27 красавiка 2024, Субота, 4:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі афіцыйна з'явілася новая прафесія

6
У Беларусі афіцыйна з'явілася новая прафесія

Разбежка заробкаў – ад 600 да 2500 рублёў.

У Беларусі афіцыйна прызнаная новая прафесія – фларыст: цяпер яе можна ўказваць у дамове і працоўнай кніжцы, піша zerkalo.io.

Якія патрабаванні

Для фларыстаў зацверджаны спецыяльны прафесійны стандарт, ён унесены ў Адзіны тарыфна-кваліфікацыйны даведнік працаў і прафесій працоўных. Паводле яго, фларыст у залежнасці ад кваліфікацыі можа мець 3-і, 4-ы ці 5-ы разрад.

Так, фларыст 3-га разраду павінен умець падрыхтаваць працоўнае месца і прыбраць яго да канца змены, у тым ліку ўтылізаваць адкіды. Яму належыць разбірацца ў відах і назвах кветак і батанічных матэрыялаў, ведаць іх значэнні ў розных культурных і нацыянальных традыцыях. Акрамя таго, ён павінен умець апрацоўваць і пакаваць зрэзаныя кветкі і ствараць простыя фларыстычныя вырабы.

Да супрацоўніка 4-га разраду патрабаванні вышэйшыя – ён павінен умець вырабляць вырабы сярэдняй складанасці, у тым ліку круглыя, каскадныя і асіметрычныя кампазіцыі ў спіральнай і паралельнай тэхніках. Яму трэба будзе ствараць і перасаджваць кампазіцыі з гаршковых раслінаў, таксама на ім афармленне тавару са склада, прыём заказаў, разлік з пакупнікамі і вядзенне ўліковай дакументацыі.

А працаўнік 5-га разраду, акрамя ўсяго вышэйпералічанага, павінен умець вырабляць яшчэ і складаныя вырабы нестандартных формаў, ствараць фларыстычны дэкор інтэр'еру і экстэр'еру, кветкавыя стэнды, ведаць асаблівасці пратакольнага, вясельнага, жалобнага, святочнага афармлення.

Колькі плацяць фларыстам

На сайце rabota.by цяпер шукаюць фларыстаў на 42 вакансіі ў Менску. Разбежка заробкаў – ад 600 да 2500 рублёў, часцей за ўсё гатовыя плаціць прыкладна 1000–1200 рублёў. Сярод патрабаванняў – уменне складаць букеты і кветкавыя кампазіцыі, у тым ліку паводле фота, догляд раслінаў, кансультаванне пакупнікоў і вядзенне касы.

Як з'яўляюцца прафесіі

Нагадаем, у Беларусі найменне ўсіх прафесій вызначаецца згодна з кваліфікацыйнымі даведнікамі, на якія абавязаныя абапірацца дзяржаўныя і прыватныя арганізацыі. Толькі пасля зацвярджэння прафстандарту наймальнік можа ўключыць тую ці іншую прафесію ў штатны расклад арганізацыі і прыняць супрацоўніка на працу, у тым ліку ўказаўшы ягоную пасаду ў дамове і працоўнай кніжцы.

Распрацаваць прафесійны стандарт часта прапануюць зацікаўленыя ў гэтым асацыяцыі і буйныя арганізацыі. Напрыклад, у выпадку з фларыстамі адным з ініцыятараў стаў каледж дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва.

А летась з падачы розных асацыяцый у Беларусі з'явіліся яшчэ чатыры прафесіі – наладнік апаратнага праграмнага забеспячэння, мантажнік фасадных сістэмаў, лазеннік і барыста. А з ініцыятывы трактарнага завода распрацоўваецца прафстандарт «лічбавая метралогія».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках