27 красавiка 2024, Субота, 18:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Далі аднаразовую з «акном» у месяц»

2
«Далі аднаразовую з «акном» у месяц»

Гісторыі аб тым, як цяпер беларусы атрымліваюць «шэнгены».

Увесну многія задумваюцца аб падарожжах. Але ўсё ўпіраецца ў адсутнасць запаветнай шэнгенскай візы. У gmedia.site падзяліўся паспяховымі кейсамі беларусаў, якія збіраў у тэматычных тэлеграм-чатах:

«Распісвала маршрут паездкі на тры з паловай лісты»

У адной з удзельніц чата працэс атрымання польскай турыстычнай візы заняў 11 дзён з дня падачы. Набор дакументаў быў стандартным: пашпарт, сканы пашпарта і віз, страхоўка на месяц, фота, анкета, якую запаўняў працаўнік візавага цэнтра. Таксама дзяўчына прыкладала даведку з банка з астаткам на рахунку 2600 € і даведку з працы за тры месяцы з указаннем сярэдняга заробку. Пражыванне ў гатэлях у чатырох гарадах Польшчы было аплачанае загадзя.

«Прыкладала выпіску па рахунку з банка аб спісанні сродкаў. Аплата праходзіла два дні і адлюстравалася толькі, калі я была ў візавым цэнтры, - піша дзяўчына. - Мне дазволілі схадзіць у банк па выпіску. Але раю аплачваць загадзя, каб на руках былі пацвярджэнні ад букінга аб брані і аб аплаце».

Таксама беларуска прыкладала да пакета дакументаў маршрутны ліст на чатыры гарады, дзе падрабязна распісала сваё падарожжа. У выніку выйшла тры з паловай аркушы фармату А4.

«Візавая гісторыя за тры гады - дзве запар польскія нацыянальныя і да гэтага польскі шэнген на два гады. У выніку далі аднаразовую з акном на месяц (роўна па страхоўцы) са знаходжаннем 15 дзён. Вынікам задаволеная, на большае не разлічвала», - падсумавала ўладальніца запаветнай візы ў пашпарце.

«У Гародні консул па нацыянальнай мульцівізе паставіў 180 дзён знаходжання, а ў Лідзе - 365»

Гэта гісторыя пра гасцявую візу, на якую падаваліся два чалавекі — адзін у Гародні, другі ў Лідзе. Пакет дакументаў быў абсалютна стандартным пры такім запыце.

«Смешна, што ў Гародні спатрэбіліся дзве копіі пашпарта, а ў Лідзе - адна, - піша карыстальнік. - Візавая гісторыя была аднолькавая ў дваіх. Але пры роўных уступных вынік такі: нацыянальны мульт на год далі дваім. Але ў Гародні колькасць дзён знаходжання паставілі 180, а ў Лідзе - 365».

«Хацеў ужо набываць тур у Вугоршчыну, але атрымалася зрабіць візу праз польскае запрашэнне»

Адзін з каментатараў распавёў, што доўга не мог знайсці спосаб атрымаць шэнген і ўжо хацеў было набываць тур у Вугоршчыну, але знайшліся знаёмыя, якія дапамаглі адкрыць польскую гасцявую візу праз запрашэнне.

«Запрашэнне каштавала $100 і я мяркую, што гэта вельмі танна, бо звычайна просяць пад $300, - прызнаўся беларус. - Усё адно давялося плаціць за тое, каб запісалі ў візавы цэнтр. Гэта каштавала мне прыкладна 800 BYN. Але я ўсё адно задаволены, бо візу далі на год з магчымасцю знаходжання 180 дзён».

«Немцы не глядзелі мае візы, выдадзеныя палякамі»

Яшчэ адна беларуска падзялілася сваёй гісторыяй атрымання нямецкага шэнгена. Да гэтага яна мела выключна польскую візавую гісторыю. Але гэта не перашкодзіла ёй атрымаць мульцівізу на год.

«Я пакінула на сайце консульства заяўку ў студзені, а ўжо ў сакавіку мне прыйшоў зваротны ліст з датай падачы на канец чэрвеня, — распавяла пра свой досвед беларуска. - Я думала, мне дадуць візу больш, чым на год, бо ў мяне даволі багатая візавая гісторыя. Але немцы ўвогуле не ўлічваюць візы, атрыманыя не ў Нямеччыне. Таму далі візу ўсяго на год».

Адказваючы на пытанні іншых карыстальнікаў, дзяўчына адказала, што пакет дакументаў прыкладала стандартны: пашпарт, яго копія, выпіска з працы за тры месяцы, выпіска з рахунку, дзе было блізу $200, квіткі і рэзерваванне гатэля.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках