11 снежня 2024, Серада, 8:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-міністр абароны Польшчы распавёў, што агульнага паміж Трампам і музыкай Вагнера

14
Экс-міністр абароны Польшчы распавёў, што агульнага паміж Трампам і музыкай Вагнера
ЯНУШ АНЫШКЕВІЧ

Ці сапраўды НАТА пад пагрозай?

У варшаўскім «Усходнееўрапейскім доме» (Dom Wschodni) прайшла прэзентацыя кнігі «Беларусь у НАТА».

У дыскусіі ўзялі ўдзел лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў, экс-міністр абароны Польшчы, былы віцэ-прэзідэнт Еўрапарламента Януш Анышкевіч і вядомы расейска-амерыканскі гісторык Юрый Фяльшцінскі. Мадэратарам выступіла галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна.

Ці сапраўды НАТА сёння з'яўляецца арганізацыяй, здольнай абараняць? Ці прыйдуць ЗША на дапамогу Еўропе, калі агрэсія Расеі пачнецца падчас прэзідэнцтва Дональда Трампа? Экс-міністр абароны Польшчы Януш Анышкевіч бачыць праблемы ў Альянсе, але ўважае яго па-ранейшаму дзейсным:

— Гэта праўда, што краіны НАТА за апошнія 20 гадоў страцілі шмат праз перафарматаванне з войска, якое павінна абараняць тэрыторыю, у войска, якое выконвае ваенныя місіі ў Афрыцы і на Блізкім Усходзе. Галоўны прыклад - тры краіны, якія вельмі важныя для НАТА. Гэта Францыя, Вялікая Брытанія і Нямеччына. Кожная з гэтых краін перад 1989 годам мела некалькі тысяч танкаў. Цяпер у гэтых краін менш танкаў, чым у Польшчы, бо танкі не патрэбныя для вайсковых місій у Афрыцы. Патрэбныя бронетранспарцёры.

Цяпер ідзе вялікі працэс перабудовы вайсковых сіл. Гэта вялізная праграма з вытворчасцю боепрыпасаў. Раней здавалася, што ўсе войны, якія былі, займалі кароткі перыяд часу. Ізраільска-арабскія войны былі вельмі кароткімі. Першая - шэсць дзён, другая - два тыдні. Абедзве вайны ў Іраку былі вельмі кароткімі. Актыўная фаза першай вайны - 100 гадзін, другой - два тыдні, але толькі праз пясчаную буру, якая ўскладніла перамяшчэнне войск. І ўсё, канец. У войнах можна было перамагаць не мабілізацыяй вайсковай вытворчасці, а тым, што было на складах.

Трымаць вялікую колькасць узбраенняў на складах – гэта вялізныя выдаткі. Усё старэе, яго трэба мяняць. А гэта вялізныя грошы. Уявіце сабе, адзін набой 155 калібру каштуе больш за $5 тысяч!

Толькі цяпер усё пачалося мяняцца. Цяпер жа немцы будуюць новую фабрыку Rheinmetall, Еўразвяз выдзяляе вялізныя грошы на ўзбраенні. Усё мяняецца. Дэмакратыі рэагуюць дастаткова павольна, у адрозненне ад аўтакратый.

Калі ж казаць пра ЗША, то я нагадаю вам, што мы ўсе баяліся першага прэзідэнцтва Трампа. Ён ужо тады казаў прыкладна тыя ж рэчы, што і цяпер. Аднак ягоная палітыка не была такой дрэннай. Хтосьці сказаў пра музыку Вагнера, што яна нашмат лепшая за тое, што нам чуецца. Таму амерыканская палітыка ў часы Трампа была нашмат лепшай за тое, што мы чулі ад яго. Нагадаю, што Трамп даў Украіне «Джавеліны», увёў большую колькасць амерыканскіх войскаў на тэрыторыю Польшчы. Ці будзе ўсё гэта зноўку? Не ведаю. Ці асцерагаюся я прэзідэнцтва Трампа? Так, баюся.

Праблема не ў тым, што будзе Трамп будзе рабіць, а ў тым, як Пуцін будзе ацэньваць Трампа. Калі ён падумае, што тое, пра што кажа Трамп, гэта сур'ёзна, што ЗША не будуць залучацца ў абарону Еўропы, - можа адбыцца вялікая катастрофа. Аднак адзін экстравагантны прэзідэнт не можа паўплываць на сітуацыю ў ЗША.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках