27 лютага 2024, aўторак, 14:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-амбасадар Арменіі ў РФ распавёў, ці прыляціць Пуцін пасля далучэння Ерэвана да МКС

7
Экс-амбасадар Арменіі ў РФ распавёў, ці прыляціць Пуцін пасля далучэння Ерэвана да МКС
Степан Григорян

Кіраўніка Крамля цяпер могуць арыштаваць.

Арменія афіцыйна далучылася да дзяржаў-удзельніц Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе, які ў сакавіку мінулага года выдаў ордэр на арышт Пуціна.

Што наконт гэтага кажуць у Ерэване? Ці арыштуюць кіраўніка Крамля, калі ён прыляціць у Арменію? Пра гэта сайт Charter97.org паразмаўляў з адным з лідараў дэмакратычнага руху ў Арменіі ў 1990-х гадах, былым дэпутатам Вярхоўнага Савета рэспублікі і экс-амбасадарам Арменіі ў Расеі Сцяпанам Грыгаранам:

- Расея вельмі балюча ўспрыняла далучэнне Арменіі да МКС і тое, што наш парламент у кастрычніку мінулага года ратыфікаваў Рымскі статут.

Расея рабіла ўсё, каб Арменія не ратыфікавала статут, таму працэс зацягнуўся на год. Цяпер жа Пуцін не можа заехаць у Арменію. Зразумела, што калі ён прыляціць, то нашыя не адважацца яго арыштаваць, але юрыдычна цяпер ён не мае права заязджаць у Арменію, і я абсалютна ўпэўнены, што ён і не прыляціць.

Дарэчы, сёлета Арменія старшынюе ў Еўразійскай эканамічнай супольнасці (ЕўрАзЭС). Па традыцыі саміт арганізацыі праводзіцца ў краіне, якая старшынюе. Фармальна саміт ЕўрАзЭС павінен быў прайсці ў Ерэване. Але ўжо вызначана, што саміт будзе ў маі гэтага года ў Маскве. Гэта довад таго, што Пуцін не можа і не плануе прыязджаць у нашу краіну.

Адзначу, што ўвесь час ходзяць чуткі, маўляў, Расея цісне на Арменію, каб наша краіна падпісала з ёй двухбаковую дамову, каб можна было абысці арышт Пуціна, калі ён прыляціць у Ерэван.

- Прэм'ер Пашынян заявіў, што Расея ўжо не можа быць вайсковым партнёрам Арменіі. Як зараз будзе будаваць сваю канцэпцыю бяспекі Ерэван?

- Не першы раз Нікол Пашынян кажа аб тым, што Расея не выканала свае хаўрусніцкія абавязацельствы, калі Азербайджан атакаваў Арменію. Гэта вельмі важная дэталь.

І Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) не выканала свае хаўрусніцкія абавязацельствы, і Расея. Вельмі добра і правільна, што наш урад шмат разоў казаў пра гэта. Але галоўнае, што Расея не проста не наш хаўруснік, а я мяркую нават больш - вораг Арменіі.

Расея дапамагла Азербайджану правесці этнічную чыстку армян у Нагорным Карабаху. Літаральна ва ўсіх сваіх дзеяннях Расея ідзе супраць нас.

Улады Арменіі кажуць наступнае: «Так, Расея ўжо не хаўруснік, яна не выконвае свае абавязацельствы, таму трэба думаць, што рабіць далей».

Галоўная наша прэтэнзія да ўладаў наступная: пасля палітычных заяў трэба перайсці да рэальных дзеянняў! Трэба выйсці з дамовы АДКБ, паставіць пытанне аб вывадзе расейскай вайсковай базы з Арменіі.

- Тады з кім вы бачыце вайскова-стратэгічнае супрацоўніцтва Арменіі ў будучыні?

- У гэты момант ёсць вайсковае супрацоўніцтва паміж Арменій і Францыяй, Арменіяй і Індыяй. Для нас вельмі важныя хаўрусніцкія стасункі. З кім Арменія плануе гэта рабіць? Наколькі я разумею, пакуль ва ўрадзе няма пастановы на гэты конт.

Ведаеце, у нас зараз вельмі добрая сітуацыя што да саюзаў - няма альтэрнатыў. Гэта вельмі часта бывае карысна.

Думаю, што ў нас саюз павінен быць з ЕЗ і NATO. Мы павінны ісці ў гэтым кірунку. Так, мы можам працаваць і з іншымі краінамі, нашымі суседзямі, але месца Арменіі - у інтэграцыі з ЕЗ. У вайсковай галіне - супрацоўніцтва з NATO.

Вельмі важная кампанента нашай бяспекі павінна будавацца на двухбаковым хаўрусніцтве з ЗША, Канадай, Нямеччынай і Францыяй. Гэта значыць, мы павінны будаваць нашу бяспеку супольна з дэмакратычным светам. Іншых альтэрнатыў я сёння не бачу.

Галоўнае, што мы цяпер гаворым ураду, - хутчэй вызначайцеся! Час зараз гуляе важную ролю.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках