«Уваходжанне войскаў NAТO ў Беларусь - пытанне першараднай важнасці»
28- 29.02.2024, 11:13
- 19,014

ФОТА: CHARTER97.ORG
Гісторык Юры Фяльшцінскі мяркуе, што войскі Альянсу павінны дапамагчы вызваліць нашу краіну.
У варшаўскім "Усходнееўрапейскім доме" (Dom Wschodni) прайшла прэзентацыя кнігі "Беларусь у NAТO".
У дыскусіі ўзялі ўдзел лідар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў, экс-міністр абароны Польшчы, былы віцэ-прэзідэнт Еўрапарламента Януш Анышкевіч і вядомы расейска-амерыканскі гісторык Юрый Фяльшцінскі. Мадэратарам выступіла галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна.
Гісторык Юрый Фяльшцінскі выказаў меркаванне, што Беларусь - ключ да развязання праблем у нашым рэгіёне:
- Вызваленне Украіны, як гэта ні дзіўна, павінна пачынацца з вызвалення Беларусі. Страта Беларусі для Расеі будзе азначаць, што спроба захапіць Украіну становіцца бессэнсоўнай. Яна і так, як мы бачым, была складанай для РФ, але калі Беларусь не будзе кантралявацца, то вайна для расейцаў – гэта параза.
Гісторык мяркуе, што войскі NAТO павінны дапамагчы вызваліць Беларусь:
- Мы прапусцілі час. Як толькі стала вядома, што Расея перакідвае ядзерную зброю ў Беларусь, я пачаў пісаць артыкулы, даваць інтэрв'ю аб тым, што NAТO неабходна вызваляць беларускую тэрыторыю ў прэвентыўным парадку. Таму што наяўнасць ядзернай зброі ў Беларусі стварае неймаверную рызыку для бяспекі ва Усходняй Еўропе. Я і цяпер, шчыра кажучы, думаю, што ўваходжанне войскаў NAТO ў Беларусь - пытанне першараднай важнасці. У нейкім сэнсе, гэта больш важна, чым вызваленне Украіны.
Больш за тое, калі планаваўся контрнаступ украінскае войска, я дастаткова далікатна, каб не крыўдзіць Украіну, казаў, што трэба канцэнтравацца не на выцясненні расейскіх войскаў з акупаваных тэрыторый, а на фармаванні беларускай дывізіі на аснове палка Каліноўскага і ўваходжанні ў Беларусь. Зноў жа, думаю, што вызваленне Беларусі стратэгічна мяняе становішча на ўкраінскім фронце.
Тым больш, што ў адрозненні ад Расеі, дзе таксама трэба мяняць рэжым, але гэта дастаткова складана, Беларусь — гэта чыстая дыктатура. Мы гэта ведаем паводле вынікаў выбараў 2020 года, калі на вачах усяго чалавецтва Беларусь пратэставала. Таму змена рэжыму ў Беларусі – гэта дастаткова простая аперацыя для NAТO.