21 сакавiка 2023, aўторак, 10:13
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Вайсковы экспэрт: Шайгу і Герасімаў правалілі задачу Пуціна

8
Вайсковы экспэрт: Шайгу і Герасімаў правалілі задачу Пуціна

Што цяпер адбываецца ў Вуглядары і навошта ён РФ.

Вядучы экспэрт Украінскага цэнтра даследавання праблем бяспекі імя Дзмітрыя Тымчука, украінскі вайскова-палітычны аглядальнік Аляксандр Каваленка распавёў сайту Charter97.org аб актуальнай сітуацыі на фронце:

- Расейскія акупанты, сапраўды, цяпер імкнуцца захапіць Вуглядар. У перспектыве гэтае мястэчка з'яўляецца для іх свайго кшталту буферам бяспекі для арганізацыі транспартных злучэнняў, лагістыкі з усходу на поўдзень. Бо паўднёвая групоўка мае сур'ёзныя праблемы менавіта з лагістыкай.

На сёння асноўным транзітным вузлом РФ для адпраўкі на паўднёвы плацдарм матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння з’яўляецца Крымскі мост. Вось яны і жадаюць паспрабаваць інтэнсіўнасць гэтых паставак падвысіць праз чыгуначныя шляхі з усходу на поўдзень, але для гэтага ім неабходна захапіць Вуглядар. Паколькі з гэтай лакацыі прастрэльваецца практычна ўся лагістыка з усходу на поўдзень.

Акупанты, дарэчы, ужо не першы раз праводзяць наступальную аперацыю ў накірунку Вуглядару. У пачатку лістапада мінулага года яны таксама разгарнулі наступ сіламі падраздзяленняў пяці батальёнаў тактычных груп, але ў раёне невялікай вёскі Паўлаўкі ў іх усё накрылася медным тазам. Усе пяць батальёнаў «сцерліся», страцілі баяздольнасць.

Цяпер яны сканцэнтравалі крыху большы рэсурс. Гэта, у першую чаргу, падраздзяленні 42-й мотастралковай дывізіі, 58-й агульнавайсковай арміі, 40-й і 155-й асобнай гвардзейскай брыгады марской пяхоты Ціхаакіянскага флоту. Апроч усяго іншага, яны яшчэ ў рэзерве трымаюць не менш за тры батальёны некалькіх мотастралковых брыгад і падраздзяленні ПВК «Патрыёт».

Гэта значыць, рэсурс сур'ёзны. За першыя 1,5 тыдня баявых дзеянняў практычныя падраздзяленні 40-й і 155-й «сцерліся», страцілі баяздольнасць і цяпер уводзяцца рэзервы. У рэзерваў ёсць перспектыва рушыць наперад, але, з іншага боку, ім цяпер крытычна бракуе артылерыйскай падтрымкі. Яны не расцанілі магчымасці артылерыі і забеспячэнне яе боекамплектам. Таму не выключана, што і рэзервы напаткае той жа самы вынік, што і 155-ку.

- Як вы ацэньваеце пагрозу новага наступу Расеі?

- Цяпер мы фіксуем канцэнтрацыю расейскіх сіл і сродкаў з двух кірункаў: паўднёвага і ўсходняга. Акупанты хочуць стварыць нейкае падабенства акружэння Данецкай вобласці. Сутнасць гэтага ўсяго палягае ў тым, што паўднёвая групоўка РФ мае катастрафічную неўкамплектаванасць не толькі ў тэхнічным складніку, але і ў асабовым складзе.

Калі ж казаць пра ўсходнюю групоўку, то там практычна поўная камплектацыя асабовым складам, у першую чаргу, за кошт так званых «часткова мабілізаваных». Пры гэтым аналагічная праблема з камплектацыяй тэхнікай. Няма штатнага ўкамплектавання па кожным падраздзяленні. Увогуле, баявыя дзеянні ў значнай ступені могуць актывізавацца. Але вынік гэтай актывізацыі мне бачыцца ў даляглядзе даволі сумнеўным.

Пуцін паставіў цяпер перад Шайгу (міністр абароны РФ - заўв.) і Герасімавым (камандуючы аб'яднанай групоўкай войскаў РФ ва Украіне - заўв.) задачу выйсці да адміністрацыйных межаў Данецкай вобласці да вясны або вясной. Гэтую задачу яны не выканаюць, бо ў іх проста няма неабходнага для гэтага рэсурсу. Той, што ёсць, можа толькі імітаваць наступальныя дзеянні.

- Вайна доўжыцца ўжо практычна год. За ўсе гэтыя месяцы Пуцін так нічога і не дабіўся ва Украіне. Пра што гэта гаворыць?

- Праз 21 дзень будзе гадавіна поўнамаштабнага ўварвання. Расейцы ўжо больш за сем месяцаў спрабуюць акупаваць Бахмут. Невялікі гарадок. Як вы думаеце, ці змогуць яны за тры тыдні выйсці да адміністрацыйных межаў Данецкай вобласці? Вядома ж не!

У гэтым і ёсць уся сутнасць страты расейскім войскам патэнцыялу і рэсурсу, пачынаючы ад «Кіеў за тры дні» і заканчваючы «Салядар за два месяцы». Вось яна розніца паміж тым патэнцыялам, які быў, а які ёсць цяпер.

У зоне баявых дзеянняў усё вельмі актыўна мяняецца, але агульная сітуацыя менавіта такая. Яны не здольныя праводзіць цяпер маштабныя наступальныя аперацыі з акупацыяй вялікіх тэрыторый. Бо ім цяпер неабходна правесці аперацыю, у межах якой павінна быць акупавана прыкладна 15 тысяч квадратных кіламетраў тэрыторыі. Гэта вельмі аб'ёмны пляц для тых рэсурсаў, якія ў іх ёсць у распараджэнні.

Адзначу, што чалавечы рэсурс без тэхнічнага - нішто. Цяпер у Расеі ёсць толькі людскі кампанент, а тэхнічны складнік яны не могуць забяспечыць ад слова зусім. Гэта датычыцца і артылерыі, і тэхнікі.

- Як вы ацэньваеце наогул тактыку РФ у вайне з Украінай?

- Сама па сабе тактыка жывых хваль, якую выкарыстоўваюць акупанты, абсалютна сябе не апраўдвае. Вось яны захапілі Салядар, а што здарылася з ПВК «Вагнера»? Групоўка, якая была сканцэнтраваная ва Украіне, практычна перастала існаваць. Вось такая цана. А хіба Салядар - гэта нейкі глабальны, стратэгічнага значэння вузлавы аб'ект? У тым і справа, што не. Цэлую групоўку, велізарную колькасць рэсурсу паклалі на тое, каб захапіць маленькае мястэчка.

Такое далейшае прасоўванне проста абнуліць і нівеліруе ўвогуле ўвесь пакінуты патэнцыял расейскага войска. Застанецца выключна разлік на людскі рэсурс, які, зноў жа, пры нівеліраваным тэхнічным патэнцыяле не будзе ўвогуле адыгрываць нейкай значнай ролі ў сучаснай вайне.

Усяму свой час. У нейкі момант пункт невяртання для расейскага войска, які, у прынцыпе, ужо блізка, наступіць. Тады яны не змогуць не тое што весці наступальныя дзеянні, але нават і абаронныя.

Бо абарону трэба весці не толькі за кошт «тушак», а і за кошт артылерыі, сярэдняй і лёгкабраняванай тэхнікі, і, вядома ж, цяжкабраняванай тэхнікі. У Расеі гэта ўсё ўжо нівеліруецца.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».