Следам за далярам і еўрам Расея можа страціць і юані
16- 16.06.2024, 14:44
- 23,304

На фондавым рынку РФ новы віток панікі.
На фондавым рынку Расеі панічныя настроі пасля таго, як Масбіржу адрэзалі ад таргоў далярамі і еўрамі. Наступным на чарзе можа стаць кітайскі юань.
Аб гэтым паведамляюць расейскія СМІ, спасылаючыся на экспэртаў, піша Диалог.UA.
Ёсць вельмі высокія рызыкі таго, што банкі Кітая адмовяцца ад супрацоўніцтва з Масбіржай і Нацыянальным клірынгавым цэнтрам РФ, якія патрапілі пад санкцыі Захаду. Калі гэта адбудзецца, расейцам давядзецца спыняць таргі юанем.
Сяргей Раманчук, былы прэзідэнт грамадскай арганізацыі ACI Russia, якая аб'ядноўвае прафесійных удзельнікаў валютнага і грашовага рынку РФ, вельмі песімістычна настроены.
"Хутчэй, не, чым так", – адказаў ён на пытанне, ці працягнуць кітайскія банкі супрацоўніцтва з РФ. Экспэрт інвестыцыйнай расейскай кампаніі "Рыкам-Траст" таксама заявіў аб высокай імавернасці спынення таргоў юанем.
Адзначым, што "дочкі" буйных банкаў Кітая ў РФ, рэагуючы на санкцыі, ужо спынілі разлікі ў далярах і еўрах. Гэта стала цяжкім ударам па тавараабароце паміж Масквой і Пекінам.
Варта ўдакладніць, што санкцыі супраць Масбіржы прывялі да вострага дэфіцыту ў РФ юаняў. 13 чэрвеня расейскія банкі, пазбавіўшыся магчымасці закупляць даляры і еўра, запыталі ў Цэнтрабанка рэкордны аб'ём крэдытаў у юанях - звыш 14 млрд (каля 174 млрд рублёў).
Да такіх мер гульцы звярнуліся, каб мець магчымасць вывесці сродкі на рахункі кітайскіх банкаў. ЦБ быў змушаны ўводзіць ліміты ў аперацыях.