28 красавiка 2024, Нядзеля, 13:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі афіцэр: Абмяркоўваем, па якіх вёсках будзем хавацца

37
Беларускі афіцэр: Абмяркоўваем, па якіх вёсках будзем хавацца
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Вайскоўцы не гатовыя надаваць супраціў добраахвотнікам.

Беларусаў зноў пачалі выклікаць на вайсковыя зборы. У тым ліку - і афіцэраў запасу. Да чаго рыхтуюцца лукашысты?

Сайт Charter97.org на ўмовах ананімнасці пагаварыў з афіцэрам запасу:

- Цяпер сур'ёзны ўпор робіцца на адпрацоўку адбіцця дыверсійных дзеянняў. Відаць, што заявы беларускіх добраахвотнікаў, скажам так, прымусілі нервавацца ўладу.

Цяпер хлопцаў адпраўляюць бегаць па лясах, шмат палявых выездаў. Адпрацоўваецца і «абарона населеных пунктаў ад дыверсантаў». Валтузяцца з калючым дротам, агароджваюць будынкі. Аднак усе гэтыя «выезды» заканчваюцца шашлыкамі і гарэлкай. Чытаў у СМІ, што ідзе нейкая сур'ёзная падрыхтоўка, але гэта ўсё, мякка кажучы, выклікае ўсмешку.

Ідзе моцнае прамыванне мазгоў, паказвалі нейкі фільм пра беларускіх добраахвотнікаў, зняты звар'яцелым РенТВ.

- Што кажуць афіцэры запасу пра беларускіх добраахвотнікаў?

- Стаўленне - нейтральна-пазітыўнае. Пераважнай большасці ўсё адно. Тыя, хто ўдзельнічаў у пратэстах, кажуць, што ставяцца станоўча. Афіцэры запасу ў іх страляць дакладна не будуць. Ёсць папулярнае меркаванне, што «мы, беларусы, як-небудзь з беларусамі дамовімся».

Зразумела, што гэта не распаўсюджваецца на адмарожаных з усялякіх ССА, «дэсантуры», нейкіх кэдэбэшнікаў. Але калі быць рэалістамі, там таксама «вядомыя храбрацы», якія толькі жанчын і дзяцей на мітынгах дубасілі, ды цэглу галавой на 3 ліпеня білі.

Калі беларускія добраахвотнікі ўсё прыгожа абгуляюць, супраціўленне будзе мінімальным.

- Папярэднія зборы праходзілі ў атмасферы страху праз магчымую адпраўку беларускіх вайскоўцаў ва Украіну. Нешта змянілася?

- Тэма, як мне здаецца, закрытая. Ідзе іншы пасыл, што «нехта будзе ўрывацца» — палякі, літоўцы, амерыканцы, УСУ. Ідзе і моцная прапагандысцкая істэрыка. Упор на тое, што «будзе грамадзянская вайна», «у краіну ідуць нейкія галаварэзы, якія будуць рабаваць і забіваць».

- Хтосьці ў гэта верыць?

- Пераважная большасць смяецца. Я не магу казаць за іншыя катэгорыі тых, хто трапляе на зборы, але афіцэры запасу — гэта ж у большасці сваёй людзі пасля вайсковай кафедры ва ўніверсітэце. Хоць нейкае крытычнае мысленне з вышэйшай адукацыяй прыходзіць.

Увечары людзі абмяркоўваюць, як будуць разбягацца і хто ў якой вёсцы хавацца.

- Афіцэры на кантракце такога ж меркавання?

- Гэта абсалютна аморфная маса. Мяркуйце самі, за гады кіравання Лукашэнкі нашы афіцэры ператварыліся ў маленькіх чыноўнікаў. Сінекура, ранняя пенсія, нейкія шабашкі на баку. Ні для каго не сакрэт, што раней салдатаў тэрміновай службы можна было «здаць у арэнду» на які-небудзь мясцовы завод або на будаўніцтва генеральскай дачы.

Безумоўна, гэтыя людзі думаюць, як бы спакойна даслужыць да пенсіі, нейкая вайна ці рэвалюцыя - не ў іх інтарэсах. Аднак актыўнага супрацьдзеяння з іх боку не будзе. Калі будуць разумець, што сітуацыя мяняецца, нашы афіцэры прысягнуць і Пазняку, і Джо Байдэну.

- Што кажуць аб магчымым прыездзе «вагнераўцаў» у Беларусь?

- Насцярожана ўспрымаюць. Перад пачаткам вайны ва Украіне, калі ў Беларусі былі дзясяткі тысяч расейскіх вайскоўцаў, здаралася шмат канфліктаў. Даходзіла да боек.

Тут могуць прыехаць крымінальнікі і вайсковыя злачынцы. Гэтая культура відавочна чужая для нашых вайскоўцаў. Калі, як кажуць, яны будуць інструктарамі, то іх метады навучання, мякка кажучы, могуць нашым вайскоўцам не падысці. Могуць такім «інструктарам» і адпомсціць.

- Мы назіралі ваенны мяцеж у Расеі. Ці магчыма нешта такое ў Беларусі?

- У тым выглядзе, які мы назіралі ў РФ, уявіць сабе не магу. Магчыма, некалькі топавых сілавікоў маглі б арыштаваць ці ліквідаваць Лукашэнку. Але і гэты сцэнар я ўважаю за малаімаверны.

Магчыма, нейкі амбіцыйны афіцэр мог бы падтрымаць паход «каліноўцаў» на Менск. Аднак і тут я сумняваюся, бо адмоўная селекцыя дала аб сабе знаць. У нашым выпадку добра тое, што гэтыя людзі не гатовыя да сур'ёзных дзеянняў. Паглядзіце, што адбывалася ў Расеі. Калі там, мякка кажучы, сілавікі наклалі ў штаны пасля рашучых дзеянняў Прыгожына, нашы і тым больш будуць недзе хавацца і прарывацца на аўтамабілях у бок расейскай мяжы.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках