У Японіі выставілі абвінавачанне арганізатару перасадак органаў у Беларусі
17- 21.03.2023, 11:00
- 15,184
З трох пацыентаў выжыў толькі адзін.
Японская пракуратура выставіла абвінавачанне дырэктару Асацыяцыі пацыентаў з цяжкавылечнымі захворваннямі Хірамічы Кікучы (Hiromichi Kikuchi) у незаконным садзейнічанні трансплантацыі органаў, піша «Белсат» са спасылкай на Kyodo. Аперацыі праводзіліся ў Беларусі.
Кікучы арыштавалі 7 лютага 2023 года паводле падазрэння ў парушэнні закона аб перасадцы органаў. У 2021-2022 гадах узначаленая ім асацыяцыя адправіла ў Беларусь трох пацыентаў з Японіі і атрымала за гэта больш за 130 млн ен (каля $1 млн), паведамляла Yomiuri Shimbun.
62-гадовы Кікучы дапамог 50-гадоваму мужчыну з хваробай нырак правесці трансплантацыю і атрымаў за гэта 18,5 млн ен. Таксама ён без дазволу Міністэрства аховы здароўя Японіі за 33 млн ен арганізаваў перасадку пячонкі 40-гадоваму мужчыну. Два пацыенты памерлі пасля ўскладненняў восенню 2022 года. Яшчэ адзін 45-гадовы пацыент заплаціў блізу 85 млн ен за перасадку ныркі і пячонкі.
З гэтых трох пацыентаў выжыў толькі адзін, двое памерлі ад ускладненняў пасля аперацыі. Ім перасаджвалі органы ад памерлых беларусаў.
Паліцыя канфіскавала спіс са 150 прозвішчаў, зацікаўленых у трансплантацыі.