27 лiпеня 2024, Субота, 2:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці пасадзяць дырэктара МТЗ за спынены канвеер?

22
Ці пасадзяць дырэктара МТЗ за спынены канвеер?

Эканаміст расказаў, чаму гігант беларускай прамысловасці апынуўся на лапатках.

У аўторак СМІ паведамілі, што на Менскім трактарным заводзе спыніўся галоўны канвеер, прадпрыемства бярэ крэдыты, каб выплаціць заробкі, а працаўнікоў чакаюць вялікія навагоднія вакацыі.

Як так атрымалася, што некалі гігант беларускай прамысловасці сёння апынуўся на лапатках? З гэтым пытаннем сайт Charter97.org звярнуўся да беларускага палітолага і эканаміста Змітра Балкунца:

– Менскі трактарны завод – не першае прадпрыемства, якое бярэ крэдыты на выплату заробкаў. Гэта адбываецца цягам ужо больш як 20 гадоў. Дакладна ведаю, што многія прадпрыемствы рэгулярна звярталіся ў банкі па крэдыты, каб выплаціць заробкі мінулых гадоў.

Як правіла, крэдыты не вяртаюцца і пазыкі назапашваюцца. Што тычыцца МТЗ, то тут сітуацыя, мяркую, звязаная, з аднаго боку, з санкцыйнай палітыкай, з другога – са складанасцямі на рынку збыту. Бо Расея была асноўным рынкам для гэтага завода. Магчыма, узніклі праблемы і з пастаўкай камплектавальнікаў. Абсталяванне на гэтым прадпрыемстве састарэла.

Дарэчы, трактар «Беларусь» з'яўляецца сімвалам і брэндам Беларусі. Упэўнены, што прадукцыя, якую выпускаюць працоўныя МТЗ, у будучыні будзе запатрабаваная на розных рынках. Але ва ўмовах знешняй ізаляцыі, у якую трапіла Беларусь, шукаць новыя рынкі збыту даволі складана. Гэта ўплывае і на прыбыткі прадпрыемства, заробкі.

У гэтай сітуацыі хочацца, каб працаўнікі завода выяўлялі большую салідарнасць са сваімі калегамі, звольненымі ў мінулыя месяцы і гады, не спадзяваліся на новыя падачкі, а адстойвалі свае правы, як гэта прынята ў цывілізаваным свеце.

– Якія сферы беларускай прамысловасці знаходзяцца пад пагрозай трапіць у такое становішча?

– Складана ацаніць, таму што звесткі статыстыкі недаступныя. Напрыклад, у «Белавія» былі праблемы, звязаныя з лагістыкай. Парушыліся лагістычныя ланцужкі і чыгуначных грузавых перавозак.

Праблемы могуць узнікнуць у Беларускага металургічнага завода (БМЗ), бо ў іх важнай часткай збыту былі краіны ЕЗ. У нафтаперапрацоўчых заводаў асноўным рынкам збыту былі Украіна і ЕЗ. Нават не ведаю, куды яны цяпер збываюць нафтапрадукты. Магчыма, спрабуюць на расейскі рынак пастаўляць, але відавочна не на тых умовах, якія былі да лютага 2022 года.

У цэлым хачу адзначыць, што санкцыйная палітыка ЕЗ не дасягнула эфекту, якога чакала беларускае грамадства. У рэжыму атрымліваецца спакойна абыходзіць санкцыі. Мы бачым, што ў статыстыцы гандлю паміж ЕЗ і Беларуссю назіраецца павелічэнне экспарту ў нашу краіну. Далей гэты тавар едзе ў Расею і, вядома ж, Лукашэнка зарабляе на лагістыцы. Гэта дае яму рэсурсы для далейшых рэпрэсіяў і гэтак далей.

Калі б ЕЗ праводзіў сёння больш жорсткую палітыку з ультыматумамі, у тым ліку перакрыцце чыгункі для грузаў, то гэта прывяло б да бачнага, адчувальнага выніку ў выглядзе, напрыклад, вызвалення ўсіх палітвязняў без якіх-небудзь умоваў і абмежаванняў.

Але, на жаль, сёння не бачу ў Еўропе ніводнага палітыка, здольнага вельмі жорстка размаўляць з Лукашэнкам. Кожная краіна адстойвае свае інтарэсы, інтарэсы бізнэсу. Яны вядуць з РФ гандаль абыходнымі шляхамі. Гэта дае Лукашэнку і Пуціну падставы прадаўжць тое, што яны робяць.

Падкрэсліваю, патрэбная больш жорсткая рэакцыя беларускай дыяспары і палітыкаў, якія маюць голас на знешняй арэне, для абыходжання з жорсткімі патрабаваннямі да краінаў ЕЗ, каб тыя ўжывалі катэгарычныя захады, а не абмяжоўваліся толькі нейкімі дыпламатычнымі нотамі.

Гэта вельмі важна і для трактарнага завода. Відавочна, што жыць ва ўмовах санкцыяў – дэградацыя. Трэба ўсё ж такі развязаць палітычны крызіс, які задоўжыўся, і пераходзіць да новага развіцця краіны, якое, безумоўна, мае перспектывы значна лепшыя, чым тыя, якія ёсць сёння.

– Учора Лукашэнка зняў з пасады свайго памочніка, арыштаванага экс-міністра сельскай гаспадаркі Ігара Брыло. Ці варта напружыцца дырэктару МТЗ?

– Мяркую, што дырэктар МТЗ не першы і не апошні, хто знаходзіцца пад пагрозай. Калі спатрэбіцца, то яго таксама здымуць і выправяць куды-небудзь. Але з Брылом гісторыя, мяркую, звязаная з тым, што яны з Лукашэнкам не сышліся характарамі.

Успомнім знакамітую нараду, якая была ў лютым 2023-га года, калі Брыло спрачаўся з Лукашэнкам замест таго, каб хваліць. Гэта, відаць, выклікала жорсткую рэакцыю. Тут жа была дадзеная каманда з Брылом разабрацца, але гэта было адкладзена ў часе.

Калі інфармацыя, што Брыло затрыманы і арыштаваны, дакладная, то гэта азначае, што ён атрымае тэрмін, потым яго Лукашэнка амністуе і паставіць дырэктарам самага стратнага прадпрыемства Беларусі. Вось такі ўрок для іншых чыноўнікаў, што з правадыром нельга так сябе паводзіць.

Гэта паказнік таго, што Лукашэнка будзе прадаўжаць рэпрэсіі нават сярод людзей, якія яшчэ ўчора былі міністрамі. Для яго яны проста шрубкі сістэмы, што зневажаюцца перад ім, не маючы пачуцці ўласнай годнасці.

Мяркую, што хоць часам трэба мець характар і кіравацца не толькі заробкам, але ўсё ж быць вышэйшым за пасады. Бо сёння міністр, а заўтра – у турме. І што з гэтага?

Такі ж лёс можа чакаць і іншых людзей, якія сёння знаходзяцца ў атачэнні Лукашэнкі. У тым ліку – самым блізкім.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках