28 красавiка 2024, Нядзеля, 19:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці сапраўды Крэмль рыхтуе наступ на Кіеў з Беларусі

23
Ці сапраўды Крэмль рыхтуе наступ на Кіеў з Беларусі

Аналіз вайсковага эксперта.

Днямі расейскія СМІ паведамілі, што Пуцін нібыта «адчуў слабасць» Украіны і «гатовы ісці да пераможнага фіналу», у тым ліку - ажыццявіць яшчэ адзін наступ на Кіеў з Беларусі.

Наколькі гэта рэальна з вайсковага пункту гледжання? На гэтае пытанне сайту Charter97.org адказаў украінскі вайскова-палітычны аглядальнік групы «Інфармацыйны супраціў» Аляксандр Каваленка:

- Цяпер - гэта наогул нерэальна. Тлумачу: у 2022-м годзе на тэрыторыі Беларусі была сфармаваная 40-тысячная групоўка асабовага складу, якая брала ўдзел у наступленні на Кіеў. Гэта былі элітныя падраздзяленні, дэсантура, прадстаўнікі спецназа. Гэта былі найбольш падрыхтаваныя, абсталяваныя і ўкамплектаваныя падраздзяленні.

Яны мелі падтрымку як з паветра, гэтак і з зямлі. Які вынік? Ніякага! Літаральна праз месяц уцяклі назад і ўвогуле пакінулі Паўночны плацдарм.

З гэтага можна зрабіць выснову, што нават элітныя дэсантуры і спецназ (пры ўсёй падтрымцы) ніяк не здольныя выканаць такую баявую задачу.

- Якая колькасць можа выканаць?

- Тут уключаецца адразу ж вайсковая тэорыя. Калі мы гаворым пра вялікі горад-мільённік, то ўсё залежыць ад таго, якія на яго маюць планы: уступіць у гарадскія баі ці ўзяць яго ў аблогу.

Ад гэтага залежыць, якая павінна быць колькасць рэсурсу. На маленькае мястэчка Аўдзееўку расейскім акупантам спатрэбілася чалавечага рэсурсу больш за 120 тысяч. І гэта без выдаткаў механізаванай кампаненты! Колькі тады мусіць пайсці на Кіеў? Такой групоўкі цяпер нідзе ля межаў Украіны няма.

Для таго, каб наступаць на Кіеў, Пуціну трэба недзе 500 тысяч групоўкі сённяшняга расейскага войска. Дарэчы, ва Украіне ў зоне баявых дзеянняў на ўсіх чатырох плацдармах - 470 тысяч. Расейскі вайскова-прамысловы комплекс і мабілізацыйная сістэма літаральна трашчаць па швах, каб кампенсаваць страты, якія кожны месяц РФ нясе ва Украіне.

Як яны ў такіх варунках змогуць сабраць яшчэ і групоўку, якая б здолела наступаць, акружыць і захапіць Кіеў? Ніяк.

- Тады з якой мэтай такое з'яўляецца ў расейскіх СМІ?

- Інфармацыйна-псіхалагічная спецыяльная аперацыя (ІПСА). З мэтай запалохвання, стварэння панікі, гэта вельмі важныя элементы падчас вайны.

Паніка, хаос, стварэнне пагроз, маральна-псіхалагічны ціск выкарыстоўваюцца ў тым ліку для ўздзеяння на соцыум супраціўніка. Расейцы ўвесь час гэтым займаюцца: будуць наступаць на Адэсу, на Харкаў, захопліваць Сумскую вобласць і тд. Яны ўвесь час ціснуць псіхалагічна.

У кожным выпадку, нават калі будзе такога кшталту пагроза, то ва Украіне ёсць полк імя Кастуся Каліноўскага. Гэтаксама, як і расейскія добраахвотнікі, яны могуць пачаць здзяйсняць пэўныя дзеянні ў дачыненні да злачыннага рэжыму Лукашэнкі. З мэтай яго зрынання. Хто ведае, усё можа быць.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках