7 траўня 2024, aўторак, 3:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітолаг пра гістарычны працэс над Гараўскім: Гэта толькі пачатак

13
Палітолаг пра гістарычны працэс над Гараўскім: Гэта толькі пачатак
ЮРЫЙ ГАРАЎСКІ
ФОТА: DW

Лукашэнку не ўнікнуць спецыяльнага трыбунала.

У швайцарскім Санкт-Галене сёння, 19 верасня, пачаўся працэс над экс-байцом СОБР Юрыем Гараўскім, які прызнаўся ў датычнасці да выкраданняў і забойстваў апанентаў рэжыму Лукашэнкі. Праваабаронцы называюць працэс гістарычным.

Сайт Charter97.org спытаў у беларускага палітолага Анатоля Котава, у чым унікальнасць працэсу над Гараўскім:

- Пачнём з таго, што гэта сапраўды першы рэальны працэс у справах ужо больш як 20-гадовай даўніны аб знікненні беларускіх палітыкаў 90-х. Ён будзе з'яўляцца ў поўнай меры аб'ектыўным і незалежным, бо праходзіць не ў беларускім "судзе", а ў судзе трэцяй краіны. Мы можам разлічваць на тое, што ўсё будзе праведзена максімальна аб'ектыўна, нэйтральна і непрадузята.

Гэта першы працэс у справах знікненняў 90-х гадоў, які будзе праходзіць не на старонках мэдый, не ў працах журналістаў-даследчыкаў, а менавіта ў судовым органе са заслухоўваннем сведак, вывучэннем довадаў і вынясеннем прысуду.

Напраўду не такі важны будзе прысуд у гэтай справе ў дачыненні да персанальна Юрыя Гараўскага (для яго запыталі, фактычна, сымбалічнае пакаранне), колькі важная фіксацыя абставін справы.

Я б параўнаў важнасць гэтага працэсу для Беларусі з працэсам аб збітым «Боінгу» МН-17. Вялікую важнасць і значэнне на будучыню будуць мець тыя факты і акалічнасці, якія будуць зафіксаваныя ў рамках крымінальнага працэсу.

Больш за тое, сам сабой працэс стварае юрыдычныя падставы для таго, каб у якасці сведак як мінімум выклікаць асоб, якія таксама могуць валодаць інфармацыяй у гэтай справе. Гэта і былыя топ-чыноўнікі МУС і КДБ, якія ў той час выконвалі свае функцыі. Сёй-той з іх знаходзіцца не ў Беларусі, адпаведна, з вялікай доляй імавернасці можна разлічваць на тое, што іх орган правасуддзя таксама заслухае.

Можна сказаць, што ідзе першасны збор вельмі сур'ёзных довадаў, якія пакладуць пачатак больш сур'ёзным працэсам. Упершыню будуць зафіксаваны ў судзе імёны і прозвішчы тых, хто або мае дачыненне да выкраданняў і забойстваў беларускіх палітыкаў у сярэдзіне 90-х, або валодае інфармацыяй, якая можа быць выкарыстана ў рамках далейшых. То бок, гэта толькі пачатак.

- Ці можа, на Вашу думку, у справе Гараўскага суд разблытаць увесь гэты ланцужок загадаў і давесці, што Лукашэнка аддаваў загады забіваць сваіх апанентаў?

- Сумняваюся, што гэта будзе зроблена ў рамках менавіта гэтага працэсу.

- Чаму?

- Каб адназначна сцвярджаць, што за ўсім гэтым стаіць Лукашэнка, трэба заслухаць не толькі Гараўскага, але і некалькі ключавых сведак у справе. Іхнія прозвішчы будуць названыя ў працэс. Гэта тыя, хто займаў дастаткова высокія месцы ў праваахоўных органах Беларусі ў той час. Яны дадуць адсутную частку мазаікі. Бо мы сутыкаемся з судовым працэсам рэальным, а не намінальным.

Мусібыць, будзе даведзена тое, што менавіта сістэма беларускай улады (магчыма, без персаналій) стаіць за гэтымі выкраданнямі. Гэтага ў прынцыпе дастаткова, каб далей раскручваць справу не толькі ў рамках гэтага суда. У выніку з'явіцца значна больш падстаў для далейшага крымінальнага пераследу асоб, якія маюць дачыненне да гэтых злачынстваў і ў рамках Міжнароднага крымінальнага суда, і ў рамках спецыяльнага трыбунала, які неўнікнёна будзе створаны.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках