28 красавiка 2024, Нядзеля, 16:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Фясенка пра саміт NATO: У расейцаў гістэрыка пасля непрыемных сюрпрызаў

14
Уладзімір Фясенка пра саміт NATO: У расейцаў гістэрыка пасля непрыемных сюрпрызаў
Уладзімір Фясенка

Дагэтуль захоўваецца інтрыга, якая пастанова будзе прынятая што да Украіны.

Сёння ў Вільні стартаваў двухдзённы саміт NATO. У Літве гэта першая міжнародная акцыя такога ўзроўню, у якой возьмуць удзел лідэры, кіраўнікі дыпламатыі, міністры абароны ды іншыя высокапастаўленыя асобы з больш як 40 дзяржаў.

Сайт Charter97.org папрасіў вядомага ўкраінскага палітолага, кіраўніка Цэнтра прыкладных палітычных даследаванняў "Пента" Уладзіміра Фясенку вылучыць галоўныя асаблівасці гэтага гістарычнага саміту:

- Ён мае развязаць тры галоўныя задачы. Першая - спрэс сымбалічная, якая тычыцца Швэцыі, цяпер да яе ўсутыч наблізіліся. Планавалася, што менавіта на гэтым саміце Швэцыя стане 32-й краінай-сябрам NATO. Учора з кіраўніком Турцыі Рэждэпам Эрдаганам развязалі праблему ці не ў астатні момант. Яшчэ ўступленне Швэцыі ў NATO мае ратыфікаваць вугорскі парламент.

Думаю, што гэта адбудзецца пасля саміту, але ў Вільні і Эрдаган, і вугорскі лідэр Віктар Орбан заявяць, што яны падтрымліваюць уступленне Швэцыі ў NATO. Застанецца толькі юрыдычна гэта фармалізаваць праз пастановы парламентаў.

Другая важная задача - зацвярджэнне новай дактрыны NATO, накіраванай на стрымліванне Расеі. На саміце ў Мадрыдзе летась дамовіліся, што яе трэба падрыхтаваць. Войскі NATO маюць быць гатовыя да пільнага адбіцця магчымага нападу Расеі на краіны, якія мяжуюць з ёй: краіны Балтыі, Польшчу, краіны акваторыі Чорнага мора.

У гэтых краінах цяпер узмацняюцца кантынгенты NATO, структуру забеспячэння зброяй (у тым ліку — самалётамі, цяжкай зброяй) і мяняюцца тактычна-аперацыйныя планы.

Новая дактрына накіраваная на ўзмацненне ўсходняга флангу NATO з мэтай супрацьдзеяння расейскай агрэсіі. Прыняцце дактрыны будзе галоўнай задачай гэтага саміту. Дарэчы, у сувязі з гэтым будзе абмяркоўвацца і якой мае быць палітыка NATO ў дачыненні да Кітая.

- Якая ж задача, на Ваш погляд, трэцяя?

- Галоўная інтрыга гэтага саміту, натуральна, звязаная з тэмай перспектывы сяброўства Украіны ў NATO і тэма падтрымкі Украіны. Бо тэма расейска-ўкраінскай вайны для NATO ўжо 1,5 года - галоўны выклік.

Адзначу, што праблема, вакол якой ідуць вострыя дыскусіі, гэта тое, якім чынам адрэагаваць на імкненне Украіны да найхутчэйшага ўступлення ў NATO. Ёсць разуменне, і нашае таксама, што само ўступленне адбудзецца толькі пасля заканчэння цяперашняй вайны.

Але Украіна прэтэндуе на тое, каб гэтае ўступленне было цалкам паводле хуткай працэдуры. Гэтак жа, як уступіла Фінляндыя і цяпер уступае Швэцыя. Не ісці праз пераходны перыяд плана дзеянняў для сяброўства ў NATO. ЗША ж да апошняга моманту казалі, што не, трэба ўсё ж выконваць патрабаванні плана дзеянняў для сяброўства ў NATO. Гэта галоўная дыскусійная праблема, якая ўзнікла.

Я б сказаў, што для NATO ўзнікла дылема Украіны. Адмаўляць у нашым імкненні стаць сябрам NATO нельга, гэта было б несправядліва ў цяперашняй сітуацыі, а, па-другое, гэта было б успрынята як саступка Расеі, што таксама вельмі няправільна. Нарэшце, гэта і прадмет вострых супярэчнасцяў унутры NATO, што таксама нядобра. Таму трэба шукаць агульную пазіцыю. Трэба даць станоўчы адказ. Але які?

Як я ўжо сказаў, ёсць адрозненні ў пазіцыях: шэраг краін намагае, каб падтрымаць максімальна Украіну і што яна абавязкова мае стаць сябрам NATO. Намагаюць вельмі катэгарычных фармулёвак, але вось ЗША і Нямеччына мяркуюць, што не трэба спяшацца і даваць Украіне дырэктыўныя абяцанні.

- Тады які Ваш прагноз што да таго, што наважаць у пытанні сяброўства Украіны ў NATO на гэтым саміце?

- Падкрэслю, я не маю інсайдаў, але мяркую, што заявяць аб тым, што працэс уступлення Украіны ў NATO актывізуецца пасля заканчэння вайны. Магчыма, адзначаць, што Украіна будзе ўступаць у Альянс паводле нейкай асаблівай працэдуры без ПДС.

Акрамя таго, генеральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што будзе прынятая спецыяльная доўгатэрміновая праграма інтэграцыі Узброеных сіл і ўзброеных структур Украіны ў аперацыйнае камандаванне NATO. Размова будзе ісці аб каардынацыі, інтэграцыі аперацыйных сістэм. Гэта таксама працэс практычнай інтэграцыі Украіны ў NATO.

Важны момант, што будзе створаная Рада NATO-Украіна. Гэта пазітыўны жэст на адрас Кіева. Раней была камісія, а Рада — больш высокі ўзровень узаемадзеяння і каардынацыі паміж NATO і Украінай. Першае пасяджэнне адбудзецца менавіта ў Вільні.

Таксама абмяркоўваецца пытанне (яно будзе адлюстраванае ў выніковым дакуменце) аб тым, што асобныя краіны NATO (ЗША, магчыма Вялікая Брытанія і паасобныя іншыя) дадуць Украіне гарантыі бяспекі да моманту ўступлення ў NATO. Маецца на ўвазе працяг вайсковай дапамогі пасля завяршэння вайны: макраэканамічная дапамога, санкцыі супраць агрэсара, і таксама абмяркоўваецца спрыянне Украіне ў аднаўленні і развіцці свайго абаронна-прамысловага комплексу.

Вось набор пытанняў, якія буду абмяркоўвацца і прымацца аб Украіне на гэтым саміце. Нейкая іх частка будзе адлюстраваная ў пастанове Рады Украіна-NATO, але галоўныя пытанні, у тым ліку - аб перспектывах сяброўства і гарантыях бяспекі, мабыць, знойдуць адлюстраванне ў выніковым дакуменце саміту.

- Вы заўсёды ўважліва сочыце за парадкам дня ў расейскіх мэдыях. Што там цяпер адбываецца на фоне саміту ў Вільні?

- З аднаго боку ў іх там з'явілася нейкая эйфарыя, калі Джо Байдэн сказаў, што не трэба спяшацца з уступленнем Украіны ў NATO. Але якраз напярэдадні саміту Уладзімір Зяленскі здзейсніў бліц-турнэ па шэрагу еўрапейскіх краін.

У выніку Балгарыя падпісала дэкларацыю з падтрымкай еўраатлантычных імкненняў Украіны. Вельмі паказальна, што цяпер Францыя падтрымлівае ўступленне Украіны ў NATO.

Вельмі непрыемным сюрпрызам для расейцаў стала тое, што апроч таго, што Эрдаган адпусціў «азоўцаў», ён падтрымаў сяброўства Украіны ў NATO. Падкрэслю, што ўступленне Украіны ў Альянс падтрымала ўжо 23 краіны - больш за 2/3 сябраў NATO. Вядома, з гэтай нагоды ў Расеі гістэрыка. Расейскія дзяржаўныя дзеячы, напрыклад, Дзмітрый Мядзведзеў, спрабуюць ужо традыцыйна шантажаваць NATO, заяўляючы, што калі Украіна будзе сябрам Альянсу нават у перспектыве, то гэта ўскладніць стасункі, але ўжо цяпер гэта менш дзейнічае.

Раней гэтага сапраўды баяліся, і з гэтай прычыны Украіне і Грузіі ў 2008 годзе адмовілі ў наданні плана дзеяння для сяброўства ў NATO. Цяпер жа ёсць разуменне, што калі Украіна застаецца ў «шэрай зоне», па-за NATO, то гэта не зніжае рызыкі вайны, а толькі ўзмацняе, бо Расея нападала ўжо за Пуцінам на краіны, якія не з'яўляюцца сябрамі NATO і далей ім пагражае. Перш за ўсё - гэта Грузія і Украіна.

На краіны ж NATO не было зроблена ніякіх вайсковых атак, таму менавіта сяброўства ў Альянсе можа гарантаваць бяспеку і Украіны, і еўрапейскага кантынента, і стрымаць Расею ад новай вайны.

Вось гэтае разуменне цяпер актыўна прысутнае ў шмат якіх палітыкаў, дзяржаўных дзеячаў, экспертаў краін NATO. Яшчэ няма поўнага кансэнсусу, аднак гэты пункт гледжання цяпер вельмі распаўсюджаны.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках