2 траўня 2024, Чацвер, 4:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Можа быць сацыяльны выбух»

17
«Можа быць сацыяльны выбух»

Экс-супрацоўнік сістэмы адукацыі пра балы на ЦЭ.

– Мы правільна разумеем, што перавод на 100-бальную сістэму не спрацаваў? – пацікавілася Еўрарадыё ў былога супрацоўніка сістэмы адукацыі, які захацеў застацца невядомым. Такое пытанне выклікала хвалю абурэння і жартаў, якія пакідаюць у сацыяльных сетках беларускія выпускнікі, абмяркоўваючы вынікі цэнтралізаваных іспытаў.

Адны ўжо збіраюцца ў войска, іншыя прыкідваюць, куды можна пайсці працаваць без вышэйшай адукацыі ў 17 гадоў, і ўсе разам клянуць дырэктара РІКВ Юрыя Міксюка з ягонай сістэмай ацэнкі ведаў.

Што адбываецца і да чаго гэта можа прывесці?

– Усё на самай справе вельмі проста, – адказвае наш эксперт. – Не спрацавала сістэма фальсіфікацыі вынікаў ацэнкі ўзроўню адукаванасці навучэнцаў. Я думаю, РІКВ зрабіў гэта наўмысна. У яго была задача – схаваць праблемы, якія ёсць у сістэме адукацыі. На жаль, у многіх беларускіх школьнікаў не стае ведаў, каб атрымаць станоўчыя адзнакі. Таму РІКВ трэба было чарговы раз падмануць усіх і сказаць, што ўсё добра.

Мне здаецца, што праграмісты паспрабавалі нешта падкруціць, а з улікам таго, што на цэнтралізаваным іспыце прыбралі заданні пятага ўзроўню, ім трэба было спецыяльна падправіць код. Адбылася памылка: адно на адно наклалася, і сістэма не спрацавала.

У першую чаргу гэта закранула тых, хто сур'ёзна ставіўся да ведаў і рыхтаваўся да іспытаў. Іх вынікі будуць вельмі нізкімі.

Пры гэтым перавесці сістэму не так і складана: гэта як перавесці еўры ў даляры. Усе разумеюць, як гэта робіцца, але ў чужым праграмным кодзе разабрацца цяжка.

Будзе вельмі цікава назіраць, як там пачнуць апраўдвацца, як сёння правядуць бяссонную ноч, каб заўтра зрабіць афіцыйную заяву.

– Як, на вашую думку, будзе выкручвацца сістэма і чым гэтая гісторыя скончыцца?

– Мне здаецца, пачнуць шукаць вінаватых. Думаю, гэта будуць яйкагаловыя айцішнікі, якія дапусцілі памылкі. Бо атрымліваецца, што яны адказваюць за вынік: пераводзяць методыкі падману ў лічбавы фармат, каб вынікі лічыліся. Мне падаецца, што крайніх знойдуць. Мо які Міксюк пойдзе на пенсію, але і гэта не факт. Ім трэба забяспечыць стабільны прыём.

Яны нешта зробяць, нешта адкоцяць назад. Пакуль яны абралі пазіцыю: «Гэта не мы, а ўсё, што пішуць у сеціве, – гэта фэйкі». Таму чакаем заўтрашняга дня. Складана прагназаваць, тут як з сітуацыяй, калі Лукашэнка знікае з радараў, а ягоны пул піша, што ён працуе з дакументамі... чацвёрты дзень.

– У сацсетках відаць, як гэтая сітуацыя абурае моладзь. Вучні, не хаваючы эмоцый, клянуць сістэму адукацыі і ўсё, што з ёю звязана…

– Я не ведаю, што яны будуць рабіць. У такім узросце ў цябе вельмі абвостранае пачуццё справядлівасці. Зразумела, што ўся гэтая сітуацыя нанесла моладзі вялікую крыўду. Вучням балюча, і што будзе далей – невядома. Вы самі бачыце, як яны рэагуюць у сеціве, што кажуць і пра што пішуць. Гэта можа быць сапраўдны сацыяльны выбух.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках