У Гомелі праз дажджы затапіла вуліцы
1- 20.07.2023, 21:52
- 6,302
А ў Магілёве выпаў буйны град.
Непагадзь дабралася да Гомеля, дзе вада з неба выклікала падтапленне вуліцаў (адной дык дакладна). Гэта вынікае з відэа, апублікаванага на канале «Гомель Online». Няпростая, хоць і менш драматычная сітуацыя склалася ў Магілёве: на горад абрынуліся лівень і град, паведамляе тэлеграм-канал «Магілёў Online».

Магілёўскі град буйны і выклікае пэўнае здзіўленне ў людзей, якія звыкліся за гэтае лета да спякоты і мінімальных аб'ёмаў ападкаў. Тыя, хто бываў у дажджлівых рэгіёнах планеты, дзівяцца менш.


У Гомелі, дарэчы, яшчэ днём умовы надвор'я ўскладніліся да такой ступені, што сям'я на катамаране не змагла самастойна вярнуцца да берагу. Дапамаглі супрацоўнікі Асвода, якія праводзілі спаборніцтва на Абкамаўскім возеры, – яны і заўважылі судна з педальнай цягай. На трывогу выехаў выратавальны катар і адбуксаваў катамаран да берагу. На ім былі сямейная пара і двое дзяцей. Як адзначае «Гомель Online», яны ўжо паспелі спалохацца.