28 красавiка 2024, Нядзеля, 14:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Лукашэнка здрадзіў і Пуціну, і Прыгожыну»

23
«Лукашэнка здрадзіў і Пуціну, і Прыгожыну»

Чым скончыўся чарговы паход самазванцаў на Маскву?

У пятніцу, 23 чэрвеня, верхавод ПВК «Вагнера» Яўген Прыгожын заявіў аб «пачатку аднаўлення справядлівасці ў Расеі». 24 чэрвеня войскі ПВК «Вагнер» узялі Растоў-на-Доне і прайшлі маршам праз Растоўскую, Варонежскую і Ліпецкую вобласці РФ. Калоны «Вагнера» з бранятэхнікай увайшлі ў Маскоўскую вобласць і падышлі на адлегласць 200 км да сталіцы Расеі, пасля чаго Прыгожын заявіў аб развароце свайго войска.

У інтэрв'ю сайту Charter97.org каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка заявіў, што бунт у Расеі арганізавала «партыя ганаровай капітуляцыі»:

- Безумоўна, спроба ваеннага перавароту ў Расеі мела месца, бо такія «інсцэніроўкі» ужо нанеслі крамлёўскаму рэжыму значна большую шкоду, чым страта акупаваных тэрыторый ва Украіне і шматгадовыя няўдачы ў эканоміцы Расейскай Федэрацыі. Прычын, чаму Прыгожын гэта зрабіў, можа быць мноства: ад пецярбуржскіх эканамічных разборак да маштабнай змовы ў Крамлі.

Я магу сказаць, што «здзьмуўся» Прыгожын з адной прычыны. Яго падманулі людзі, якія ўдзельнічалі ў змове, і якія абяцалі яму поўную падтрымку. І бачна было, што спачатку ў Прыгожына ўсё ішло вельмі добра, у яго нават былі сустрэчы ў Растове з намеснікам начальніка Генеральнага штаба і адным з камандзіраў расейскіх войскаў ва Украіне.

Быў вокамгненны кідок калон да сталіцы, хоць было зразумела, што гэта не зусім калоны, а «вагнераўцы» далучаліся па дарозе. На нейкім этапе Прыгожын зразумеў, што яго ашукалі і тыя, хто гарантаваў яму лёгкі паход на Маскву, свае абавязанні не выконваюць. У тым ліку яго падмануў і Лукашэнка.

- У дзень путчу вы высунулі версію, што ў змове Прыгожына ўдзельнічае і Лукашэнка. Прэс-служба Лукашэнкі, а пасля і спікер Крамля Пяскоў заявілі, што беларускі дыктатар ледзь не ўвесь канфлікт развязваў. Дык хто ўсё ж такі Лукашэнка ў гэтай сітуацыі: мяцежнік ці міратворац?

- Пачнём з канца, наогул адбылася неверагодная падзея. Персаналісцкі рэжым Пуціна выбудаваны ў Расеі, можа быць, яшчэ больш жорсткім, чым гітлераўскі ў свой час. І вось уявіце, путч супраць Гітлера ў ліпені 1944-га года, Гітлер звяртаецца да дыктатара Румыніі Антанеску, каб той дапамог яму дамовіцца з паўсталым маршалам Ромэлем і іншымі генераламі. І інфармацыю аб здушэнні путчу, што путч не атрымаўся, першым распаўсюджвае румынскі дыктатар. Такое ўявіць немагчыма, а мы ўбачылі, што першай інфармацыю аб тым, што Прыгожын не ідзе на Маскву, а прыняў унутраны «няўстойлівы мір», паведаміла прэс-служба беларускага дыктатара. Гэта проста нейкі абсурд.

Але тут тады атрымліваецца наступнае: Расеяй Пуцін як фізічная асоба даўно не кіруе, існуе нейкі калектыўны Пуцін - гэта набор двайнікоў, які функцыянуе некалькі гадзін на дзень ці тыдзень Уладзімір Уладзіміравіч, а таксама тыя, хто тузае за нітачкі - Патрушаў, Кавальчук ці хтосьці іншы. Мне здаецца, што Прыгожын і Лукашэнка больш за ўсіх дасведчаныя наконт рэальнай сітуацыі ў Расеі. Гэты путч меў месца, таму што яны ведалі, што рэальна фізічны Пуцін неадэкватны і нічым не кіруе. Гэта быў ціск на тых, хто тузае за нітачкі, што «хлопцы, мы таксама хочам удзельнічаць у кіраванні Расеяй, але ўвогуле трэба канчаць з вайной, бо мы не ў тым стане, каб весці вайну супраць Украіны і ўсяго свету».

Я ўпэўнены, што Лукашэнка ведаў, што будзе рабіць Прыгожын, іх звязваюць шматгадовыя брудныя справы ў Афрыцы ды іншых месцах. Не проста ж так Лукашэнка напярэдадні вывез сваю сям'ю.

Натуральна, што здрадлівая натура Лукашэнкі ўзяла сваё, далей за вызначаную мяжу ён не пайшоў. Але ён фактычна не з'яўляецца буйным гульцом у Расеі, а ідуць унутрыкрамлёўскія разборкі. Можна расцэньваць, што выкарыстанне Прыгожына і Лукашэнкі было патрэбнае адной з груповак для дасягнення сваіх мэт. Недзе прагучала, што ў Расеі ёсць «партыя ганаровай капітуляцыі», вось гэтая партыя бярэ верх. Фактычна галоўнае абвінавачанне Прыгожына было ў тым, што менавіта Шайгу і Герасімаў развязалі вайну, якая нічым не была справакаваная, што гэтую вайну трэба заканчваць.

- Тады ўзнікае пытанне, калі Лукашэнка мяцежнік, ці могуць яму адпомсціць за здраду?

- Бо не толькі Лукашэнка мяцежнік. Гэты паход Прыгожына паказаў, што значная частка людзей са зброяй у Расеі, найперш тыя, хто ваюе ва Украіне, хочуць спынення гэтай вайны, давяраць ім ужо нельга. Не забываем, што ВУП Расеі - гэта 1/25-я частка ВУП краін NATO. Ясна, што параза ў вайне для Расеі можа абярнуцца катастрофай горшай, чым распад СССР.

Новая прыгожынская ідэя «спыніць вайну» была вельмі папулярнай у народзе. Мы бачылі, як у Растове падтрымалі ўзброены мяцеж, як людзі са слязамі на вачах праводзілі гэтых «вагнераўцаў», бо ім блізкая менавіта гэтая ідэя, што гэта ўсё трэба хутчэй спыніць. Таму на народ «крамлёўскія» таксама ніяк не могуць разлічваць.

Вялікая колькасць людзей у Расеі зразумела, што ў краіне эканамічная катастрофа, ваенная параза, кіраўнічы крах і самае галоўнае - цар ужо несапраўдны.

А Лукашэнка проста спрабуе выратаваць сваю шкуру ўсялякім спосабам.

- У выніку Прыгожын апынецца ў Беларусі. Якія наступствы гэта будзе мець для рэжыму Лукашэнкі?

- Мне здаецца, ён усё ж такі не поўны ідыёт і ў Беларусі не апынецца, яму трэба хавацца ў Афрыцы і іншых месцах. Ён разумее, што тыя людзі, якія здрадзілі яму падчас бунту і тыя «крамлёўскія», супраць якіх ён пайшоў, яму гэтага не прабачаць. Як у адным фільме казалі: «Скрыпач не патрэбны, дзядзька Вова». Зразумела, што Прыгожына паспрабуюць «зачысціць», зрэшты, як і Лукашэнку. Перажытыя страх і прыніжэнне ім у Крамлі не прабачаць, а Лукашэнка здрадзіў не толькі Прыгожыну, але і Пуціну.

- Якія наступствы будзе мець спроба гэтага бунту для вайны ва Украіне? Мы бачылі ўжо рэакцыю Захаду, ці зменяцца нейкія падыходы да Расеі пасля гэтых падзей?

- Мы бачым, як метадычна дзейнічае камандзір УСУ Залужны. За апошнія дні ўкраінцы маюць пэўныя поспехі, яны не даюцца лёгка і проста, але тое, што расейскае войска дэмаралізаванае, - гэта факт. Украінцы будуць адваёўваць свае тэрыторыі.

Бунт Прыгожына паказаў, што Захад рэальна не ацэньваў сітуацыю ў Расеі. Былі пастаянныя асцярогі, што «калі мы паставім ATACMS, то гэта справакуе Расею». А вось вам сітуацыя, калі ядзернай зброяй маглі завалодаць крымінальнікі- уцекачы з тэрмінамі на дзясяткі гадоў. «Крамлёўскія» таксама маглі выкарыстаць у грамадзянскай вайне ядзерны патэнцыял.

Мне здаецца, зараз гэтая лінія разважных людзей на Захадзе, якія думаюць, што Украіна павінна атрымаць максімальна ў кароткія тэрміны неабходнае ёй узбраенне, возьме верх. Стала зразумела, што не Украіна нешта правакуе, а трэба хутчэй заканчваць з гэтым вар'яцтвам у Расеі. Бунт паказаў, што расейскаму народу гэта вайна не патрэбная, а ідэя Прыгожына аб заканчэнні вайны была папулярнай ва ўсіх слаях грамадства - ад алігархаў да разважных вайскоўцаў.

Натуральна, што Украіна павінна мець далёкую артылерыю, ракеты вызначанага радыусу дзеяння. Гэта ўсё хутчэй дапаможа скончыць вайну і прыступіць ужо да ўкладання рэальнага міру, які выгадны, як высветлілася, нават расейцам. У гэтым плане нарыў, які прарвала, значна спрашчае сітуацыю. Адзінае, што яна яшчэ не да канца высветлілася. Здрада гэтых людзей, Лукашэнкі і іншых, якія абяцалі Прыгожыну хутчэй дапамагчы, зацягнула гэты працэс. Аднак пасля паходу на Маскву чарговага самазванца расклад сіл у нашым рэгіёне канчаткова змяніўся.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках