20 жнiўня 2026, Чацвер, 4:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Іране выйшлі на волю журналісткі, якія пісалі аб пратэстах

У Іране выйшлі на волю журналісткі, якія пісалі аб пратэстах
ЖУРНАЛІСТКІ ПАСЛЯ ВЫЗВАЛЕННЯ

За іхняе вызваленне вялі кампанію міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

У Іране да разгляду судом апеляцый у іхніх справах вызваленыя з турмы дзве журналісткі, раней прысуджаныя да працяглых тэрмінаў зняволення за асвятленне пратэстаў пасля загубы праваабаронцы Махсы Аміні. Пра гэта паведамляе Радыё Свабода.

14 студзеня журналісткі пакінулі жаночую турму Эвін у Тэгеране. Улады Ірана заявілі, што іх вызвалілі "часова" пасля ўнясення закладу. Ім таксама забаронена пакідаць краіну.

31-гадовая Нілуфар Гамэдзі і 36-гадовая Элаге Магамадзі былі ў кастрычніку мінулага года прысуджаныя да 13 і 12 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Іх абвінавацілі ў розных злачынствах, у тым ліку дзеяннях супраць нацыянальнай бяспекі і варожай прапагандзе, а таксама ў "супрацоўніцтве з варожым амэрыканскім урадам". Самі яны не прызналі віну. За іхняе вызваленне вялі кампанію міжнародныя праваабарончыя арганізацыі. «Суд над Гамэдзі і Магамадзі — толькі пародыя і пераканаўчае сведчанне замахаў на свабоду слова, а таксама адчайных спроб іранскіх уладаў крыміналізаваць журналістыку», — заяўляў пасля прысуду Шэрыф Мансур — каардынатар праграм Камітэта абароны журналістаў на Блізкім Усходзе і Паўночнай Афрыцы.

22-гадовая Махса Аміні, якую затрымалі за вольна павязаны хіджаб, загінула ў зняволенні ўвосень 2022 года. Ейная смерць, у якой шмат хто абвінаваціў паліцыю нораваў і ўлады, выклікала масавыя пратэсты ва ўсёй краіне. Яны доўжыліся некалькі месяцаў і сталі адным з самых сур'ёзных выклікаў іранскаму кансэрватыўнаму кіраўніцтву за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў. Сотні людзей загінулі ў сутыкненнях, шмат было арыштавана, некалькі ўдзельнікаў пратэстаў пакараныя смерцю.

Нілуфар Гамэдзі была арыштаваная пасля таго, як сфатаграфавала бацькоў Аміні, якія абдымаліся, у тэгеранскай лякарні, дзе іхняя дачка ляжала ў коме. Ейны твіт з гэтай фатаграфіяй уважаюць за першую згадку пра гісторыю Аміні ў іранскіх мэдыях. Элаге Магамадзі арыштавалі праз пэўны час пасля публікацыі аб пахаванні Аміні ў ейным родным месце Сэкезе.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках