6 траўня 2024, панядзелак, 19:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Фясенка: Да Лукашэнка едзе інспекцыя

6
Уладзімір Фясенка: Да Лукашэнка едзе інспекцыя
УЛАДЗІМІР ФЯСЕНКА
ФОТА: УКРІНФАРМ

Кітай пасылае сігналы Беларусі.

У Беларусь ляціць кіраўнік Мінабароны КНР Лі Шанфу. Характэрна, што кітайскі вайсковы чыноўнік наведае нашу краіну на фоне канфлікту Лукашэнкі з Польшчай.

Варшава заявіла, што гатовая закрыць чыгуначныя злучэнні з Беларуссю, а гэта моцна ўдарыць па Кітаю, ільвіная доля транзіту ў Еўропу якога праходзіць праз нашу краіну. Ці з'яўляецца візіт Лі Шанфу ў Беларусь выпадковым?

Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з вядомым украінскім палітолагам, кіраўніком Цэнтра прыкладных палітычных даследаванняў «Пента» Уладзімірам Фясенкам:

- Тут трэба ўлічваць, што кіраўнік Мінабароны Кітая наведвае Расею з візітам у адказ. Шайгу ўжо быў у Кітаі. Паездка ў Маскву - ключавая. Адначасна, улічваючы асаблівыя дачыненні Лукашэнкі з кіраўніцтвам Кітая, здзяйсняецца візіт і ў Беларусь. Для ацэнкі цяперашняй сітуацыі, прынамсі - і на беларуска-польскай мяжы.

Пашырэнне канфлікту сапраўды не ў інтарэсах Кітая. Для яго вельмі важна захоўваць стабільны міжнародны гандаль. Вельмі заўважна, дарэчы, што апошнія заявы Лукашэнкі даволі міралюбівыя. Я маю на ўвазе словы пра «добрыя стасункі з Польшчай», што Беларусь «гатовая размаўляць» і гэтак далей.

Падчас візіту можа гаворка ісці і аб кантактах з беларускімі вайскоўцамі, але больш гэта рэкагнасцыроўка ваеннай сітуацыі на мяжы з Украінай, Польшчай. Можа весціся размова і пра нейкія там супольныя вайсковыя планы. Амаль дакладна можна сказаць, што Кітай не зацікаўлены ва ўцягванні Беларусі ў вайну і ў эскалацыі ваеннай сітуацыі вакол краіны.

Што да перацінання межаў, то гэта, думаю, пытанне перамоваў, але можна дакладна сказаць, што будзе весціся барацьба з боку ЕЗ з так званым ілжывым транзітам. Гэта адзін са спосабаў абыходу санкцыяў, калі тавары з ЕЗ нібыта ідуць, напрыклад, у Казахстан, Цэнтральную Азію ці Кітай, а насамрэч трапляюць у Расею. Вось тут абмежаванні будуць дастаткова істотныя.

Але наўпроставай сувязі з цяперашняй напругай няма. Тут хутчэй лагістыка міжнароднага візіту. Раз ужо кіраўнік Мінабароны Кітая паехаў у Расею, то лагічна яму заехаць і ў Беларусь. Пагатоў, што цяперашняя сітуацыя ў Беларусі і вакол яе, скажам так, значная для Кітая, таму, падкрэслю, візіт звязаны з агульнай палітычнай сітуацыяй вакол вашай краіны.

- Кітай адмоўна ставіцца і да размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі. Ці можа кітайскі міністр правесці інспекцыю расейскай ядзернай зброі ў Беларусі?

- Не. Гэта ж не кітайская зброя, а расейская. Не думаю, што будзе нейкая інспекцыя, не тая сітуацыя.

Ведаеце, у мяне вялікае падазрэнне, што пры ўсёй сваёй агульнай пазіцыі супраць размяшчэння ядзернай зброі ў трэціх краінах, Кітай ведаў аб планах Расеі размясціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі.

Больш за тое, думаю, у Маскве і Менску атрымалі на гэтую згоду Кітая. Гэта была акцыя, скажам так, накіраваная супраць NATO. Кітай, які сваімі галоўнымі апанентамі ўспрымае ЗША і NATO, паставіўся да размяшчэння ЯЗ у Беларусі спакойна. У мяне ёсць вялікае падазрэнне, што кітайцы былі ў курсе.

- Тым не менш вы згадалі, што Кітай не зацікаўлены ў эскалацыі.

- У гэтым выпадку фармальна гэта выглядае як эскалацыя, але, думаю, у Маскве і Менску запэўнівалі Кітай, што гэтая ядзерная зброя не будзе выкарыстаная, што гэта выключна спосаб стрымлівання і ўздзеяння на NATO.

Магу вам сказаць, што з маіх дыпламатычных каналаў вядома, што ў Кітаі разглядалі вось гэтае размяшчэнне як спосаб ціску на Захад, каб прымусіць яго на перамовы наконт Украіны.

Гэта крыху наіўны пункт гледжання. Бо як паказала практыка (большасць экспертаў гэта і прагназавалі), не працуе цяпер такі прымітыўны ціск. Не тая сітуацыя.

Ціск Расеі на Захад не працаваў перад пачаткам поўнамаштабнай вайны. Нагадаю, што быў ультыматум Пуціна на адрас ЗША і NATO, і гэта не спрацавала. Крыху наіўна спадзявацца, што вось такі прамалінейны ціск прымусіць Захад пайсці на нейкія саступкі. Гэта надта спрошчаны падыход, але ў Кітаі чамусьці думалі, што гэта можа спрацаваць.

Кітай цяпер занепакоены эскалацыяй ваеннай сітуацыі ва Украіне і ростам палітычнай і вайсковай напругі вакол Беларусі.

Вось гэта галоўная прычына прыезду. Не проста жарсці паміж Беларуссю і Польшчай, у якіх вінаваты Лукашэнка, які пачаў з падачы Пуціна гульню з «вагнераўцамі».

Для Кітая трэба празандаваць, праінспектаваць сітуацыю. Будзе праведзена такая інспекцыя вайскова-палітычнай сітуацыі вакол Беларусі.

- Ці будзе Пекін неяк спрабаваць паўплываць на Лукашэнку?

- Па-першае, Кітай будзе захоўваць Беларусь і рэжым Лукашэнкі ў сваёй арбіце. Па-другое, будзе захоўвацца сітуацыя, калі Беларусь будзе адначасова арыентавацца і на Маскву, і на Пекін узмацненнем уплыву апошняга.

Тое, што сын Лукашэнкі Мікалай вучыцца ў Пекіне, - вельмі невыпадкова. Гэта таксама следства ўзмацнення ўплыву Пекіна, які будзе захоўваць вось гэтую дваістасць. Яна Пекін пакуль задавальняе, але, паўтаруся, з паступовым узмацненнем уплыву на Лукашэнку і яго рэжым.

Пакуль ніякіх канкрэтных дзеянняў Кітай не будзе рабіць. Могуць быць сігналы, што не трэба надта разаграваць напружанне ў дачыненнях з Польшчай і краінамі NATO. Стрымліванне – гэта адно, а правакаванне канфліктаў – зусім іншае.

Вось такога кшталту сігналы могуць быць. Нечага кардынальнага, нейкіх супольных дзеянняў, заяў, думаю, не будзе. У гэтым цяпер проста няма сэнсу.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках