6 траўня 2024, панядзелак, 14:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анатоль Котаў: Найперш трэба перацяць чыгуначны транзіт на мяжы з Беларуссю

3
Анатоль Котаў: Найперш трэба перацяць чыгуначны транзіт на мяжы з Беларуссю
АНАТОЛЬ КОТАЎ

Гэта будзе найбольш адчувальным ударам па Лукашэнку.

Польшча і краіны Балтыі выставілі ўльтыматум Лукашэнку.

Дыктатар павінен выслаць "вагнераўцаў", якія знаходзяцца ў Беларусі, і спыніць правакацыі на межах з ЕЗ, інакш будуць закрыты памежныя пераходы.

На чым заснавана такая пазіцыя краін-суседзяў і як могуць развівацца падзеі далей?

Пра гэта сайт Charter97.org паразмаўляў з беларускім палітолагам Анатолем Котавым:

- Пагроза (для суседніх з Беларуссю краін - рэд.) ёсць. Канешне, група “Вагнера” не нясе нейкай сур'ёзную пагрозу непасрэдна ў вайсковым плане, але правакацыі, сутычкі на мяжы, зусім іншы характар нелегальнай міграцыі — усё гэта можа мець месца.

Таму Польшча і краіны Балтыі ацэньваюць рызыкі для сваёй уласнай бяспекі і гатовыя закрыць межы, каб іх прадухіліць. Наколькі гэта адэкватна? На мой погляд, у пералік рызык, якія абазначаны ў супольнай заяве, варта было б дадаць яшчэ і тактычную ядзерную зброю, і кантрабанду. Гэта тое, пра што гаворыць беларуская апазіцыя, і тое, што літоўскі міністр унутраных спраў ахарактарызаваў як адну з пагроз для Еўрапейскага Звязу.

У якасці патрабаванняў, зноў жа на жаданні прадстаўнікоў дэмакратычнай Беларусі (і ў некаторым сэнсе гэта павінна было б падзяляцца і Польшчай), магло быць уключанае і вызваленне палітычных зняволеных.

Але тады мы прыйшлі б да таго, што найперш трэба перакрываць чыгуначны транзіт.

Як бачна з заяў і дзеянняў таго ж літоўскага боку, найперш размова ідзе ўсё ж аб перакрыцці аўтадарожных пунктаў пропуску.

Гэта значыць, размова ідзе аб закрыцці руху не тавараў, што было б лагічна і абсалютна правільна ў якасці ультыматуму, а закрыцці мяжы ў асноўным для перамяшчэння грамадзян.

Гэта будзе балюча для рэжыму, але яшчэ больш балюча для беларусаў, якія знаходзяцца ўнутры краіны.

- Экспэрты звязваюць нядаўні візіт кіраўніка Мінабароны КНРк у Менск з занепакоенасцю Кітая за свой экспарт праз Беларусь. Наколькі закрыццё межаў будзе балючым ударам па дыктатуры?

- Калі сітуацыя з нелегальнай міграцыяй у 2021-м годзе гатова была зусім вырвацца з-пад кантролю, калі былі масаваныя шматтысячныя штурмы мяжы, тады Кітай, уласна кажучы, адыграў сваю ролю.

Папярэджанне аб тым, што гэта не адпавядае інтарэсам Пекіна, а таксама пэўны ціск на Расею адыгралі сваю ролю. Тады гэтыя масаваныя штурмы спыніліся.

У 2023-м годзе сітуацыя крыху іншая: Кітай павінен мець пэўны ўплыў на Лукашэнку, але ў той жа самы час мы бачым, што па статыстыцы чыгуначных перавозак менавіта транзіт у кірунку Еўропа — Кітай зменшыўся і да ўльтыматуму на 40%.

Увогуле, Пекін рыхтуецца да таго, каб пусціць асноўны свой трафік у аб'езд Расеі і Беларусі. Гэта, магчыма, гэта абсалютна рэальна.

Гэта значыць, яны падрыхтавалі на 2023 год план "Б", для іх беларускі транзіт важны.

Таму, цалкам магчыма, гэты інструмент ціску можна ў некаторым выглядзе выкарыстоўваць, але для Кітая транзіт праз Расею і Беларусь у Еўропу і ў зваротным кірунку ўжо не так крытычны.

Цяпер зацікаўленасць Кітая ціснуць на Беларусь і Расею крыху меншая, чым гэта было два гады таму.

- Літва плануе закрыць яшчэ два пункты пропуску - "Прывалкі" і "Катлоўку" - на фоне таго, што ўжо цяпер на мяжы стаяць вялізныя чэргі. Як адаб'ецца на сітуацыі закрыццё яшчэ двух памежных пераходаў?

- Уся праблема ў агульным такім трэку, у якім рухаецца гісторыя з межамі. Калі гаворку весці пра тое, каб Лукашэнка нейкім чынам змяніў сваю палітыку ў дачыненні да краін-суседзяў і насельніцтва Беларусі, трэба задзейнічаць той аргумент, які для яго сапраўды балючы.

Гэта чыгуначны транзіт, па якім ідзе асноўная маса тавараў, і які значна важнейшы для рэжыму.

Але мы акурат бачым, што ідзе такое «наразанне салямі» - паступовае закрыццё аўтадарожных пунктаў пропуску.

Закрыццё двух папярэдніх пунктаў пропуску на літоўскай мяжы сапраўды сур'ёзнага ўплыву на трафік паміж краінамі не мела, бо яны не насілі рэгіянальнага значэння і выкарыстоўваліся не для ўсіх тыпаў перавозак: збольшага можна было на легкавым асабістым транспарце перасякаць мяжу ў гэтых пунктах пропуску. А вось закрыццё наступных двух сапраўды можа прывесці да больш складанай сітуацыі на беларуска-еўрапейскай мяжы.

У Польшчы фактычна засталося толькі два пункты пропуску - адзін для грузаў, другі для пасажыраў.

У Літве застанецца два з чатырох сапраўды важных, таму будзе сур'ёзнае павелічэнне нагрузкі на іх з ростам чэргаў для ўсіх тыпаў транспарту, ад грузавога да пасажырскага.

Але яшчэ працуюць два ў Латвіі, але яны з пэўных прычын не карыстаюцца пакуль папулярнасцю.

Цалкам магчыма, частка плыняў перанакіруецца туды, гэта дадатковыя кіламетры для тых, хто планаваў патрапіць у Заходнюю Еўропу ці хаця б у тую ж самую Польшчу, абыходзячы чаргу.

Адпаведна, мы будзем бачыць, з аднаго боку, удар па аўтамабільных перавозках і па нейкай частцы кантрабанды, якая перавозіцца аўтамабільным відам транспарту.

Але з іншага боку, гэта сур'ёзна ўскладніць пытанне перамяшчэння беларускіх грамадзян. У некаторых з іх будзе неабходнасць з'ехаць з краіны, бо сітуацыя пагаршаецца. У тым ліку гэта пытанне тых палітычных зняволеных, якім, так бы мовіць, "пашанцавала" патрапіць у турму першымі і атрымаць меншыя тэрміны: ім трэба з'язджаць, каб не атрымаць новыя.

Але самае галоўнае: у дакуменце, які быў прыняты па выніках пасяджэння, размова ідзе, што ў выпадку нейкага крытычнага інцыдэнту (такім інцыдэнтам можна назваць або масаваны штурм, або стральбу на мяжы) будуць закрыты ўсе межы Беларусі для перамяшчэння грамадзян, за выключэннем нейкіх гуманітарных калідораў для прадстаўнікоў апазіцыі.

Гэта будзе сур'ёзнай праблемай, калі гуманітарны крызіс у Беларусі ўзмоцніцца. Нейкая эскалацыя на знешняй мяжы відавочна будзе папярэднічаць паглыбленню гуманітарнага крызісу ў Беларусі і тыя, хто жыве на акупаванай тэрыторыі, але не задумваўся аб тым, каб пакінуць яе, у выпадку эскалацыі фактычна будуць пазбаўленыя такой магчымасці.

Калі ціснуць на рэжым - трэба закрываць чыгуначны транзіт, а мяжу для грамадзян або гуманітарныя калідоры адкрываць максімальна шырока ў выпадку закрыцця нават наземных межаў.

Гэта значыць, усё гэта развіваецца, на жаль, не ў спрыяльным для Беларусі сцэнары. Відавочна, заходнім партнёрам у гэтым выпадку эскалацыі абараняць выключна свае інтарэсы, апусціць новую «жалезную заслону», якую адрэжа не Беларусь, а беларусаў ад Еўропы.

Для многіх гэта стане непераадольным бар'ерам у выпадку неабходнасці тэрмінова пакінуць краіну.

Мы маем вельмі сумную сітуацыю: калі ў 2022-м годзе пачалося поўнамаштабнае ўварванне Расеі ва Украіну, мы цудоўна бачылі натоўпы уцекачоў, дзясяткі тысяч людзей на знешняй мяжы Украіны з Еўрапейскім Звязам.

Гэта былі ўцекачы з краіны, якая зазнала агрэсію.

У Беларусі ў выпадку новай эскалацыі сітуацыя будзе горшая, гэта будуць уцекачы, якія бягуць, з аднаго боку, з акупаванай краіны, а з другога - з тэрыторыі краіны-суагрэсаркі.

Сітуацыя будзе больш балючай, бо калі ў першым выпадку, гэта быў рэжым такой найбольшай спрыяльнасці, то ў другім выпадку гэта будзе рэжым фільтрацыі.

Я думаю, што зараз задачай усіх беларускіх дэмакратычных сіл, усёй беларускай міграцыі, апазіцыі, можна назваць як хочаш, павінна быць карэктаванне яшчэ не прынятай пастановы, але ўжо зразумелай палітыкі перакрыцця межаў.

Ціснуць трэба на рэжым, а не зачыняць дзверы для беларускіх грамадзян.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках