У Аргентыне актывісты запатрабавалі ад рэжыму Лукашэнкі вызваліць беларускіх рабочых
8- 13.04.2023, 21:39
- 11,794
Акцыя адбылася ля амбасады Беларусі ў Аргентыне.
Акцыя ў рамках міжнароднай кампаніі "Дзейнасць прафзвязаў - не экстрэмізм!" адбылася напярэдадні каля пасольства Беларусі ў Аргентыне.
Удзельнікі акцыі пратэсту супраць рэпрэсій беларускіх уладаў у дачыненні да актывістаў прафзвязаў трымалі ў руках фатаграфіі, на якіх паказаныя падзеі жніўня 2020 года ў Беларусі.
Пра гэта паведамляе асацыяцыя "Салідарнасць", заснаваная лідэрамі прафесійных звязаў і актывістамі з Беларусі, якія вымушана пакінулі краіну пасля ліквідацыі і рэпрэсій у дачыненні да дэмакратычных прафзвязаў.

Акцыя была прымеркаваная да гадавіны масавых затрыманняў і арыштаў лідэраў незалежных і свабодных прафзвязаў Беларусі. Арганізатарамі акцыі выступілі Сацыялістычны рух працоўных (MST), Рабочы левы фронт "Адзінства" і Міжнародная сацыялістычная Ліга (LIS).

Аргентынскія актывісты запатрабавалі ад рэжыму Лукашэнкі вызваліць лідэраў, асуджаных за выяўленне сваёй грамадзянскай і прафзвязовай пазіцыі, а таксама зняцця ўсіх абвінавачанняў, спынення пераследу працоўных за іхнюю прыналежнасць да незалежных прафесійных звязаў і гарантый дзейнасці аб’яднанняў працоўных у краіне.
На акцыі выступіў Гільерма Паканіні, генеральны сакратар Звязу прафесійных работнікаў аховы здароўя CICOP у Буэнас-Айрэсе, які сам праходзіў праз жорны рэпрэсій і знішчэнне прафзвязаў вайсковай хунтай у 80-я гады мінулага стагоддзя.