23 красавiка 2024, aўторак, 15:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзе ў Беларусі могуць размясціць ядзерную зброю?

25
Дзе ў Беларусі могуць размясціць ядзерную зброю?

Пяць варыянтаў.

Пуцін мае намер размясціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю. Некаторыя экспэрты ўпэўненыя, што Расея задумала не толькі размясціць, але і запусціць ядзерную зброю з тэрыторыі Беларусі. Дзе гэтую зброю могуць размясціць?

Новаколасава, што каля Стоўбцаў, паміж Менскам, Наваградкам і Слуцкам, журналісты «Белсата» ўважаюць за найбольш магчымае месца.

Да распаду Савецкага Саюза ў Беларусі дыслакаваліся чатыры дывізіі і 17 ракетных палкоў, ракетная база і навучальны цэнтр. Але быў толькі адзін арсенал ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння - 25-ы, у вайсковым гарадку «Стоўбцы-2», які цяпер з'яўляецца пасёлкам Новаколасавым.

У Новаколасаве захоўвалі 1120 ядзерных боезарадаў. У 1996 годзе, калі быў скончаны вывад ядзернай зброі з Беларусі, у Новаколасаве размясціўся 25-ы арсенал ракетна-артылерыйскага ўзбраення Беларусі. Ракетчыкі атрымалі аб'ект з узмоцненай аховай, тры шэрагі калючага дроту пад напружаннем 3000 В, датчыкі руху, вышкі аховы, камеры.

У 2021 годзе (акурат калі Лукашэнка ўпершыню сказаў аб магчымасці размяшчэння ядзернай зброі і гатовыя для гэтага «сараі») у Новаколасаве пачалося нейкае будаўніцтва. Амерыканскі тэлеканал CNN меркаваў, што там будуюць канцлагер для палітычных вязняў. Беларускія ўлады сцвярджалі, што гэта няпраўда, але што будуюць, не казалі. А маштабнае будаўніцтва відаць нават на спадарожнікавых здымках мапаў Google.

Гэта найболей магчымае, але не адзінае месца размяшчэння ядзернай зброі. Журналісты назвалі яшчэ некалькі месцаў.

Зябраўка пад Гомелем - былы савецкі аэрадром авіяцыі далёкага дзеяння, які быў закінуты ў сярэдзіне 1990-х. У пачатку 2022 года там пачалі размяшчаць расейскіх вайскоўцаў, якія рыхтаваліся да ўварвання ва Украіну. З пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне там з'явіўся мабільны палявы шпіталь і расейскія верталёты, а пасля прайгранай Расеяй бітвы за Кіеў там размясцілі расейскія ракетныя сістэмы - і расейцы пачалі запускаць ракеты па Украіне. У жніўні 2022 года там нешта гарэла і выбухала. Але і пасля таго здарэння ў Зябраўцы працягнулі будаваць.

Паўлаўка пад Слуцкам - яшчэ адна былая вайсковая база, дзе былі савецкія ракеты. У канцы існавання СССР там нават быў ракетны комплекс «Таполя», здольны запускаць ядзерную зброю. Частку ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння перарабілі пад «лячэбна-працоўны прафілакторый» (месца зняволення і прымусовай працы для хворых на алкагалізм), а ў 2020 годзе, імаверна, ператварылі ЛПП у сапраўдны канцлагер для палітычных зняволеных.

Лунінец - загадкавае месца. Там ствараюць зенітна-ракетны полк і будуюць вайсковы аэрадром, хаця побач пад Берасцем ужо ёсць 115-ы зенітна-ракетны полк, а Лунінец даволі блізка да мяжы з Украінай і ў дасяжнасці гіпатэтычнага ўкраінскага ракетнага нападу.

БелАЭС - таксама зручнае месца для размяшчэння ядзернай зброі. Мясцовыя казалі, што тое, што бачылі на будаўніцтве, больш нагадвае пускавыя шахты для стратэгічных ракет. Ён сумняваецца, ці гэта канспіралогія, ці імаверная тэорыя, але кажа, што не здзівіцца, калі ядзерны аб'ект схаваюць бліжэй да атамнай станцыі: «Туды ж ніхто страляць не стане».

«Ядзерныя адрыны», пра якія казаў Лукашэнка ў 2021 годзе, ёсць і ў іншых месцах. Закінутыя і напаўразбураныя савецкія ангары і сховішчы каля Калінкавічаў, пад Баранавічамі, пад Смаргонню, пад Ружанамі, побач з Жыткавічамі, пад Полацкам. У стане «не зусім руін» было толькі першае сховішча, каля аэрадрома «Бабровічы»: там гадавалі грыбы-вешанкі.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках