Літва анулявала від на жыхарства маёру з Беларусі, які мае дачыненне да разгону мітынгаў
21- 1.02.2024, 21:35
- 17,932
Маёра могуць дэпартаваць.
Дэпартамент міграцыі Літвы сёння, 1 лютага, ануляваў від на жыхарства, выдадзены маёру з Беларусі Аляксандру Мацыевічу. Ён датычны да разгону мітынгаў 2020 года.
Пра гэта заявіла Міністэрства ўнутраных справаў Літвы, паведамляе LRT.
«Згаданая асоба не адпавядае ўмовам выдачы пасведчання на права жыхарства ў Літоўскай Рэспубліцы», – гаворыцца ў заяве.
Адзначаецца, што маёр беларускай міліцыі Мацыевіч, які ўдзельнічаў у разгоне пратэстаў у Лідзе ў 2020 годзе, атрымаў від на жыхарства ў Літве і працаўладкаваўся ў краіне.
Паводле звестак МУС, датычна гэтага грамадзяніна Беларусі таксама звярталіся ў Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі.
«Калі высветліцца, што гэты чалавек уяўляе пагрозу бяспецы дзяржавы, будзе прынятая пастанова пра забарону ягонага ўезду ў Літву», – гаворыцца ў паведамленні.
Паводле звестак Міністэрства ўнутраных справаў, Мацыевіч упершыню ўехаў у Літву з Польшчы з нацыянальнай візай іншай краіны Еўразвязу.
Калі ў лістападзе 2022 года ён атрымаў дазвол на часовае пражыванне ў Літве, у літоўскіх уладаў не было звестак, што гэты чалавек можа ўяўляць пагрозу бяспецы дзяржавы.