27 красавiка 2024, Субота, 7:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Moody’s: Беларусь будзе заставацца ў стане дэфолту

Moody’s: Беларусь будзе заставацца ў стане дэфолту

Агенцтва панізіла крэдытныя рэйтынгі Беларусі праз санкцыі.

Moody's панізіла рэйтынг Беларусі з Ca да C і змяніла прагноз па рэйтынгах Беларусі. Рэйтынг «С» адлюстроўвае чаканні, што Беларусь «будзе заставацца ў стане дэфолту».

Стабільны прагноз па рэйтынгу ўказвае на тое, што крэдытны профіль Беларусі наўрад ці істотна палепшыцца, калі толькі санкцыі не будуць адменены, зазначаюць у рэйтынгавым агенцтве.

«Рэйтынг «С» адлюстроўвае чаканні Moody's, што санкцыі будуць працягваць зніжаць здольнасць Беларусі абслугоўваць свае абавязанні па еўрааблігацыях у сярэднетэрміновай перспектыве, улічваючы зацяжны характар вайны паміж Расеяй і Украінай, што, магчыма, прывядзе да страт інвестараў, якія перавышаюць 65%. Рэйтынг «С» таксама адлюстроўвае чаканні Moody's, што Беларусь будзе заставацца ў стане дэфолту па сваіх непагашаных еўрааблігацыях да таго часу, пакуль яна падтрымлівае агрэсію Расеі ва Украіне і санкцыі застаюцца ў сіле», - гаворыцца ў абгрунтаванні паніжэння рэйтынгу.

У агенцтве нагадваюць, што з пачатку ўварвання Расеі ва Украіну падтрымка Беларусі прывяла да ўзмацнення жорсткасці міжнародных санкцый, уведзеных ЕЗ і ЗША.

«Уведзеныя санкцыі накіраваныя на ключавыя тавары беларускага экспарту (сталь, мінеральнае паліва, калійныя ўгнаенні і інш.), фінансавы сектар, у тым ліку забарона на доступ некаторых банкаў да сістэмы абмену фінансавымі паведамленнямі SWIFT і забарона на аперацыі з цэнтральным банкам, а таксама на прадастаўленне Беларусі банкнот, дэнамінаваных у еўра. Гэтыя абмежаванні фактычна перашкаджаюць доступу Беларусі да заходніх фінансавых рынкаў», - адзначаюць спецыялісты.

Moody's бачыць высокую рызыку ўвядзення дадатковых сектаральных санкцый, калі ўдзел Беларусі ў расейска-ўкраінскай вайне ўзмоцніцца або ў выпадку далейшай эскалацыі вайны.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках