17 чэрвеня 2024, панядзелак, 12:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сіноптыкі спрагназавалі ў Беларусі спякоту да +29°C на апошнія дні траўня і пачатак лета

1
Сіноптыкі спрагназавалі ў Беларусі спякоту да +29°C на апошнія дні траўня і пачатак лета

Пройдуць хуткаплынныя навальніцы і лакальныя залевы.

Па-сапраўднаму летняе цяпло ва ўсіх рэгіёнах Беларусі спрагназаваў на наступны тыдзень, з 27 траўня да 2 чэрвеня, сіноптык Дзмітры Рабаў. Паводле ягоных словаў, сярэдняя тэмпература паветра будзе мінімум на 5°C вышэйшая за кліматычную норму, а навальнічная актыўнасць, якая здзіўляла беларусаў на мінулым тыдні магутнымі залевамі, часам нават з градам, таксама пакуль не сціхне.

Паводле словаў спецыяліста, нягледзячы на тое, што наступны тыдзень «абяцае быць вельмі цёплым», надвор'е па-ранейшаму будзе характарызавацца «вялікай няўстойлівасцю».

«Гэта значыць, што ў большасці дзён без хуткаплынных навальнічных дажджоў не абыдзецца. Праўда, працэс гэты даволі лакальны: дзесьці ліўні, навальніцы, а дзесьці толькі аддаленыя грымоты нагадаюць пра бурлівыя працэсы ў атмасферы», заявіў Рабаў у эфіры тэлеканала АНТ.

«Вельмі цёплы пачатак чэрвеня» паабяцала Беларусі і мадэль ECMWF. Аўтары тэлеграм-канала пра надвор'е Nadvorie падзяліліся прагнозам, а таксама картай тэмпературных максімумаў за суботу, 25 траўня, на якой відаць, што цяпер самым цёплым застаецца самы паўночны рэгіён краіны – Віцебшчына. Такую самую «мілату» – паўсюдныя +25... +27°С – спецыялісты спрагназавалі і на нядзелю, 26 траўня.

Тэмпературныя максімумы за 25 траўня

У пачатку наступнага тыдня, 27 і 28 траўня, згодна з прагнозам Белгідрамета, дзённая тэмпература паднімецца яшчэ вышэй – да +23…+29°С. Уначы яна не будзе апускацца ніжэй за +8°С, а ў асобных рэгіёнах і зусім можа падымацца да летніх +16°С.

На аўторак, 28 траўня, Белгідрамет спрагназаваў кароткачасовыя дажджы і навальніцы «месцамі па краіне», пры навальніцах не выключаны парывісты вецер.

Бліжэй да сярэдзіны наступнага тыдня, паводле прагнозу сіноптыка Рабава, малаактыўныя атмасферныя франты, якія ідуць з паўднёвага захаду Еўропы, могуць прынесці ў Беларусі новую порцыю дажджоў з навальніцамі. Аднак на тэмпературы гэта істотна не адаб'ецца: ноччу ў сераду, 29 траўня, спецыяліст паабяцаў ад +9°C да +14°C, днём – да +25°C.

Верагоднасць навальніцаў па ўсёй краіне, паводле словаў Рабава, вырасце ў другой палове тыдня. Начныя тэмпературы пры гэтым застануцца на летнім узроўні – у дыяпазоне +10°C... +15°C, а вось днём ужо не так горача – у чацвер, 30 траўня, ад +18°C да +23°C, у пятніцу, 31 траўня, ад +19°C да +23°C.

Першыя дні лета, як заявіў Рабаў, таксама пройдуць пад уплывам паўднёвых малаактыўных атмасферных франтоў, з кароткачасовымі дажджамі, навальніцамі, ранішнімі туманамі, якія могуць зніжаць бачнасць на дарогах да паўкіламетра. Паводле папярэдніх звестак, начная тэмпература ў наступныя выходныя, 1 і 2 чэрвеня, будзе ад +10°C да +15°C, а максімальная дзённая – да +25°C.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках