснасць, якія крокі рыхтуюцца ў той жа вайне ва Украіне і гэтак далей. На форуме былі і змагары за свабоду з краін, дзе кіруюць дыктатарскія рэжымы. Напрыклад, была Яўгенія Кара-Мурза, з якой мы ў вельмі добрых стасунках. Я выказаў ёй сваю падтрымку ў сувязі са складанай сітуацыяй з Уладзімірам Кара-Мурзай.

Евгения Кара-Мурза

ЯЎГЕННЯ КАРА-МУРЗА

Цікава было пагаварыць з украінцамі, у тым ліку - аб дзейнасці нашых добраахвотнікаў ва Украіне, у дачыненні да іх, якія праблемы там існуюць.

— Сёння шмат хто кажа пра стомленасць ад вайны. Зыходзячы з выступаў, настрояў, дыялогаў у кулуарах, якое ў вас склалася ўражанне, ці ёсць рашучасць у Захаду працягваць падтрымку Украіны?

- Нездарма арганізатары форуму (перш за ўсё - мой добры сябар, прэзідэнт форуму Пітэр Ван Прааг) пазначылі тэму менавіта як “Перамога ва Украіне”. У гэтых трох словах закладзены вялікі сэнс. Гэта азначае і перамогу Украіны, і перамогу сіл дэмакратычнага свету, сіл дабра ў абароне і дапамозе Украіне.

Канешне, стомленасць ёсць, ніхто гэтага не хавае. Ёсць пэўныя лагістычныя праблемы, звязаныя з недахопам і ўзбраенняў, і боепрыпасаў. Ёсць шмат праблем, але ўвесь час падкрэслівалася і гучала, што “ў нас няма права на паразу”. Мы можам абмяркоўваць, што будзе азначаць перамога ва Украіне (акрамя поўнага вызвалення тэрыторый), але абмяркоўваць магчымасці адысці ад падтрымкі Украіны ніхто не збіраўся.

НАМЕСНІК ПАМОЧНІКА ГЕНЕРАЛЬНАГА З САКРАТАРА NАТО ДЖЭЙМС АПАТУРАЙ
НЯДАЎНІ НАМЕСНІК МІНІСТРА АБАРОНЫ УКРАІНЫ, ЖУРНАЛІСТ І ПАЛІТЫК АНДРЭЙ ШАЎЧЭНКА
ПЕРШАЯ ЖАНЧЫНА-БАЯВЫ ГЕНЕРАЛ КАНАДЫ ДЖЭНІ КАРЫН'ЯН
ЭКС-ПРЭЗІДЭНТ ЭСТОНІІ ТОАМАС ІЛЬВЕС
Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках