28 красавiка 2024, Нядзеля, 9:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Мусіенка аб вызваленні Беларусі: Брыгада заходзіць з двух флангаў і блакуе вайсковыя часці

44
Аляксандр Мусіенка аб вызваленні Беларусі: Брыгада заходзіць з двух флангаў і блакуе вайсковыя часці
АЛЯКСАНДР МУСІЕНКА

Для поспеху патрэбны пяць-шэсць тысяч байцоў.

Сярод большасці беларусаў, якія хочуць перамен, сёння ўстанавіўся кансэнсус, што краіну трэба вызваляць ваенным шляхам. Спадзяванні на зрынанне рэжыму Лукашэнкі звязваюцца з палком Кастуся Каліноўскага і іншымі добраахвотнікамі, якія ваююць ва Украіне.

Як магла б выглядаць вайсковая аперацыя вызвалення Беларусі? Колькі байцоў трэба для такога паходу? Ці знойдзецца зброя?

Сайт Charter97.org пагаварыў пра гэта з ваенным экспэртам, кіраўніком Цэнтра ваенна-прававых даследаванняў Аляксандрам Мусіенкам.

- Пры якіх умовах можа пачацца вызваленчы паход беларускіх добраахвотнікаў на тэрыторыю Беларусі? Давайце змадэлюем сітуацыю.

- Першая ўмова - пагаршэнне здароўя Лукашэнкі. Мы ўжо такое праходзілі. Прыкметы таго, што ён становіцца слабым і можа страціць уладу.

Другое - значныя поспехі УСУ на фронце. Да прыкладу - паспяховы наступ. Груба кажучы, калі ўкраінскія войскі дойдуць да Крыма, уся ўвага Расеі будзе накіраваная на абарончыя дзеянні на гэтым кірунку. Расейцы будуць з усіх сіл старацца супрацьдзейнічаць вызваленню паўвыспы.

Трэці момант — калі Расея і надалей будзе выкарыстоўваць Беларусь як пляцоўку для канфрантацыі з Захадам, будзе шантажаваць выкарыстаннем ядзернай зброі, якую яна туды завязе. Калі Беларусь пачне нейкія правакацыі, то гэта развяжа рукі і Польшчы, і Літве, і некаторым краінам NАТО. У гэтым сцэнары задача стаіць не акупаваць Беларусь, а ў тым, каб краіна выйшла з-пад пратэктарату Расеі.

Вось, як мне здаецца, тры такія сцэнары.

- З розных падлікаў у шэрагах УСУ ваюе да дзвюх тысяч беларусаў - гэта і полк Каліноўскага, і батальён Тэрор, ствараюцца беларускія падраздзяленні ў Другім Інтэрнацыяналам легіёне, ёсць беларусы і ў складзе ўкраінскіх частак. Колькі трэба байцоў для таго, каб вызваліць Беларусь?

- Адкажу такім чынам: камусьці можа здацца, што трэба пяць-шэсць брыгад. Класіка кажа, што для наступу трэба мець у тры разы больш салдат, чым бок, які абараняецца. Аднак гэта класіка, тут жа ўсё можа быць па-іншаму, бо ёсць падстава меркаваць, што дастатковая колькасць беларускіх вайскоўцаў не гатовая да вайны, тым больш — да грамадзянскай. Гэта ж не захопнікі, а грамадзяне Беларусі.

Мяркую, многія беларускія вайскоўцы пачнуць пераходзіць на бок палка Каліноўскага і іншых добраахвотніцкіх злучэнняў. Адсюль і задачы, якія неабходна перад сабой ставіць: заход на тэрыторыю Беларусі і блакаванне асноўных часцей, ваенных аб'ектаў, якія знаходзяцца на Захадзе краіны, адсякаць іх ад Менска і заручацца падтрымкай вайскоўцаў. Каб гэта ажыццявіць, трэба мець брыгаду - гэта прыкладна пяць-шэсць тысяч. Задача гэтай брыгады будзе падзяліцца на два кірункі. Адзін кірунак - на паўднёвым усходзе, другі - на паўднёвым захадзе.

Упэўнены, што з прычыны таго, як добраахвотнікі будуць набліжацца да вайсковых частак, вайскоўцы будуць складаць зброю і пераходзіць на іх бок. Заручыўшыся гэтай падтрымкай можна рушыць на Менск.

Класічная колькасная перавага не заўсёды працуе, і расейска-ўкраінская вайна гэта даказвае. Нам таксама ўсе казалі, што «не трэба праводзіць контрнаступальныя дзеянні, бо расейцаў больш». Мы даказалі, што можна. Таму ключ да вызвалення Беларусі - заручыцца падтрымкай вайскоўцаў і зрабіць агульную справу. Менавіта гэта дапаможа пазбегнуць масавага кровапраліцця.

- Колькасць УС Беларусі - каля 35 тысяч. Аднак ёсць вялікія пытанні да лаяльнасці гэтых падраздзяленняў. Экспэрты гавораць аб тым, што адданымі Лукашэнку застаюцца Сілы спецыяльных аперацый і ўнутраныя войскі МУС. Ці могуць яны даць нейкі сур'ёзны адпор?

- Тэарэтычна, гэта могуць быць Сілы спецыяльных аперацый, але ёсць падставы меркаваць, што не ўсе яны гатовыя ваяваць. У Беларусі іх колькасць на ўзроўні адной брыгады. Як толькі беларускія добраахвотніцкія рухі пачнуць абрастаць падтрымкай сярод вайскоўцаў і людзей, ССА не змогуць змяніць сітуацыю, як і МУС, КДБ. Таму, калі добраахвотнікі прыцягнуць на свой бок як мінімум палову вайскоўцаў рэгулярных войскаў, гэта будзе азначаць поспех.

Калі я кажу, што трэба блакаваць вайсковыя аб'екты, то гаворка ідзе пра часткі, дзе знаходзіцца зброя, спецсродкі, забеспячэнне. Бо без зброі таксама ніхто ваяваць не будзе. Думаю, калі нейкія падраздзяленні не захочуць перайсці на бок добраахвотнікаў і будуць верныя Лукашэнку, такія сутыкненні будуць. Але я не думаю, што гэта будзе большасць з гэтых 35 тысяч.

- Як павядзе сябе Украіна і УСУ, калі беларускія добраахвотнікі надумаюць вяртацца ў Беларусь? Будуць перашкаджаць ці неяк дапамогуць?

- Думаю, што ніхто ім перашкаджаць не будзе. Мы не можам перашкаджаць грамадзянам Беларусі, якія хочуць вярнуцца да сябе дадому. У нас няма прэтэнзій да людзей, якія сёння дапамагаюць нам змагацца з расейскімі войскамі і агрэсіяй, мы ім толькі ўдзячныя. Калі, скажам, яны захочуць вярнуцца - ніхто не будзе перашкаджаць. Калі яны папросяць аб нейкай падтрымцы, якую мы зможам даць (думаю, акрамя УСУ на тэрыторыі Беларусі, гэта, як мне здаецца, выключана), — чаму не. Мы ж павінны быць удзячнымі. Калі гэтыя людзі нам дапамагалі, дык мы можам дапамагчы і зброяй, і рэсурсамі.

- Атрымліваецца, што зброя знойдзецца?

- Калі людзі нешта шукаюць у імя светлых ідэй, знаходзяцца тыя, хто можа ім дапамагчы. Са зброяй пытанне развяжацца.

- Мы бачылі аперацыі расейскіх добраахвотнікаў, калі яны заходзілі на тэрыторыю Белгародскай вобласці, бралі там некалькі вёсак, прабіваліся да гарадоў. Як можа выглядаць прыкладны сцэнар такой аперацыі ў Беларусі?

- Магчымая падобная тактыка, але важней за ўсё - пасоўванне ў бок буйных вайсковых частак. Свядома пра гэта гавару, бо вайскоўцам трэба растлумачыць, што вы можаце стаць на бок народа і беларускага грамадства, альбо вы будзеце знаходзіцца ў аблозе. Неабходна выбіраць. Усялякія іншыя сцэнары, калі беларускія войскі высоўваюцца ў іншыя месцы і раёны, дапускаюцца баявыя сутыкненні, думаю, могуць быць запасным планам, калі будуць нейкія нелаяльныя часткі.

Але самае галоўнае - Захад, Берасце, Гародня, Баранавічы, дзе знаходзяцца ваенныя часці. Другая частка брыгады - праз Гомель. Заходзіць лепш з двух флангаў і заручацца падтрымкай вайскоўцаў.

У выпадку з РДК і Легіёнам «Свабода Расеі», на жаль, занадта шмат сілавікоў, якія лаяльныя Пуціну, яны гатовы выкарыстоўваць зброю супраць сваіх суайчыннікаў. У выпадку Беларусі я бачу гэта інакш. Мы бачылі пратэсты, на якія выходзілі беларусы. Я далёкі ад думкі, што ўсе гэтыя людзі раскіданыя па свеце і ўсе з'ехалі з краіны. Яны ёсць і сярод вайскоўцаў. Таму тут трэба спрабаваць і сілавыя дзеянні, але з мінімальнымі стратамі.

Ёсць шанц заручыцца падтрымкай вайскоўцаў. У тых беларусаў, якія знаходзяцца ўнутры краіны і гатовы да дзеянняў, няма кагосьці, хто б іх павёў за сабой. Як толькі такія людзі з'явяцца, яшчэ і са зброяй у руках, сітуацыя зменіцца.

- У адным з інтэрв'ю вы казалі, што асабіста знаёмыя з «каліноўцамі». Што можаце сказаць пра нашых хлопцаў?

- Вельмі добрыя, светлыя і добрыя людзі. У іх, дарэчы, на Youtube цікавая старонка, варта падпісацца. Відаць, што для іх перамога Украіны над Расеяй і дэакупацыя ўкраінскіх тэрыторый - прамежкавы этап у барацьбе. Можа, яны выкажуцца аб гэтым па-іншаму. Відаць, што ў беларускіх добраахвотнікаў ёсць падтрымка.

Скажу шчыра, да беларусаў у нас няма ніякай агрэсіі. Так, у нас агрэсія да Лукашэнкі і ўрада Беларусі. Мы спадзяемся і думаем, што беларусы павінны скарыстаць свой шанц. Калі патрэбна будзе нашая дапамога — яна павінна быць. Гэта ў агульных інтарэсах. Нармальная дэмакратычная Беларусь без прарасейскага рэжыму і ядзернай зброі, якую хоча зацягнуць Пуцін, — гэта і бяспека для Украіны.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках