7 траўня 2024, aўторак, 3:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міхаіл Самусь: Украіна рыхтуе поўнае знішчэнне Чарнаморскага флоту РФ

11
Міхаіл Самусь: Украіна рыхтуе поўнае знішчэнне Чарнаморскага флоту РФ
МІХАІЛ САМУСЬ

Кіраваны штучным інтэлектам «рой» дронаў – ужо рэальнасць.

У апошні час пачасціліся напады надводнымі дронамі па расейскіх цэлях – дастаецца як ваенным караблям РФ, так і Крымскаму мосту.

Украіна пачынае дыктаваць свае правілы ў Чорным моры? Такое пытанне cайт Charter97.org задаў украінскаму ваеннаму эксперту, дырэктару New Geopolitics Research Network, эксперту Цэнтра даследавання войска, канверсіі і раззбраення Міхаілу Самусю:

– Можна так сказаць. Скажу, што колькі б мы ні звярталіся да нашых заходніх хаўруснікаў, партнёраў, пачынаючы з 2014-га года, прапаноўваючы ім стварыць аб'яднанае камандаванне ў Канстанцы (стала дзейную эскадру сілаў флоту NATO), на жаль, NATO і ЗША больш прытрымліваюцца палітыкі нейтралітэту.

Яны гавораць, што ў інтарэсы NATO не ўваходзіць уступленне ў прамы ваенны канфлікт у Чорным моры. Яны баяцца дапускаць эскалацыю сітуацыі ў Чорным моры, якая можа прывесці да прамога сутыкнення сілаў NATO і Расеі.

У сувязі з гэтай сітуацыяй, пасля анэксіі Крыма ў 2014-м годзе, Расея фактычна кантралявала Чорнае мора. Было поўнае дамінаванне. Выяўлялася гэта ў тым, што РФ цалкам разбурыла любыя прынцыпы і палажэнні міжнароднага марскога права, міжнароднага права ў Чорным моры ў цэлым. Яна карысталася правам сілы.

Першай, скажам так, гістарычнай вяхой стала знішчэнне ракетнага крэйсера «Масква», калі ўпершыню пасля Другой сусветнай вайны расейска-савецкі флот страціў адразу ж флагман. Пасля гэтага былі і іншыя атакі на расейскія караблі.

Не маючы флоту, Украіна здолела цяпер стварыць сітуацыю, калі Расея не можа дзейнічаць свабодна. Яна цяпер дзейнічае ў тых рамках, якія дазваляе Украіна.

Я кажу пра тое, што цяпер караблі Чарнаморскага флоту могуць дзейнічаць ужо толькі пад Турцыяй. Калі вы звернеце ўвагу, дзе адбываецца надгляд караблёў, патруляванне, то гэта 300 км ад Адэсы.

– Чаму так адбываецца?

– Далёкасць супрацькарабельных украінскіх ракетаў – 300 км. Вось яны і імкнуцца быць ці на адлегласці 300 км ад украінскага ўзбярэжжа, ці хавацца за Крымам.

У Крыме акупацыйны кантынгент мае наймагутнейшую групоўку расейскай СПА, таму яны там хаваюцца. Гэта значыць яны выходзілі, напрыклад, у паўднёва-ўсходнюю частку Чорнага мора, там сябе камфортна пачуваліся. У тым ліку – ажыццяўляючы ракетныя ўдары «Калібрамі» з падводных лодак і надводных караблёў па ўкраінскай тэрыторыі.

Сітуацыя змянілася пасля пачатку актыўнага дзеяння ўкраінскіх марскіх дронаў. Удары па Новарасійску, па караблях, расейскай ваенна-марской базе адкрылі новую вяху. Расейскі Чарнаморскі флот цяпер нідзе не можа дзейнічаць у бяспецы.

Украіна мае выразную задачу – поўнае знішчэнне Чарнаморскага флоту. Падчас дэакупацыі Крыма, у ходзе падрыхтоўкі да яе, усё будзе ажыццяўляцца планамерна. Упэўнены, што Украіна будзе дамагацца пазбаўлення права Расеі ўвогуле мець ваенна-марскія сілы ў Чорным моры, таму што яна гэтага нявартая.

Чорнае мора павінна быць морам бізнэсу, эканомікі, добрых, даверных стасункаў паміж краінамі. Таму Расея не прайшла тэст на такую сітуацыю пасля распаду СССР, яна павінна быць пазбаўленая ўсіх магчымасцяў наяўнасці ваенных сілаў у Чорным моры.

– На днях па Крымскім мосце ўдарыў беспілотнік, які атрымаў назву «Марскі малюк» і выклікаў паніку ў РФ. Як вы ацэньваеце вытворчасць дронаў ва Украіне?

– Ва Украіны ёсць некалькі тыпаў дронаў, ідзе няспынная эвалюцыя. Больш за тое, у гэтай сферы Украіна цяпер сусветны лідар. Ні ў ЗША, ні ў Францыі, Італіі, Вялікай Брытаніі (а гэта гістарычныя марскія дзяржавы) няма на ўзбраенні такіх марскіх дронаў.

Украіна пайшла сіметрычным шляхам, ствараючы маскітны безэкіпажны флот. Цяпер ёсць вось гэтыя дроны, а будуць і іншыя, падводныя і надводныя. Яны фактычна будуць выконваць функцыі флоту.

Будуць знішчаць карабельны склад, атакаваць ваенна-марскія базы. Будуць ствараць умовы для кантролю марскіх акваторый. Гэтыя дроны ўжо ў найбліжэйшай перспектыве могуць дзейнічаць у складзе групы. Кіраваны штучным інтэлектам «рой» дронаў – ужо рэальнасць.

Гэтыя дроны могуць знаходзіцца ў любой частцы Чорнага мора ў заснулым стане, а калі, напрыклад, з'яўляецца расейскі карабель, могуць прачынацца і яго знішчаць. Так выглядае найбліжэйшая будучыня.

Дарэчы, расейскіх марскіх дронаў я не бачыў. Зразумела, што яны спрабуюць гэта рабіць, але праблема іх у тым, што ім няма куды выкарыстоўваць гэтыя дроны.

Ва Украіны няма флоту. Тут асіметрычнасць даведзеная да ідэалу. У нас няма флоту, але выкарыстоўваючы марскія дроны і супрацькарабельныя ракеты, а таксама іншыя сродкі, як, напрыклад, ударныя паветраныя дроны, мы можам знішчыць многія ваенныя аб'екты ворага.

Вядома ж, падчас дэакупацыі наносяцца яшчэ і ўдары авіяцыі, і наземнымі ракетамі авіяцыйнага базавання па берагавой інфраструктуры флоту, базаванні авіяцыі, па сродках СПА і гэтак далей. Усё гэта зразумела. Калі ж гаварыць пра флоцкія структуры, то якраз марскія дроны ў нас і будуць складаць асноўны баявы склад.

Вось Расеі проста няма куды іх ужываць. У іх традыцыйны флот, вялікія караблі, якія трэба ахоўваць. Марскія дроны тут ім ніякім чынам не дапамогуць.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках